Беларуская Служба

«На жаль, у эмігранцкім асяроддзі не так шмат людзей, якія прыкладалі б намаганні для навучання дзяцей па-беларуску»

18.03.2025 06:16
Лічу, што гранты — не найлепшае выйсце для захавання і развіцця беларускай мовы, паколькі беларусы павінны самі ахвяраваць на падтрымку сваёй мовы, — лічыць кіраўніца Беластоцкай філіі ТБМ спадарыня Вольга.
Аўдыё
БеластокБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Мэты ТБМ застаюцца тымі ж, што і былі ў Беларусі

У чэрвені 2023 года беларускімі ўцекачамі ў Польшчы была зарэгістравана грамадская арганізацыя «Таварыства беларускай мовы». У Беларусі, як вядома, улады скасавалі яе існаванне. Спадарыня Вольга, як былая настаўніца і псіхолаг у Беларусі марыла аб сяброўстве ў ТБМ, але толькі ў Польшчы ажыццявіла яе, стала сябрам новай арганізацыі і цяпер узначальвае аддзяленне ТБМ у Беластоку.

Паводле суразмоўцы, мэты існавання ТБМ у Польшчы застаюцца такімі ж, як былі ў Беларусі: развіццё і пашырэнне ўжывання беларускай мовы і культуры. Арганізацыя ўжо мае свае аддзяленні ў такіх гарадах, як Лодзь, Варшава, Беласток, Вроцлаў, Шчэцін.

— Пакуль што арганізацыя нешматлікая, і трэба сказаць, што яе даволі складана маштабаваць. Як вядома, яе дзейнасць забароненая ў Беларусі, а таму сяброўства ў ёй тут можа лічыцца непажаданым для тых беларусаў, хто яшчэ ездзіць у Беларусь. Акрамя таго, згодна з польскім заканадаўствам, сябры арганізацыі павінны падаваць свае асабістыя дадзеныя, і многія людзі напэўна не хочуць гэтага рабіць. Да таго ж, сябры арганізацыі абавязаны штомесяц плаціць складкі. Яны невялікія — 20 злотых на месяц, але для многіх, хто яшчэ мае нестабільныя даходы, гэтыя складкі могуць быць адчувальнымі.

Мова стала своеасаблівым знакам

Спадарыня Вольга адзначае, што ва ўмовах эміграцыі ТБМ надае значную ўвагу захаванню роднай мовы, каб дзеці, якія апынуліся тут разам з бацькамі, не толькі чулі яе, але і маглі вывучаць.

З аднаго боку, паводле яе, стаўленне беларусаў да беларускай мовы пасля падзей 2020 года змянілася ў лепшы бок, а з іншага — актыўнымі ў гэтым пытанні ў эміграцыі пераважна застаюцца тыя, хто цікавіўся мовай яшчэ ў Беларусі. Кола такіх людзей пашыраецца даволі павольна.

— Я найперш бачу зрухі ў тым, што мова стала своеасаблівым знакам. Грамадства раней ці пазней прыме сваю мову, і гэта паказаў 2020 год. Для тых людзей, хто застаўся ў Беларусі, ужыванне нават некалькіх слоў становіцца знакам: «свой» — «чужы». Калі нехта скажа «дзякуй» і пачуе ў адказ «калі ласка», то зразумела, што мова з'яўляецца своеасаблівым паролем.

Тут можна шмат зрабіць для вывучэння мовы. Галоўнае — наша жаданне

У эміграцыі спадарыня Вольга назірае розныя тэндэнцыі.

— На жаль, у эмігранцкім асяроддзі не так шмат людзей, якія прыкладалі б намаганні для навучання дзяцей па-беларуску ці вывучэння беларускай мовы. Насамрэч гэта можна было б зрабіць, каб былі ахвотныя. Два гады таму, калі мы пісалі заявы на дазвол вывучэння беларускай мовы дзецьмі, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы іх было каля 56, а зараз нават столькі няма. У эміграцыі расійскамоўныя сем'і арыентуюцца на вывучэнне польскай мовы і яшчэ адной замежнай, каб пазбегнуць блытаніны з мовамі. У беларускамоўных сем'ях, як правіла, дзеці вывучаюць польскую, беларускую і замежную мову ў залежнасці ад школы. Але дадам, што калі дзеці ведаюць беларускую мову, ім лягчэй даецца польская, паколькі мае шмат агульных слоў і канструкцый.

Беларусы павінны самі падтрымліваць сваю мову

Што датычыцца дзейнасці ТБМ у чужой краіне, то, паводле спадарыні Вольгі, нейкіх абмежаванняў з боку польскай дзяржавы яны не адчуваюць. Ёсць месца для сустрэч і правядзення мерапрыемстваў.

— Добра, што мы тут існуем. У Беларусі, наколькі мне вядома, закрыты ўсе школы з польскай мовай навучання, улады складаюць спісы тых дзяцей, якія спрабуюць навучацца польскай мове. А мы тут існуем, можам развівацца і нават можам падавацца на гранты пры жаданні. Праўда, асабіста я лічу, што гранты — гэта не найлепшае выйсце, бо беларусы павінны самі падтрымліваць сваю мову. Магчыма, існуюць фонды, якія падтрымліваюць нацыянальныя меншасці, імі можна скарыстацца, але найперш важна разлічваць на самафінансаванне, каб заставацца незалежнымі.

Няма перспектывы, бо няма беларускай нацыянальнай дзяржавы

Спадарыня Вольга распавядае, што ў іх арганізацыі няма грамадзян Польшчы, нават з тых, хто лічыць сябе беларусам, але нарадзіўся ў Польшчы. Тым не менш, з многімі арганізацыямі беларускіх аўтахтонаў і проста з польскімі арганізацыямі падтрымліваюць добрыя стасункі і ладзяць сумесныя мерапрыемствы.

Яна неаднаразова бывала ў вёсках на Беласточчыне, дзе людзі размаўляюць па-беларуску, і гэта, паводле яе, вельмі цёпла і прыемна. Як яна ацэньвае намаганні мясцовых беларусаў, якія маюць польскае грамадзянства, у захаванні беларускай культуры, традыцый і мовы?

— У прынцыпе, у нас аднолькавая сітуацыя. Калі я прыехала сюды, адразу гэта адчула. Тут беларусы ў польскім асяроддзі існуюць, а мы там у расійскім існавалі. І праблемы ў нас вельмі падобныя. Няма навучання па-беларуску. Ды і навошта яно, калі стаіць мур на мяжы, няма беларускай нацыянальнай дзяржавы, культурніцкага абмену. Аднак у Польшчы ёсць больш свабоды, а значыць, і больш магчымасцяў.

Спадарыня Вольга лічыць, што вывучэнне, захаванне і пашырэнне беларускай мовы залежыць ад кожнага беларуса. Яе немагчыма навязаць, чалавек сам павінен разумець яе каштоўнасць. А іх арганізацыя будзе заўсёды гэтаму спрыяць, але без прымусу, а толькі зацікаўліваючы людзей.

 

Павел ЗАЛЕСКІ

Ілюстрацыйнае фота