Абвестак, асабліва ў сацыяльных сетках, – мноства. Ладзяць іх не заўсёды нейкія прафесійныя гурты, а часта звычайныя людзі, якія цікавяцца танцамі, у першую чаргу традыцыйнымі танцамі, каб адкрыць для сябе культуру вёсак і мястэчак мінулага стагоддзя.
У XX-м стагоддзі, асабліва ў міжваенны перыяд, у Польшчы шмат танцавалася, а Варшава нават лічылася «сэрцам танцаў у Еўропе». Так мяркуюць у Варшаўскім музеі танцаў. Тады ў польскай сталіцы працавалі шматлікія танцавальныя школы, жылі сусветна вядомыя танцоры ды харэографы. У вёсках і меншых мястэчках таксама танцы былі папулярныя. Было мноства мясцовых гуртоў, ансамбляў, якія гралі музыку ў жывую для людзей, якія танчылі.
Цяпер гэты дух ажывае ў польскіх гарадах, дзе збіраюцца маладыя людзі ды вучацца граць і танцаваць традыцыйныя танцы, ладзіць традыцыйныя вечарыны. Іх прыцягвае патрэба пачуцця супольнасці і жаданне адкрыць сваю культуру, пасля дзесяцігоддзяў дамінавання імпартаванай культуры музычнай і танцавальнай, кажа аматар традыцыйных танцаў і музыкі Томаш Пэнкаля.
На такой імпрэзе пачуваешся, як актыўны ўдзельнік, як асоба, што належыць да суполкі. Як бы зайшоў да кагосьці да дому, слухаеш разам музыкі, танчыш разам з імі, размаўляеце ўсе разам. Гэта пачуццё супольнасці. У цяперашнія часу людзі пераязджаюць у гарады і губляюць кантакт з тым асяроддзем, у якім выгадаваліся. Ім патрэбны адказ на пытанне: адкуль я. Аднойчы я быў на Захадзе, на імпрэзе і там мяне спыталіся. Ты такі малайчына, танчыш ірландскія танцы ды іншыя, але, што ў цябе танцавалі. Тут загвоздка. Я задумаўся, якая мая культура, у якой выхаваліся мае бацькі, мае продкі?
Аднаўленнем танцавальнай традыцыі займаюцца ня толькі ў Варшаве, ці Польшчы. У Беларусі актыўна дзейнічаюць шэраг суполак, якія гэтым займаюцца. Адна з іх «Барысаўская мыза», удзельнікі якой таксама танчаць на вуліцах беларускіх гарадоў, імкнучыся аднавіць атмасферу цэлай эпохі. Гаворыць прадстаўніца «Барысаўскай мызы» Наталля Галава.
У нас пачыналася ўсё з гістарычных танцаў. Мы думалі, што такім чынам зможам паказаць гісторыю гораду. Як ён жыў тады, якое было свецкае жыццё ў горадзе. Аднак потым мы зразумелі, што мы ня можам праз танцы 1818 года паказаць гісторыю нашага гораду, бо не існуе гісторыя людзей, будынкаў таго часу. Мы расказвалі гісторыю цэлай эпохі. Потым мы зацікавіліся больш познім часам: канец 19 пачатак 20 ст. Мы ўбачылі, што тут ёсць цікавыя людзі, якія тут жылі, будавалі горад, тварылі культуру. Мы можам расказаць якія танцы танцавалі людзі, якія жылі ў Барысаве, хадзілі па вуліцах нашага гораду.
Як вы зацікавіліся традыцыйнымі танцамі?
Мы пазнаёміліся з «Капэляй на таку» і Студэнцкім этнаграфічным таварыствам. Яны прывезлі да нас таксама гістарычныя танцы. Але не бальныя і не палацавыя, а традыцыйныя. Тое, што танцавалі нашы продкі ў гарадах і вёсках. Нас гэта зацікавіла. Яшчэ пазней мы ўбачылі, што шмат габрэйскіх уплываў. Мы ведаем, што наш горад да рэвалюцыі быў на 80% габрэйскім. Мы вырашылі даследаваць габрэйскі пласт гісторыі нашага гораду ў танцах, каб аднавіць яе праз культуру вечарынаў і традыцыйныя танцы.
Танцавальныя вечарыны, фэсты ды імпрэзы з элементамі традыцыйных танцаў становяцца ўсё больш і больш папулярныя цяпер у Польшчы ды Беларусі. Людзі цікавяцца ды натхняюцца тым, як жылі ды бавілі час іх продкі.
Юры Ліхтаровіч