Беларуская Служба

Неўзабаве з'явіцца лякарства супраць каранавіруса

21.05.2020 15:13
Сярод тых, што атрымліваюць добрыя ацэнкі, знаходзіцца Remdezivir.
Аўдыё
  • Вучоныя ва ўсім свеце распрацоўваюць сродак, які дапаможа перамагчы Covid-19.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneFoto: Glow Images/East News

Вучоныя ва ўсім свеце распрацоўваюць сродак, які дапаможа перамагчы Covid-19. Вынікі гэтых даследаванняў ужо бачныя.

У бліжэйшыя дні для лячэння хваробы можна будзе выкарыстоўваць лек пад назвай Remdezivir.

Старшыня Еўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў Гуіда Разі пацвердзіў, што эксперты агенцтва няспынна правяраюць лекі, якія могуць дапамагчы ў барацьбе з каранавірусам. Сярод тых, што атрымліваюць добрыя ацэнкі, знаходзіцца Remdezivir.

Разі сказаў прэс-агенцтву Reuters, што на працягу бліжэйшых дзён будзе выдадзены ўмоўны дазвол на выкарыстанне згаданага прэпарата. А пакуль што, можна выкарыстоўваць монакланальныя антыцелы. Гэта пераходны момант паміж натуральным імунітэтам і вакцынацыяй, таму што ў гэтым выпадку выкарыстоўваецца блакаванне віруса з дапамогай штучных антыцел, створаных біятэхналогіяй, – адзначыў старшыня Еўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў Гуіда Разі.

І гэта вельмі добрая навіна. Адначасова даследчыкі ва ўсім свеце распрацоўваюць вакцыну супраць каранавіруса. Міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі (Łukasz Szumowski) таксама чакае на вакцыну.

- Па-першае, уводзіцца ў карыстанне лек супраць каранавіруса, які вывучаўся таксама і ў Польшчы. Па-другое, навуковая група ў ЗША правяла тэставанне сваёй вакцыны. Аказваецца, што гэтая вакцына дае добрыя вынікі, то бок прычыняецца да вытворчасці арганізмам антыцел. Гэта вельмі добрая навіна, тым больш, што тэмп стварэння гэтай вакцыны надзвычай хуткі.

Remdezivir павінен дапамагчы людзям, якія цяжка праходзяць Covid-19, – тлумачыла ў эфіры Польскага тэлебачання прафесар Івона Мозэр-Лісэўска (Iwona Mozer-Lisewska), загадчык інфекцыйнага аддзялення шпіталя ў Познані.

- Прэпарат прызначаны пацыентам з хваробай Covid-19 у вельмі цяжкім клінічным стане, з запаленнем лёгкіх, цяжкасцямі дыхання, якія падключаны да апаратаў штучнага дыхання.

Remdezivir не адзіны лек ад каранавіруса. Распрацоўкі іншых прэпаратаў вядуцца ў некалькіх навуковых інстытутах у Польшчы, міш іншым, у Грудзёндзу, дзе праводзіцца тэставанне кардыялагічных лекаў. Паведаміла аб гэтым прэс-сакратар мясцовага шпіталя Ізабэля Гірш-Левандоўска.

- Першымі атрымаюць гэты лек пацыенты шпіталя. На першым этапе інфекцыі пацыенты атрымаюць кардыялагічны лек, які, паводле даследчыкаў, павінен спыніць дзеянне віруса, што ў выніку прывядзе да скарачэння хваробы дадзенага пацыента. Чарговая група, якая прымае ўдзел у клінічных даследаваннях, гэта людзі, якія праходзяць каранцін пасля кантакту з чалавекам, у якога выявілі вірус. Кардыялагічны прэпарат у гэтай групе павінен спыніць развіццё хваробы COVID-19.

А якім чынам кардыялагічныя лекі дапамагаюць змагацца супраць каранавіруса? Гэта тлумачыць прафесар Яцэк Кубіца з Універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні.

- Гаворка ідзе пра даступныя лекі, якія выкарыстоўваюцца пры іншых хваробах. Па сутнасці, мы спрабуем выкарыстаць іх пабочны эфект і не дазволіць вірусу пасяліцца ўнутры клеткі і размнажацца ў гэтых клетках. Такім чынам спрабуем спыніць заражэнне новых пацыентаў і палегчыць хваробу ў тых, хто ўжо інфікаваны.

Даследаванні ў ЗША і ў Еўропе паказалі, што Remdezivir можа скараціць барацьбу супраць каранавіруса на больш чым 10 дзён.

У ЗША ў пацыентаў у цяжкім стане, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у эксперыментальнай тэрапіі, хутка падала тэмпература і знікалі праблемы з дыханнем.

яс/ПР3/Марыюш Кшэміньскі

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка