Ці пад пустыняй можа знаходзіцца пітная вада і ці можна яе здабываць праз свідравіны?
На гэтае пытанне слухача адказаў у эфіры Польскага радыё доктар фізічных навук Томаш Рожэк, які сцвярджае, што так.
- Пацвярджае гэта тое, што на пустынях знаходзяцца аазісы. Аазіс - гэта месца, дзе вада настолькі неглыбокая, што яна выплывае на паверхню, ствараючы азярцо, сажалку, а часта там, дзе няма вадасховішча растуць дрэвы. Значыць вада там знаходзіцца на такой глыбіні, што карэнні дрэў да яе дастаюць. Няма пустыні, пад якой няма вады. Часам гэта вялізарныя вадасховішчы. Я знайшоў некалькі канкрэтных прыкладаў. У падземных сховішчах пітной вады пад Сахарай, пад Алжырам, пад Лівіяй, пад Чадам знаходзіцца столькі вады, колькі на ўвесь афрыканскі кантынент упала дажджу на працягу 100 гадоў. Пад кітайскай пустыняй Такла-Макан, верагодна гэта адна з найбольш сухіх тэрыторыяў на нашай планеце, знаходзіцца вадасховішча ў 10 разоў большае, чым ёмістасць усіх азёраў Паўночнай Амерыкі. Такім чынам вады, сапраўды, мноства. Аднак, яна не знаходзіцца ў такіх рэзервуарах, як мы гэта ўяўляем – нейкая пячора пад зямлёй, запоўненая вадою. Такла-Макан размешчана паміж двума горнымі масівамі. Вада, якая сплывае з гэтых гор, дождж або снег цячэ пад пясок. Карацей, я хачу сказаць, што ў выпадку вады, падобна як нафты, мы не маем дачынення з рэзервуарамі, да якіх калі б мы дасвідраваліся, то маглі б плаваць. Гэта хутчэй прасякнуты вадой пясок, пясчанік, або камень, якія звязваюць малекулы вады. То бок, недастаткова зрабіць свідравіну, каб з яе хлынула вада, як нафта – так як часам бывае на амерыканскіх фільмах.
Доктар Рожэк прадугледжвае, што ў будучыні вада і доступ да яе можа быць больш складаны, чым да нафты. Даследчык мяркуе, што рэзервуары вады пад пустыняй у будучыні могуць стаць крыніцай узброеных канфліктаў.
яс
Эфірная праграма «Навука і тэхніка» ў гукавым файле