Беларуская Служба

Шарамета няма тры гады –таямніца яго забойства засталася

25.07.2019 17:37
Сям'я і калегі Паўла Шарамета спадзяюцца, што пытанне забойства журналіста возме пад асабісты кантроль Уладзімір Зяленскі.
Пахаванне Паўла Шарамета ў МінскуPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Да сёння не вядома, хто забіў Паўла Шарамета – прайшло тры гады ад смерці вядомага журналіста. Пакаранне заказчыкаў і выканаўцаў забойства зʼяўляецца сурʼёзным выклікам для новых уладаў Украіны, чытаем на старонцы газеты Rzeczpospolita.

Шарамет нарадзіўся ў Мінску. У 1996 годзе стаў наймалодшым у Беларусі галоўным рэдактарам, узначаліўшы ў 25 гадоў адну з мясцовых газет. У Мінску яго таксама пахавалі.

Шарамет, бадай, адзіны журналіст, які зрабіў кар’еру ў Расеі, Беларусі і ва Украіне. Тры гады пасля яго смерці вядома толькі, што забойцы паходзяць з адной з гэтых краін.

- Чаму падпальшчыкаў крамы Roshen знайшлі за чатыры гадзіны, а падпальшчыкаў складоў зброі і тых, што падклаў бомбу ў машыну Шарамета, не могуць знайсці да сёння? – пытаў у свайго суперніка падчас дэбатаў перад прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне Уладзімір Зяленскі.

Зараз родныя і калегі Шарамета чакаюць, што гэтым пытаннем зоймецца новы прэзідэнт.

На працягу трох гадоў украінскі МУС казаў, што сабраў мноства інфармацыі, дапытаў сотні імаверных сведкаў. І што? Да сёння ніхто афіцыйна не назваў прозвішчы падазраваных, нягледзячы на тое, што яны трапілі на камеры відэаназірання. Запіс амаль адразу трапіў у СМІ. На стужцы бачна, што выбухоўку падклала жанчына, а яе суправаджаў мужчына. Абое – у спартыўных касцюмах.

З самага пачатку зʼявіліся меркаванні, што сляды вядуць у Расіею і што мэта забойства Шарамета – дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне.

яс