Урады па ўсім свеце выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі, каб маніпуляваць выбарамі і сачыць за грамадзянамі – піша Dziennik Gazeta Prawna (Elżbieta Rutkowska). Гэта галоўная прычына паніжэння ўзроўню свабоды, пра што ідзе гаворка ў дакладзе «Freedom on the net», падрыхтаваным амерыканскай арганізацыяй Freedom House. Даследаванне ахапіла 65 краін, амаль 90% карыстальнікаў сеціва.
У найбольшай ступені сітуацыя пагоршылася ў Судане, Казахстане, Бразіліі, Бангладэшы ды Зімбабвэ. Толькі кожны пяты карыстальнік інтэрнэту жыве ў дзяржаве, дзе назіраецца поўная свабода ў сеціве, а каля адной трэцяй могуць цешыцца частковай свабодай. Самая вялікая група карыстальнікаў (35%) пражывае ў тых дзяржавах, дзе няма свабоды ў віртуальным свеце. Найгорш сітуацыя выглядае ў Кітаі, які атрымаў толькі 10 балаў паводле 100-балавай шкалы. У дакладзе гаворыцца, што цэнзура інтэрнэту дайшла ў гэтай дзяржаве да неверагодных памераў. На супрацьлеглым полюсе знаходзіцца Ісландыя, ацэненая на 95 балаў. Там не зафіксавана ніводнага судовага працэсу за тое, што хтосьці прадстаўляў у сеціве свае погляды.
«Будучыня свабоды ў інтэрнэце залежыць ад нашай здольнасці палепшыць функцыянаванне сацыяльных сетак», – падсумоўваюць сваю працу аўтары дакладу.
нг