Беларуская Служба

Ажно 4 тыс. еўра могуць зарабіць у Польшчы інфарматыкі пасля ВНУ

10.07.2019 08:12
Найбольшыя грошы чакаюць выпускнікоў тэхнічных і інфарматычных вышэйшых школ: яны могуць разлічваць на заробак нават у памеры 16 тыс. злотых (каля 4 тыс. еўра). 
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjne shutterstock

Dziennika Gazeta Prawna паведамляе пра зарплаты, якія могуць атрымаць маладыя людзі ў Польшчы адразу ж пасля заканчэння вучобы ў ВНУ. Выданне спасылаецца на вынікі даследавання, праведзенага ў галіне вышэйшай адукацыі, якое ахапілі выпускнікоў польскіх ВНУ, што закончылі вучобу ў 2017 годзе.

Найбольшыя грошы чакаюць выпускнікоў тэхнічных і інфарматычных вышэйшых школ: яны могуць разлічваць на заробак нават у памеры 16 тыс. злотых (каля 4 тыс. еўра). Такую суму, для прыкладу, можа атрымаць аналітык-праграміст з працоўнай практыкай, якую ён набыў, працуючы падчас вучобы, пасля заканчэньня прэстыжнага Ягелонскага ўніверсітэту. Малады чалавек без працоўнага досведу з дыпломам інфарматыка Варшаўскага ўніверсітэту атрымае 7 тыс. 800 злотых (1 тыс. 830 еўра). Увогуле, прафесія праграміста альбо інфарматыка – самая хадавая і высокааплатная ў Польшчы, бо заробак у памеры 10 тыс. злотых (каля 2 тыс. 500 еўра) не з’яўляецца ў гэтай галіне рэдкасцю.

У сваю чаргу выпускнік політэхнічнай ВНУ на пачатку сваёй кар’ера можа атрымаць заробак у памеры 3 тыс. 140 злотых (больш за 730 еўра), а дакладных навук – 2 тыс. 875 (больш за 670 еўра).

Калі казаць пра медыцынскія ВНУ, то пасля заканчэння ўніверсітэту найбольшыя заробкі ў фармацэўтаў, медсёстраў і парамедыкаў, якіх у Польшчы называюць медыцынскімі ратавальнікамі. А вось лекары займаюць далейшыя месцы. І так, малады ўрач можа атрымаць зарплату ў памеры каля 2 тыс. 900 злотых (680 еўра).

Найменшыя ж заробкі ў выпускнікоў мастацкіх вышэйшых школ: тут сярэдняя зарплата рэдка перавышае ўзровень 2 тыс. 500 злотых (580 еўра). Зарплаты прыводзяцца без выліку падаткаў ды страхавых узносаў, якія ў Польшчы сягаюць нават 30%.

Паводле даследавання, найдаўжэй пасля атрымання вышэйшай адукацыі працу шукалі выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ, факультэтаў лясной гаспадаркі і ветэрынарыі – прыкладна 6 месяцаў. Выданне публікуе актуальна найбольш хадавыя прафесійныя галіны ў Польшчы: гэта інфарматыка, мехатроніка, электратэхніка ды тэлекамунікацыя, паведамляе Dziennika Gazeta Prawna.

вс