Беларуская Служба

У сталіцы Верхняй Сілезіі распачаўся кангрэс Сусветнага антыдопінгавага агенцтва WADA

05.11.2019 13:47
На ім міністр спорту і турызму Польшчы Вітольд Банька будзе зацверджаны прэзідэнтам гэтай арганізацыі.
Вітольд Банька PAP/Andrzej Grygiel

Да чацвяргу спецыялісты будуць дыскутаваць пра барацьбу з допінгам у спорце.

На адкрыцці кангрэсу выступіў польскі прэзідэнт. Анджэй Дуда сказаў, што допінг скажае праўдзівасць і дакладнасць спартыўных спаборніцтваў. На адкрыцці кангрэсу прэзідэнт Польшчы звярнуў увагу, што допінг – гэта форма крадзяжу:

- З’яўляецца формай крадзяжу спартыўнага выніку, спартыўнага поспеху. Гэта форма знішчэння высілкаў іншага чалавека несумленным чынам.

Анджэй Дуда казаў, што змаганне з допінгам – гэта барацьба за здароўе і жыццё спартоўцаў, а таксама за культуру спартыўнага развіцця ў першую чаргу сярод дзяцей:

- Каб яны не паддаліся на ўгаворы ўжываць допінг, каб яны былі асцярожнымі і свабоднымі ад жадання прыняць недазволеныя сродкі, якія, магчыма, дапамогуць хутчэй і лягчэй дасягнуць выніку.

Прэзідэнт падкрэсліў, што арганізаваная ў гэтым годзе ў Польшчы канферэнцыя з’яўляецца істотнай таксама па гістарычных прычынах:

- Гэта перыяд, калі мы адзначаем 100-годдзе атрымання Польшчай незалежнасці, гэтым самым адраджэнне польскага спорту пад польскім сцягам і нашым нацыянальным гербам, белым арлом на грудзях. Гэта час, калі мы адзначаем 100-годдзе польскага алімпійскага камітэту.

У Катавіцах будзе зацверджана рашэнне, прынятае ў Манрэалі 14 траўня, калі на пасаду прэзідэнта Сусветнага антыдопінгавага агенцтва быў выбраны міністр спорту і турызму Польшчы Вітольд Банька. Яго тэрмін паўнамоцтваў распачнецца 1 студзеня 2020 году. Ён заменіць на гэтай пасадзе Крэйга Рыдзі, які ўзначальваў агенцтва з 2014 году, як прадстаўнік алімпійскага руху.

Сярод галоўных пунктаў праграмы Вітольда Банькі апынуліся, між іншым, узнікненне фонду салідарнасці, які будзе падтрымліваць слабейшыя краіны ў вядзенні антыдопінгавай палітыкі. Дзякуючы гэтаму, было б больш грошай на даследаванні, адукацыю і найперш большую лічбу кантроляў, у тым ліку на афрыканскім кантыненце.

- Допінг надалей з’яўляецца вельмі распаўсюджанай з’явай у сусветным спорце. Ашуканцы вельмі інавацыйныя ў выкарыстоўванні забароненых сродкаў. Тым больш, гэта вялікі выклік, каб быць інавацыйным у іх выкрыцці. Сёння допінг-кантроль – гэта не толькі звычайны кантроль спартоўцаў, але і супраца са службамі, на якую я хачу звярнуць асаблівую ўвагу. Супраца з замежнымі службамі паказвае, што можна эфектыўна выяўляць выпадкі допінгу. Але для гэтага таксама патрэбны большы бюджэт, які сёння, на жаль, не дае гарантый эфектыўнасці гэтай сістэмы. Я буду заахвочваць міністраў з усяго свету павялічваць бюджэты, можа па прыкладзе Польшчы, якая ў апошнія гады павялічыла бюджэт на антыдопінгавую палітыку ў чатыры разы, каб паасобныя краіны таксама бралі адказнасць за антыдопінгавую палітыку. На жаль, надалей ёсць краіны, таксама ў Еўропе, якія маюць вельмі слабы кантроль за допінгам і гэта трэба памяняць.

У Катавіцах будуць прынятыя і іншыя важныя рашэнні. Будзе зацверджана актуалізацыя сусветнага антыдопінгава кодэксу, упершыню будуць прынятыя міжнародныя стандарты ў галіне адукацыі і кіравання вынікамі аналізаў.

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва ўзнікла ў лістападзе 1999 году як незалежны фонд пад кіраўніцтвам Міжнароднага алімпійскага камітэту. Яго мэтай з’яўляецца барацьба з недазволенай падтрымкай у спорце. САДА, між іншым, апрацоўвае і вызначае антыдопінгавыя правілы і працэдуры. Акрамя таго, агенцтва публікуе спіс забароненых субстанцый і выдае акрэдытацыі для дзяржаўных антыдопінгавых лабараторый.

Роля арганізацыі на працягу 20 гадоў вельмі вырасла. Гэта ад яе ў значнай ступені залежыць, ці ў алімпійскіх гульнях у наступным годзе ў Токіа будуць удзельнічаць расійскія спартоўцы.

ав