Беларуская Служба

Сёння распачаліся галоўныя ўрачыстасці з нагоды 75 гадавіны Варшаўскага паўстання

29.07.2019 13:52
Гэта была найбуйнейшая збройная акцыя падполля ў акупаванай немцамі Еўропе.
Аўдыё
  .
Урачыстасці на Жалібажы. PAP/Wojciech Olkuśnik

1 жніўня 1944 году да паўстання далучыліся каля 40-50 тысяч паўстанцаў. Запланаванае на некалькі дзён паўстанне доўжылася больш за два месяцы.

У часе змаганняў за Варшаву загінулі каля 18 тысяч паўстанцаў, а 25 тысяч былі параненыя. Страты сярод мірных жыхароў былі велізарныя і склалі каля 180 тысяч забітых. Астатніх жывых жыхароў Варшавы, каля 500 тысяч, выгналі з гораду, які пасля паўстання амаль цалкам быў спалены і разбураны. 


Варшаўскі Жалібаж. Варшаўскі Жалібаж.

Перад поўднем каля памятнага каменя ў гонар жаўнераў атраду «Żywiciel» на варшаўскім Жалібажы прайшла малітва за паўстанцаў, якія змагаліся ў гэтым мікрараёне. У гэтым месцы 1 жніўня 1944 году яшчэ да 17 гадзіны (афіцыйная гадзіна пачатку паўстання) прагучалі першыя стрэлы. У гэты дзень каля 13.30 на вуліцы Красіньскага жаўнеры АК, якія пераносілі зброю ў месца размяшчэння аднаго з атрадаў, наткнуліся на нямецкі патруль. Немцы сцягнулі дапамогу з цэнтру гораду, а да баёў далучыліся чарговыя паўстанчыя атрады.

Камандзір у атрадзе «Żmija» Арміі Краёвай Вацлаў Глют-Нававейскі, які ўдзельнічаў ва ўрачыстасці, не хаваў эмоцый, якія выклікалі ўспаміны тых часоў:

- Я добра памятаю трывожнасць, як паспець перад пятай. Здзіўленне на з’яўленне некалькіх хлопцаў. Такімі мізэрнымі сіламі ў вайне мы не пераможам. Асабліва, калі блізу прагучалі нечаканыя стрэлы з кулямёту, выбух гранаты і крыкі людзей.

Гэта ўжо традыцыя, што гэты варшаўскі раён распачынае афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды пачатку Варшаўскага паўстання – гаворыць дырэктар музея паўстання Ян Алдакоўскі:

- Першыя баі распачаліся перад гадзінай «W» (17.00 – 1 жніўня 1944 году). У сувязі з гэтым Жалібаж заўсёды пачынае.


Старшыня арганізацыйнага камітэту кампаніі "ЁнГерой" Агнешка Лесюк-Краеўска і ўдзельніца паўстання Ханна Стаднік. Старшыня арганізацыйнага камітэту кампаніі "ЁнГерой" Агнешка Лесюк-Краеўска і ўдзельніца паўстання Ханна Стаднік.

Таксама сёння распачалася шматгадовая акцыя «BohaterON» (ЁнГерой), дзякуючы якой кожны можа выслаць электронную паштоўку варшаўскім паўстанцам. Віцэ-старшыня Сусветнага саюзу жаўнераў Арміі Краёвай Ханна Стаднік сказала, што гэта цудоўная акцыя, якая неабыякавая ўсім палякам. Яна адзначыла, што акцыя мае вялікае значэнне для паўстанцаў:

- Я атрымліваю паштоўкі ўжо тры гады. Пачаткова іх было каля 100, цяпер 400. Для мяне самымі важнымі з’яўляюцца паштоўкі, якія высылаюць дзеці з малых мястэчак і вёсак. Я заўсёды прашу, каб яны пісалі свой нумар тэлефону. Я стараюся пазваніць і паразмаўляць з гэтымі дзецьмі, ці бацькамі. Гэта сапраўды цудоўная акцыя. Я думаю, памяць пра нас застанецца, мы б гэтага вельмі хацелі.
Акцыя «BohaterON» праходзіць чацвёрты раз. Да гэтага часу паўстанцы атрымалі больш за паўмільёна паштовак і лістоў.

У рамках святкавання 75-й гадавіны пачатку Варшаўскага паўстання сёння ветэраны сустрэліся з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім. У Музеі Варшаўскага паўстання распачаўся штогадовы гарцэрскі злёт.

У нядзелю варшаўскія паўстанцы і варшавяне ўдзельнічалі ў святой Імшы ў Парку свабоды каля Музея Варшаўскага паўстання. Біскуп Міхал Яноха казаў у гаміліі аб тым, чым з’яўляецца Польшча і за якую Польшчу змагаліся паўстанцы ў 1944 годзе. Як заўважыў святар, «варшавяне біліся за Польшчу, моцную ў сваёй разнастайнасці, а не Польшчу слабую і падзеленую»:

- Яны не паміралі за чырвоную Польшчу, якая прыйшла пасля паўстання. Яны не змагаліся за белую Польшчу, якая з паднятымі рукамі будзе кланяцца мацнейшым за яе імперыям, топчучы сваю годнасць. Думаю, яны таксама не змагаліся за вясёлкавую Польшчу, якую шчыра абараняюць многія людзі, але якая спрабуе знішчыць антрапалагічныя фундаменты, на якіх мы стагоддзямі будуем нашую культуру. Таксама яны не змагаліся за Польшчу, якая злоўжывае бела-чырвоныя колеры і прыніжае тых, хто інакш думае.

Святая імша ў Парку свабоды была часткай афіцыйных урачыстасцяў з нагоды 75-й гадавіны Варшаўскага паўстання.


. 

Інстытут нацыянальнай памяці адмыслова падрыхтаваў першую, цалкам каляровую фотавыставу прысвечаную Варшаўскаму паўстанню – расказвае Артур Календа з Бюро нацыянальнай адукацыі, на старонцы якога можна паглядзець выставу «Варшаўскае паўстанне – 1944»:

- Гэта здымкі з Нацыянальнага лічбавага архіву, Музея Варшаўскага паўстання і нямецкіх архіваў. Здымкі лічбава размаляваныя. Таму гэта першая выстава, прысвечаная Варшаўскаму паўстанню, цалкам каляровая.

Афіцыйнай датай пачатку Варшаўскага паўстання з’яўляецца 1 жніўня, 17.00, якую палякі называюць гадзінай «W». Роўна а 17.00 у горадзе пачынаюць выць сірэны, а аўтамабільны і пешы рух на хвіліну спыняюцца, каб ушанаваць памяць паўстанцаў.


ав