Беларуская Служба

Запрашаем: Лёндэк-Здруй - найстарэйшы курорт гідратэрапіі ў Польшчы (ФОТА)

27.09.2019 16:17
Тут лячыліся такія вядомыя асобы, як: Гётэ, Кацярына ІІ, цар Аляксандр І, прускія каралі, а нават прэзідэнт ЗША Джон Квінсі Адамс.
Аўдыё
  • Лёндэк-Здруй - найстарэйшы курорт гідратэрапіі ў Польшчы.
-,  .
Лёндку-Здруй, санаторый „Войцех”.Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Сёння я запрашаю ў Лёндэк-Здруй (Lądek -Zdrój) - прыгожа адрэстаўраваны курортны гарадок, размешчаны ў Клодзкай катлавіне (Kotlina Kłodzka), на паўднёвым захадзе Польшчы.

Лёндэк-Здруй – гэта гарадок са шматвяковай традыцыяй. Гарадскія правы ён атрымаў ужо ў XIII стагоддзі ад вроцлаўскага князя Генрыха ІV Пробуса. Лёндэк-Здруй лічыцца найстарэйшым курортам гідратэрапіі ў краіне.


Лёндку-Здруй, санаторый „Войцех”.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй, санаторый „Войцех”. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Курортная частка гарадка ўражвае прыгожымі паркамі, багатай расліннасцю, а таксама цікавымі барочнымі і рэнесансавымі камянічкамі і санаторыямі.

Найстарэйшы санаторый пабудавалі тут у 1498 годзе. Яго называлі „Ежы”. Паводле некаторых крыніцаў, ужо ў 1241 годзе ў гарадку дзейнічалі лячэбныя збудаванні, якія, верагодна, знішчылі манголы, якія вярталіся з бітвы пад Легніцай (Legnica).


Лёндэк-Здруй, крыніца мінеральнай вады.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй, крыніца мінеральнай вады. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

У сярэдзіне XIX стагоддзя Клодзкай катлавінай уладарыла прынцэса Мар'янна Аранская (Marianna Orańska). Яна аказала вялікі ўплыў на развіццё не толькі гарадка, але і ўсяго рэгіёну. Між іншым, гэта па ейнай ініцыятыве была пабудаваная дарога, якая спалучыла горад з Камянцом (Kamieniec) і Зембіцамі (Ziębice), Баляслававам (Bolesławów) і мараўскім Старым Горадам (Starym Mĕstem).

З 1871 году горад знаходзіўся ў межах Германіі. У 1935 годзе немцы, у мэтах рэкламы, памянялі яго назвы на Бад Ляндэк (Bad Landeck).


Лёндэк-Здруй.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Шчасліва падчас Другой сусветнай вайны горад не быў сур’ёзна пашкоджаны. 9 мая 1945 года яго, без баявых дзеянняў, вызваліла Чырвоная армія. Аднак, нямецкая адміністрацыя дзейнічала яшчэ да паловы чэрвеня 1945 года.

Польскія пасяленцы пачалі прыбываць у Лёндэк-Здруй са жніўня 1945 года. Першапачаткова яны жылі сумесна з немцамі. У красавіку і верасні 1946 года прайшла акцыя перасялення нямецкіх жыхароў горада. У тым жа годзе горад быў афіцыйна перайменаваны з Бад Ляндэк на Лёндэк –Здруй.


Лёндэк-Здруй.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Ужо ў 1950-х гадах большасць жыхароў горада складалі перасяленцы з былых усходніх тэрыторыяў даваеннай Польшчы.

Цікава, што ў 1945–1953 і 1956–1991 гадах у Лёндку-Здруй дзейнічаў санаторый Савецкай Арміі.

Што варта паглядзець у Лёндку-Здруй?

Напэўна курортны парк, які з'яўляецца вельмі прыемным кутком горада, з фантанам у цэнтральным месцы і прыгожым будынкам санаторыя „Войцех” (раней „Марыенбад”). Будынак адрозніваецца неабарочнымі ўпрыгожаннямі, мармуровымі чашамі на ваду. У санаторыі знаходзіцца таксама круглы басейн з вадой з тэрмальнай крыніцы, вакол якога размешчаныя мармуровыя ванны для купання з XIX стагоддзя.
У парку абавязкова трэба паглядзець таксама Павільён мінеральных вод.


Лёндэк-Здруй, курортны парк i санаторый „Войцех”.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй, курортны парк i санаторый „Войцех”. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Варта пагуляць таксама па гарадскім рынку з маляўнічымі жылымі дамамі і неарэнесансавай ратушай. Дамы на рынку былі пабудаваныя XVIII i XIX стагоддзях у стылі рэнесансу і барока. Тут таксама знаходзіцца барочныя калона Святой Тройцы і ганебны слуп з XVI стагоддзя.

Можна зазірнуць таксама ў тамтэйшы дэндрарый, які, дарэчы, з'яўляецца найвышэй размешчаным дэндралагічным паркам у Польшчы. У ім можна напіцца вады з крыніцы св. Ядвігі.


Лёндэк-Здруй, курортны парк i крыніца мінеральнай вады.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй, курортны парк i крыніца мінеральнай вады. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Абавязковым пунктам экскурсіі па Лёндку-Здруй з’яўляецца гатычны мост св. Яна Непамуцкага з XVI стагоддзя з фігурай таго ж святога з ХVІІІ стагоддзя.


Лёндэк-Здруй, гатычны мост св. Яна Непамуцкага.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй, гатычны мост св. Яна Непамуцкага. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Цікавым архітэктурным помнікам гарадка з’яўляeцца таксама барочны касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі з XVІІ стагоддзя.


Лёндэк-Здруй.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Па сённяшні дзень у Лёндэк-Здруй прыязджаюць лячыцца, перш за ўсё, пацыенты з рэўматычнымі, артапедычнымі і неўралагічнымі захворваннямі.

Варта нагадаць, што калісьці тут лячыліся такія вядомыя асобы, як: Гётэ, Кацярына ІІ, цар Аляксандр І, прускія каралі, а нават прэзідэнт ЗША Джон Квінсі Адамс.


Лёндэк-Здруй.  Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ Лёндэк-Здруй. Photo: Anna Zadrożna/Sekcja Białoruska PRdZ

Лёндэк-Здруй - гэта таксама прывабнае месца для турыстаў. Гэта выдатная адпраўная кропка для ўсіх, хто хоча пазнаёміцца з Клодзкай катлавінай. Праз гарадок праходзіць некалькі турыстычных шляхоў. Напрыклад, Чырвоны галоўны судэцкі шлях, а таксама Шлях Мар'янны Араньскай.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу