У Авіяцыйнай ваеннай акадэміі ў Дэмбліне (Dęblin), у паўднёва- ўсходняй Польшчы, адбылося ўрачыстае пахаванне парэшткаў генерала Шчэпана Сцібёра (Szczepan Ścibior). Такім чынам закончыліся двухдзённыя жалобныя ўрачыстасці, прысвечаныя былому начальніку Школы арлянятаў.
Парэшткі генерала Шчэпана Сцібёра (Szczepan Ścibior) былі пахаваныя на тэрыторыі акадэміі ля капліцы Маці Божай з Ларэта – заступніцы лётчыкаў.
Днём раней у Дэмбліне адбылося ўрачыстае прывітанне труны з парэшткамі генерала. Былога начальніка сустракалі студэнты, універсітэцкія ўлады і бліжэйшая сям'я. Труна была выстаўленая ў палацы Ябланоўскіх.
Рэктар акадэміі ў Дэмбліне генерал-пілёт Пётр Краўчык (Piotr Krawczyk) падкрэслівае, што гэта выключная падзея ў гісторыі ўніверсітэта:
- Пасля 68 гадоў мы вітаем начальніка Школы Арлянятаў, генерала-пілёта Шчэпана Сцібёра. Вітаем ягоных дочак, якія, дзякуй Богу, яшчэ сярод жывых. Нагадваю спадарыні Барбары - 90, а спадарыні Магдалене - 85 гадоў. Я вельмі рады, што яны дачакаліся гэтага моманту. Яны ж тут выхоўваліся.
Двухдзённыя ўрачыстасці ў акадэміі ў Дэмбліне пачаліся з навуковай канферэнцыі „Палкоўнік-лётчык Шчэпан Сцібёр і іншыя афіцэры Войска Польскага, рэпрэсаваныя ў сталінскі перыяд”.
Прэс-сакратар Авіяцыйнай ваеннай акадэміі, падпалкоўнік Яраслаў Войтысь (Jarosław Wojtyś) паясняў, што канферэнцыя павінна была наблізіць постаць былога начальніка акадэміі і яго заслугі ў падрыхтоўцы польскіх лётчыкаў.
- Генерал Сцібёр – гэта трагічная постаць. Ён вярнуўся з Англіі і хацеў надалей служыць у авіяцыі ў Польшчы. Быў прызначаны начальнікам акадэміі ў Дэмбліне. Перавёў навучанне ў акадэміі на вышэйшы ўзровень – рэарганізаваў адукацыю ў Школе арлянятаў.
Шчэпан Сцібёр у 1940-41 гадах змагаўся з Трэцім Рэйхам у 305-й Бомбавай эскадрыллі польскіх ВПС у Вялікабрытаніі. Пасля вайны ў 1947–1951 гадах быў начальнікам Афіцэрскай авіяцыйнай акадэміі ў Дэмбліне.
Рэктар акадэміі, генерал Пётр Краўчык нагадвае, што Шчэпан Сцібёр займае важнае месца ў гісторыі авіяцыйнай школы.
- Гэта быў першы чалавек даваеннай культуры, які пасля Другой сусветнай вайны прыйшоў у акадэмію. У рэчаіснасць новай пасляваеннай дзяржавы ён унёс заходні спосаб арганізацыі вучобы. Гэта ён увёў у акадэміі жорсткія, але справядлівыя прынцыпы міжчалавечых адносінаў і пашаны другога чалавека, таксама дысцыпліну. Ён быў вельмі патрабавальным. Паводле яго, калі ты на зямлі ведаеш на пяцёрку, гэта значыць, што ў паветры справішся на чацвёрку.
У жніўні 1951 году генерал Сцібёр быў арыштаваны супрацоўнікамі Галоўнага інфармацыйнага ўпраўлення Міністэрства нацыянальнай абароны і пасля следства прысуджаны да смяротнага пакарання.
Дачка генерала Барбара Сапыла (Barbara Sopyłło) ўспамінае сваю апошнюю сустрэчу з бацькам:
- Гэтая сустрэча была першай і апошняй маёй сустрэчай з бацкам. Ён пытаўся ў нас пра ўсіх з сям’і. Сказаў, што да яго тут ставяцца станоўча. Аднак, падчас развітання ён нас абняў і на вуха сказаў, каб мы не верылі ў тое, што будуць пра яго казаць; што ён невінаваты. Яго вывялі. Гэта было ўсё. Пазней, калі мама пайшла ў сядзібу ваеннай інфармацыі, то ёй паведамілі, што прэзідэнт адмовіўся памілаваць бацьку і што прысуд быў прыведзены ў выкананне.
Гэта адбылося ў 1952 годзе ў турме на вуліцы Ракавецкая ў Варшаве.
У цырымоніі паховінаў удзельнічаў таксама адзін з унукаў генерала Рафал Сапыла (Rafał Sopyłło):
- Для сям’і гэта быў вельмі складаны дзень. З аднаго боку, ён вельмі балючы, а з другога – гэта дзень перамогі нашага дзядулі. Ён вяртаецца ў сваю школу пакрыты славай. Лётчыкі яго тут чакалі і сустракаюць як свайго начальніка.
Парэшткі генерала былі знойдзены і ідэнтыфікаваныя толькі ў 2017 годзе на тэрыторыі ваеннай часткі Павонзак (Wojskowe Powązki) у Варшаве, то бок на гэтак званай Лончцы (Łączka).
Ва ўрачыстым пахаванні генерала ў Дэмбліне ўдзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, польскай арміі, уладаў Авіяцыйнай вайсковай акадэміі і сям’і.
аз