Беларуская Служба

Чалавек дурнее ад вуглякіслага газу

14.05.2020 13:37
Даследчыкі кажуць, што высокі ўзровень CO2 негатыўна ўплывае на нашыя здольнасці прымаць рашэнні і на складанае стратэгічнае мысленне.
Zanieczyszczone powietrze jest największym zagrożeniem dla życia mieszkańców Europy
Zanieczyszczone powietrze jest największym zagrożeniem dla życia mieszkańców EuropyPixabay.com

Пастаяннае павышэнне ўзроўню вуглякіслага газу ў атмасферы ўплывае не толькі на нашу планету, але таксама можа наўпрост паўплываць на пазнавальныя здольнасці чалавека.

Даследчыкі з Універсітэта Каларада Боулдэр кажуць, што высокі ўзровень CO2 негатыўна ўплывае на нашыя здольнасці прымаць рашэнні і на складанае стратэгічнае мысленне.

Канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў атмасферы пастаянна павялічваецца, але ў памяшканнях, дзе мы знаходзімся, узровень CO2 яшчэ вышэйшы, чым на вуліцы. Такім чынам паветра ўжо з высокай канцэнтрацыяй CO2, якое паступае звонку ў памяшканне, дадаецца да паветра з СО2, якое выпрацоўваецца людзьмі, што знаходзяцца ў памяшканні. Па дадзеных СААЗ, большасць людзей 90% часу праводзіць у закрытых памяшканнях: у офісах, на працоўных месцах ці дома.

Навукоўцы падлічылі, што да канца стагоддзя сярэдні ўзровень СО2 будзе больш, чым у тры разы вышэйшы за цяперашні ўзровень CO2 у атмасферы.

CO2 пагаршае нашы пазнавальныя здольнасці. Як гэта патлумачылі навукоўцы?

Высокая канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў паветры, якім мы дыхаем, можа павысіць узровень вуглякіслага газу ў крыві, знізіўшы колькасць кіслароду, які паступае ў наш мозг. Тым самым у чалавека павялічваецца соннасць, узровень трывожнасці і пагаршаюцца кагнітыўныя функцыі мозгу. Шмат хто з нас ведае гэтае пачуццё, калі мы доўга знаходзімся ў душнай лекцыйнай зале або канферэнц-зале і пачынаем адчуваць соннасць і нуду.

Амерыканскія вучоныя далі чарговы доказ таго, што шпацыр па лесе, па парку, ці проста знаходжанне на паветры, карысна не толькі для нашага здароўя, а таксама для нашага розуму.

І гэта таксама чарговы аргумент за тое, каб змагацца з забруджаннем атмасферы.

Крыніца University of Colorado, Boulder, fot. Pikrepo

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка