Беларуская Служба

Выкладчыца UW Вольга Трацяк: Беларусістыка — гэта ўнікальныя веды і навыкі на рынку працы

11.04.2025 06:01
Вольга Трацяк, кандыдат філалагічных навук і супрацоўніца Варшаўскага ўніверсітэта Кафедры беларусістыкі расказвае пра магчымасці для вучобы і кар'еры.
Аўдыё
  • «Кірунак вывучэння беларусістыкі гэта вельмі нішавая, рэдкая з'ява, якая ў працадаўцаў таксама выклікае зацікаўленне. Калі вы спецыяліст такога вузкага профілю, то мне здаецца, што вашыя шанцы ўзрастаюць на тое, каб знайсці цікавую прафесію».
           .
Вольга Трацяк — кандыдат філалагічных навук і супрацоўніца Варшаўскага ўніверсітэта Кафедры беларусістыкі.facebook.com/bialorutenistyka

У Варшаўскім універсітэце амаль семдзесят гадоў працуе Кафедра беларусістыкі. За гэты час былі падрыхтаваныя спецыялісты, якія звязалі сваё жыццё з Беларуссю або з беларускімі справамі. Найбольш вядомыя з гэтых людзей — прафесар Ніна Баршчэўская, якая шмат зрабіла як навуковец, а таксама паспрыяла адкрыццю Беларускай рэдакцыі Польскага радыё. Яшчэ адна вядомая асоба — гэта спадарыня Эльжбета Смулкова, прафесар, і яна, дарэчы, была першай амбасадаркай Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь у 1990-ыя гады.

— Шмат вядомых, славутых людзей, ці можаце распавесці, з якім багажом Кафедра сустракае свой юбілей? 70 гадоў — сур'ёзная лічба.

— Сур'ёзная лічба і значны багаж, і адказнасць, якая стаіць перад намі, маладымі навукоўцамі, вы пералічылі адных з самых вядомых прафесараў нашай кафедры. Трэба дадаць таксама прафесара Аляксандра Баршчэўскага, прафесара Мікалая Хаўстовіча, прафесара Мікалая Цімашука і шмат іншых кандыдатаў філалагічных навук, якія спрыялі развіццю кафедры беларусістыкі і таксама папулярызацыі Кафедры беларусістыкі на сусветнай арэне мовазнаўства і літаратуразнаўства.

Наша адзінка займае пачэснае месца сярод навукоўцаў, і напрацовак, якія былі зробленыя ў галінах развіцця мовазнаўства і літаратуразнаўства. На кафедры ў нас, напрыклад, быў складзены беларуска-польскі слоўнік, які з'яўляецца адной з аб'ёмных лексікаграфічных распрацовак. На жаль, ён ужо недаступны ў продажы, але спадзяемся, што будзе дадрукаванае гэтае выданне, можна азнаёміцца на старонцы нашай кафедры з выданнямі, якія былі апублікаваныя нашымі прафесарамі.

— Ці прыходзяць да вас вучыцца мігранты-беларусы з новай хвалі? Ці цікавяцца людзі вывучэннем беларускай мовы або ўдасканальваннем сваіх ведаў?

— Тры гады таму да нас прыйшлі студэнты і ўтварылася група, якая складалася толькі з беларусаў, з беларусаў, якія прыехалі са сваімі бацькамі.  І для нашых выкладчыкаў гэта было свайго роду выклікам, паколькі нашая праграма ўсё ж такі прыстасаваная да студэнтаў палякаў, да тых, якія ніколі не вывучалі кірыліцу і ніколі не мелі дачынення з беларускай мовай, бо першая ступень навучання адбываецца менавіта ад нуля. А тут прыйшлі беларусы, якія ў школе вучылі беларускую мову, і для нас гэта быў такі новы выклік, усе нашы праграмы навучання мы павінны былі перагледзець. 

Але я часта сутыкаюцся з тым, што людзі не ведаюць, што ўвогуле ёсць Кафедра беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце. Мы, да слова, любім гасцей і прымаем іх ветліва, таму, калі хтосьці хацеў бы наведаць Кафедру беларусістыкі, то запрашаем — факультэт знаходзіцца недалёка ад ракі Вісла (раён Варшавы Powiśle) на вуліцы Dobra, 55. Можам таксама правесці міні-экскурсію, каб вы даведаліся, у якіх умовах навучаюцца сучасныя студэнты, наш будынак — адзін з найноўшых будынкаў Варшаўскага ўніверсітэта. 

— Ці прыходзяць палякі вучыцца? Пра беларусаў сказалі, што хваля міграцыі прынесла студэнтаў, а палякаў цікавіць беларуская мова?

— Уся гісторыя кафедры, можна сказаць, была звязана са студэнтамі палякамі. Нават, калі прыходзілі этнічныя беларусы, але гэта ўсё ж людзі, якія нарадзіліся ў Польшчы. І так, калі я прыйшла вучыцца, напрыклад,  то на першым курсе ў нас было 47 чалавек, і сярод іх толькі я адна была беларускаю. Рэшта былі палякі або палякі з Падляшша, з этнічнай беларускай меншасці.

— А чым яны тлумачылі свой выбар? Усё ж беларуская мова не англійская, якая стала ўніверсальнай ва ўсім свеце і ва ўсіх сферах.

— Вы ведаеце, цікава назіраць, хто кандыдат на наш кірунак. Найперш прыходзяць асобы, якія зацікаўленыя ў  вывучэнні моў. Часта гэта людзі, кія ўжо ведаюць тры-чатыры іншыя мовы. 

А з іншага боку, вучыцца ідуць людзі, якія шукаюць свае карані, напрыклад, іх бабуля, дзядуля — беларусы. А ёсць асобы, якія прыйшлі за сэрцам, то бок закахаліся ў беларусак, у беларусаў. Ну і, канешне, гэта этнічныя беларусы з Падляшша.

— Ці ўвогуле папулярна сёння быць навукоўцам, асабліва навукоўцам, даследчыкам у сферы лінгвістыкі?

— Ці модна быць навукоўцам? Тут мне цяжка адказаць.

Але можна сказаць, што кірунак вывучэння беларусістыкі гэта вельмі нішавая, рэдкая з'ява, якая ў працадаўцаў таксама выклікае зацікаўленне. Калі вы спецыяліст такога вузкага профілю, то мне здаецца, што вашыя шанцы ўзрастаюць на тое, каб знайсці цікавую прафесію.

Гэта я кажу не на пустым месцы, у мяне ёсць прыклады нашых выпускнікоў. Адзін з такіх прыкладаў — гісторыя выпускніца нашай кафедры, якая пасля напісала кандыдацкую ў іншай краіне, вярнулася ў Польшчу і працавала ў фірме, якая распрацоўвае штучны інтэлект. Яна выйграла конкурс сярод шматлікіх моцных кандыдатаў толькі таму, што яна была выпускніцай кафедры беларусістыкі.

Бо, калі хтосьці з'яўляецца беларусістам, ён не толькі ведае мову, але і культуру гэтага рэгіёну, ведае культуру ўсходніх славян, гістарычныя сувязі, кантакты. Я думаю, што гэта таксама з'яўляецца сёння ўнікальным. Нікога не здзівіш валоданнем англійскай ці нямецкай мовай, але здзівіш валоданнем беларускай мовы, арыентацыяй у культуры. 

Радаслаў Калета: Я авалодаў беларускай мовай за дзевяць месяцаў

—  12-га красавіка плануецца дзень адчыненых дзвярэй на кафедры. Што чакае тых, хто прыйдзе ў гэты дзень на Кафедру?

— 12-га красавіка — дзень адчыненых дзвярэй Варшаўскага ўніверсітэта. Не толькі кафедры беларусістыкі. Будуць удзельнічаць усе факультэты, усе кірункі, якія існуюць і працуюць у Варшаўскім універсітэце. Усё гэтае мерапрыемства будзе адбывацца на галоўным кампусе Варшаўскага ўніверсітэта на вуліцы Кракаўскае Прадмесце, 26/28. Сардэчна ўсіх запрашаем!

З 10-й да 16-й гадзіны можна прыйсці і пазнаёміцца са студэнтамі і выкладчыкамі кафедры беларусістыкі, паразмаўляць асабіста, даведацца наконт прыёмнай камісіі, наконт момантаў, хто можа паступіць, як гэта зрабіць. Мы будзем адказваць на ўсе вашы пытанні,  або проста можна прыйсці і з намі пазнаёміцца.

— Якія спецыяльнасці прапануе Кафедра беларусістыкі?

— Кафедра беларусістыкі прапануе спецыяльнасць «беларуская філалогія з вывучэннем англійскай мовы».

Мы рыхтуем спецыялістаў мовазнаўцаў або літаратуразнаўцаў, і ў гэтай спецыялізацыі абараняецца дыплом-бакалаўрыят або пасля ўжо магістарская работа. Гэта дастаткова шырокі профіль. Асобы пасля такой адукацыі могуць працаваць у розных установах, пачынаючы ад міністэрстваў рознага тыпу, устаноў адукацыі, усіх арганізацый і ўстаноў, якія супрацоўнічаюць з Беларуссю.

Бо, нягледзячы на тое, у якой геапалітычнай сітуацыі сёння мы знаходзімся, Беларусь з'яўляецца найбліжэйшым суседам Польшчы. І тут хочаш-не хочаш, супрацоўніцтва вядзецца на розных узроўнях. 

Наш кірунак дае шырокія магчымасці, гэта не толькі настаўнік у школе, ці выкладчык ва ўніверсітэце, ці толькі навуковы супрацоўнік, фактычна можна сабе знайсці працу ў сродках масавай інфармацыі, НДА. 

Як паступіць?

— Распавядзіце пра дэталі, як чалавеку, які хоча пайсці да вас вучыцца, паступіць на Кафедру беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта на першую ступень або, напрыклад, працягнуць ужо навучанне і пайсці ў магістратуру?

— Мы сардэчна запрашаем на кірунак «Філалогія беларуская з вывучэннем англійскай мовы». Вы можаце паступіць на трохгадовае навучанне і скончыць першую ступень бакалаўра,  5-га чэрвеня пачынаецца рэгістрацыя.

Каб прайсці прыёмную камісію, трэба спачатку зарэгістравацца на адмысловым сайце Варшаўскага ўніверсітэта —  irk.uw.edu.pl. Там вышукваецца наш кірунак,  ад 5-га чэрвеня да 9-га ліпеня будзе ісці рэгістрацыя.

16-га ліпеня для асоб, якія не маюць сертыфіката аб веданні польскай мовы, адбываецца сумоўе. Так што, калі ў кагосьці няма пацверджання, што ён валодае польскай мовай на ўзроўні B2, можна прыступіць да такога вуснага экзамену, які праводзяць нашы выкладчыкі. І 22-га ліпеня будуць абвешчаныя вынікі, хто можа падаваць дакументы.

Калі вы хочаце паступіць на магістарскую ступень, таксама рэгістрацыя пачынаецца 5-га чэрвеня і скончыцца 9-га ліпеня. Для паступлення ў магістратуру трэба прайсці ўступныя экзамены. Абавязковы экзамен з беларускай мовы на ўзроўні C1, які вы здаяце ў пісьмовай форме на адмысловай інтэрнэт-платформе,  гэты экзамен запланаваны на 17-га ліпеня. Акрамя гэтага, ёсць экзамен па англійскай мове, каб пацвердзіць свой узровень англійскай мовы, калі хтосьці не мае сертыфіката або адзнакі ў сваім дыпломе,калі няма сертыфіката, які пацвярджае валоданне польскай мовай, вы можаце прайсці да сумоўя.

Абвяшчэнне вынікаў аб прыёме ў магістратуру адбываецца таксама 22-га ліпеня.

Можаце пісаць да нас на кафедру, калі ёсць дадатковыя пытанні.

Вельмі важны момант для тых, хто не мае сертыфікатаў аб веданні моў, у нас ёсць магчымасць здаць сумоўі па гэтых прадметах! 

— Таксама варта адзначыць, што для людзей, якія атрымалі ў Польшчы статус дадатковай або міжнароднай абароны, навучанне ў Варшаўскім універсітэце бясплатнае, калі яны пройдуць  конкурсныя адборы.

—  Хацела б яшчэ дадаць, што ў нас няма ўзроставых абмежаванняў — кожны можа быць нашым студэнтам.

— Так, цяпер часта гавораць пра антыэйджызм, разам з тым у многіх адукацыйных праграмах ёсць абмежаванні па ўзросце кандыдатаў, напрыклад, 35 год.

Варшаўскі ўніверсітэт гэта не толькі падрыхтоўка спецыялістаў па прафесіі, але таксама даследчая, навуковая дзейнасць. На чым факусуюцца, напрыклад, цяпер вашы студэнты або выпускнікі, калі працягваюць далей вучобу, ёсць трэнды ў навуцы?

— Пра трэнды цяжка адказаць, бо гэта ўжо суб'ектыўныя зацікаўленні нашых выпускнікоў. У нас ёсць дактаранты, якія далей працягваюць навучанне ў доктарскіх школах, займаюцца літаратурай, мовамі. Але гэта іх асабістыя зацікаўленні.

Сітуацыя спаленых мастоў

— Паводле вашых назіранняў, ці больш увагі цяпер надаецца працэсам, якія адбываюцца ў Беларусі, я маю на ўвазе, культуру, літаратуру, мову, або беларускаму культурнаму, моўнаму працэсу ў эміграцыі?

— На жаль, нашая сённяшняя палітычная сітуацыя перапыніла сувязі, якія былі наладжаныя яшчэ да 2020-га года — перапыніла студэнцкі абмен, лёгкасць падарожжаў і ўдзелу ў навуковых канферэнцыях, якія ладзіліся або ў Варшаве, або ў Мінску, або ў іншых беларускіх гарадах.

І мы адчуваем фактычна, што ўтварылася пустое месца... І мне здаецца, што ў Польшчы навукоўцы канцэнтруюцца на тым, што адбываецца тут, унутры краіны, канцэнтруюцца на культурных, выдавецкіх падзеях. Больш гэта аналізуецца, чым тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. 

Сітуацыя спаленых мастоў на сённяшні дзень, але спадзяюся, што гэтыя масты адбудуюцца хутка.

— У Кафедры ёсць магчымасць праводзіць сертыфікацыю ведаў беларускай мовы. Што гэта значыць?

— Па-першае, кафедра беларусістыкі ўвогуле ёсць феноменам, бо мы адзіная кафедра па-за межамі Беларусі ў свеце, і як адзіная кафедра даем магчымасць атрымаць сертыфікат, які пацвярджае ўзровень валодання беларускай мовай на ўзроўні B1 і B2 паводле стандартаў Еўрапейскай камісіі.

Таму, калі некаму будзе патрэбны сертыфікат ведання беларускай мовы, то кожны чэрвень аб'яўляем такі экзамен, яго можа здаць любы чалавек.

Экзамен праходзіць ў два этапы. Гэта пісьмовы тэст, з узорамі такіх тэстаў можна пазнаёміцца на старонцы Варшаўскага ўніверсітэта. Другі этап, калі пісьмовая частка будзе залічана, — вусная частка.

Такі сертыфікат можа паўплываць, напрыклад, на вышыню аплаты на працы, паколькі гэта дадатковыя веды. Можна і самога сябе праверыць — на якім узроўні мы валодаем беларускай мовай.

Канферэнцыя дактарантаў і студэнтаў на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Канферэнцыя дактарантаў і студэнтаў на Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. @facebook.com/bialorutenistyka

— У канферэнцыях па беларусістыцы ўдзельнічаюць людзі з розных краін. Гэта часам нават здзіўляе, бо беларусы нярэдка думаюць, што яны нікому не цікавыя, маўляў, што тут вывучаць?

— Для навукоўцаў зацікаўленасць у Беларусі дае ім магчымасць быць нешматлікімі экспертамі, якія займаюцца менавіта гэтай галіной, гэтым кірункам даследаванняў. Калі паглядзець на мапу свету, то беларусісты ёсць шмат дзе, у розных краінах, і ў Злучаных Штатах, і ў Германіі, у славянскіх еўрапейскіх краінах.

Пэўна, гэта ўплывае і падтрымлівае развіццё культуры, беларускай мовы. Гэта стварае пэўную рэкламу беларускай мове і літаратуры, бо не толькі беларусы і палякі займаюцца гэтай галіной, — ёсць даследчыкі ў розных прэстыжных універсітэтах.

Заклікаем усіх далучацца да працы кафедры, цікавіцца, што там адбываецца, і ўвогуле паглядзець на беларускую мову ў разрэзе ўнікальнасці, а не распаўсюджанасці і ведаў, якія даступныя ўсім.

Я б толькі яшчэ дадала, што мы сардэчна запрашаем на інтэрнэт-старонку Кафедры беларусістыкі, можна нас шукаць на старонках сацыяльных сетак — у Facebook, у Instagram — і назіраць за тым, што адбываецца на кафедры.

вх