Беларуская Служба

У Польшчы ад астэапарозу пакутуе амаль 3 млн. людзей, а 8 мільёнаў знаходзіцца ў групе рызыкі

24.09.2019 09:15
Лечыцца толькі каля 10% пацыентаў, у якіх ужо пастаўлены дыягназ хваробы.
Аўдыё
  • 2,7 млн. людзей пакутуе ў Польшчы ад астэапарозу
Ілюстрацыйны здымакMinerva Studio/shutterstock.com

Паводле падлікаў спецыялістаў, ад астэапарозу пакутуе каля 200 млн. людзей на ўсім свеце. Раз у кожныя тры секунды хтосьці ломіць косць, аслабленую дадзеным захворваннем. Тым не менш, польскія медыкі мяркуюць, што сістэма аховы здароўя іх дзяржавы замала цікавіцца гэтай праблемай.

Насельніцтва ў абсалютнай большасці краін Еўропы імкліва старэе. Адпаведна, у пажылых людзей развіваюцца захворванні, пра якія ў маладым грамадстве раней гаварылася менш. Адным з такіх захворванняў, якое дактары называюць «маўклівым злодзеем», з’яўляецца астэапароз. Хвароба развіваецца паступова. На пачатковай стадыі яна не дае выразных сімптомаў, але з цягам часу дае пра сабе знаць – напрыклад, нечаканым пераломам косці. Чалавек падае на слізкай дарозе, удараецца аб нешта, або нават пад уплывам уласнага цяжару ломіць сабе хрыбет. У здаровай асобы такое не здараецца, але вельмі рэальна ў выпадку астэапарозу. Гэтая хвароба характарызуецца значна паніжанай шчыльнасцю касцей, у якіх становіцца на многа менш кальцыю, чым у здаровых канечнасцях.

У Польшчы астэапарозам хварэе каля 2 млн. 700 тысяч чалавек, а 8 мільёнаў знаходзіцца ў групе рызыкі пераломаў па прычыне астэапарозу. Лечыцца толькі каля 10% пацыентаў, у якіх ужо пастаўлены дыягназ хваробы. Такія лічбы прагучалі надоечы падчас канферэнцыі экспертаў з Нацыянальнага інстытуту герыятрыі і рэўматалогіі.

Прафесар Пётр Глушка падкрэсліў, што не лечаны астэапароз выклікае крохкасць касцей і пераломы. У выніку нярэдка чалавек становіцца інвалідам, яго лячэнне каштуе значна больш, чым прафілактыка, акрамя таго, пераломы істотна павышаюць рызыку заўчаснай смерці. Прафесар дадаў, што неабходныя змены ў сістэме прафілактыкі астэапарозу.

- Сітуацыя такая, што розныя ўрады, кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя ахвотней плацяць за лячэнне паламаных канечнасцяў, ахвотней выдзяляюць пенсію па інваліднасці, ахвотней даюць грошы на рэабілітацыю ды іншыя формы дапамогі тым людзям, якія ўжо нешта сабе зламалі, чым займаюцца прафілактыкай астэапарозу, або лячэннем гэтага захворвання на ранняй стадыі.

Асацыяцыя «Польскія амазонкі. Грамадскі рух» заклікала міністра аховы здароўя змяніць падыход да пацыентаў, якія пакутуюць ад астэапарозу. «Астэапароз можна перадухіліць, ёсць сучасныя лякарствы, якія яго лечаць, але жанчына можа імі скарыстацца толькі тады, калі ў яе ўжо здарыцца пералом», – гаворыць Эльжбета Козік з асацыяцыі.

- Жанчына павінна спачатку паламацца, каб яе пачалі лячыць. Кожнаму чалавеку, які нармальна, сэнсоўна разважае, гэта падаецца абсурдам. Пераломы адбываюцца ў выніку хваробы – астэапарозу, акрамя таго, існуе некалькі фактараў, якія павінны паявіцца, мець месца, каб было распачатае лячэнне. У сваю чаргу мужчыны, нават пасля пераломаў, не атрымліваюць лячэння ў напрамку астэапарозу. І першая, і другая сітуацыі проста недапушчальныя.

У Польшчы працуе толькі 60 паліклінік, якія займаюцца лячэннем і дыягностыкай астэапарозу. Ёсць ваяводствы, дзе няма ніводнай такой медычнай установы. Крохкасць касцей у жанчын як правіла значна паглыбляецца ў постменапаўзальны перыяд. На думку спецыялістаў, у жанчын, якім больш за 45 гадоў, астэапароз адказвае за большую колькасць дзён бальнічнага і прабывання ў шпіталі, чым многія іншыя захворванні, у тым ліку цукровы дыябет і рак грудзей. Першымі прыкметамі, якія могуць сведчыць пра паяўленне хваробы, з’яўляецца боль у касцях і спіне, начныя сутаргі ў нагах, змяншэнне росту на некалькі сантыметраў, змяненне ў выглядзе постаці (нахіленне наперад, гарбатасць, якой не было раней). У такім выпадку абавязкова неабходна звярнуцца да лекара, каб правесці дакладную дыягностыку захворвання. Дзеля гэтага прымяняецца абследаванне, якое называецца дэнсітаметрыя – праверка мінеральнай шчыльнасці касцей. Абследаванне дазваляе выявіць хваробу на ранняй стадыі і пачаць адпаведнае лячэнне. Сур’ёзныя пераломы, як зламанне шыйкі бядра або пазванкоў, могуць прывесці да поўнай інваліднасці, а нават смерці.

У чым заключаецца прафілактыка астэапарозу? Неабходна весці актыўны лад жыцця, займацца гімнастыкай, спажываць прадукты, багатыя кальцыем, абавязкова ўключыць у рацыён вітамін Д, адмовіцца ад курэння цыгарэтаў, піцця вялікай колькасці кавы, алкаголю і газаваных напояў.

ІАР ПР/нг