Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў «Карту сям’і»

16.06.2020 14:02
У дакуменце ідзе гаворка пра гарантыю сацыяльнай падтрымкі сям'і, але таксама згадваецца ідэалогія.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Dream79

Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў на мінулым тыдні «Карту сям’і» (або „Хартыю сям’і”). Гэта дакумент, які павінен прасоўваць пытанні дапамогі сям’і, між іншым, развіццё працоўнага рынку, на якім бацькі маглі б спалучаць свае ролі бацькі і працаўніка. Па словах Анджэя Дуды, не павінна быць так, што нараджэнне дзіцяці становіцца аргументам супраць прафесіянальнага росту, як мужчын, так і жанчын.

- Я абсалютна выступаю за роўныя правы для абодвух полаў. На маю думку, жанчыны павінны мець такія ж магчымасці, як мужчыны, у плане прафесійнага развіцця. Жанчыны павінны таксама мець такую ж заработную плату і такія ж умовы працы, як мужчыны. Акрамя таго, трэба браць пад увагу яшчэ тыя прывілеі, якія маюць жанчыны ў сувязі з мацярынствам. Жанчына павінна быць пад асаблівай апекай дзяржавай, рынак працы ў ніякім разе не павінен перашкаджаць у прафесійным развіцці жанчыны, калі яна – маці.

Падпісанне «Карты сям’і» – гэта гарантыя, што ўсе сацыяльныя праграмы, уведзеныя цягам апошніх гадоў у Польшчы, далей будуць рэалізаваныя, а нават, не выключаецца, будуць пашыраны. Пра гэта заявіла міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг. На яе думку, пяць гадоў таму пачаўся добры перыяд для польскіх сем’яў.

- Пачалося будаўніцтва Польшчы Плюс, гэта значыць, увядзенне праграм, якія павінны аблегчыць жыццё як сем’яў з малымі дзецьмі, так і пашырэнне палітыкі аховы старэйшага пакалення. Нагадаю, што ў рамках праграмы «Сям’я 500 Плюс» звыш 108 млрд. злотых атрымалі польскія сем’і на дзяцей. Акрамя таго, усе дзеці ў школьным узросце атрымліваюць раз у год 300 злотых на школьныя прыналежнасці, уведзена праграма пад назваю «Мама Плюс», у рамках якой бацькі, якія выхавалі чатырох і больш дзяцей, могуць атрымаць мінімальную пенсію, нават без працоўнага стажу. Цяпер мы ўводзім турыстычны ваўчар на дзяцей. У сваю чаргу «Карта сям’і» павінна паказаць, у якім напрамку намераны ісці ўрад у супрацоўніцтве з прэзідэнтам Анджэем Дудам.

Меркаваннем Марлены Малёнг, «Карта сям’і» гарантуе таксама барацьбу з тымі элементамі, якія адмоўна ўплываюць на сям’ю.

- Для нас сям’я – гэта муж і жонка ды дзеці, якія выхоўваюцца ў дадзенай сям’і. І менавіта такую мадэль сям’і мы хочам перш за ўсё прасоўваць. «Карта сям’і» паказвае хрыбет супрацоўніцтва ўраду і прэзідэнта, напрамкі на далейшыя гады. Гэта гарантыя бяспекі для нашых дзяцей. Таксама мы клапоцімся пра тое, каб бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, маглі рэалізаваць сябе ў прафесійнай дзейнасці.

Тэматыка сацыяльнай падтрымкі сям’і – даволі праблемная справа для палітыкаў апазіцыі. Калі перад прыходам да ўлады партыі «Права і справядлівасць» ішла гаворка пра праграму «500 Плюс», палітыкі іншых партый не раз адзначалі, што фінансавая падтрымка сем’яў з дзецьмі вельмі важная, але Польшча не можа сабе дазволіць увесці такую шырокую падтрымку, якую некаторыя называлі неабгрунтаваным раздаваннем грошай. Цяпер, канешне, ніхто не заікаецца пра адмену вышэй згаданай праграмы, але стараюцца знайсці іншыя аргументы, хаця б такі, што тэматыка выкарыстоўваецца ў выбарчай агітацыі прэзідэнта Анджэя Дуды, які імкнецца быць пераабраным на пасаду галавы дзяржавы. Выбары 28 чэрвеня.

Дэпутат Сейму ад партыі «Грамадзянская платформа» Павел Панцыліўш кажа, што традыцыйная мадэль сям’і ў Польшчы трымаецца моцна, нішто ёй не пагражае, а згаданыя ў "Карце сям’і" сацыяльныя праграмы ўжо працуюць. На думку палітыка, прэзідэнт Дуда адмыслова выкарыстоўвае тэму правоў асяроддзя ЛГБТ у палітычнай барацьбе. На ягоную думку, польскія сем’і цяпер маюць больш складныя праблемы, што звязана галоўным чынам з эпідэміяй каранавіруса, у сувязі з чым могуць быць абмежаваныя медычныя паслугі, горш працуе сістэма адукацыі, людзі могуць страціць працу.

- Я лічу, што на гэтым фоне згадванне пра тэматыку ЛГБТ для кагосьці з’яўляецца зручным трукам, каб не дыскутаваць пра службу аховы здароўя, не дыскутаваць пра розныя скандалы, звязаныя з набыццём тэстаў, санітарных масак, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, што зладзіла Міністэрства аховы здароўя. Давайце, замест гэтага, размаўляць пра нейкія каляровыя маніфестацыі, скажам, 300 чалавек, якія прыйшлі да прэзідэнцкага палацу і нечага патрабуюць.

У «Карце сям’і» ёсць акрэсленне сям’і як саюзу мужчыны і жанчыны. Ідзе гаворка таксама пра тое, што ніхто без згоды бацькоў не можа навязваць дзецям змест ідэалагічнага характару, які можа фармаваць дзіцячую псіхіку, у тым ліку ідэалогію асяроддзяў гомасексуалаў і лесбіянак. На сустрэчах з выбарцамі ў мінулыя выходныя прэзідэнт шмат увагі прысвяціў пытанню ідэалогіі ЛГБТ. «Нас спрабуюць пераканаць, што гэта людзі. А гэта проста ідэалогія», – адзначыў А. Дуда, што выклікала рэзкія крытычныя заўвагі не толькі ў асяроддзі польскай апазіцыі, але таксама за мяжой.

нг