Лета – час водпускаў і адпачынку, як малых, так і старэйшых. Людзі стараюцца не думаць пра небяспеку, якая можа іх сустрэць у незнаёмых месцах, у гарах, на моры, у лясах. На жаль, нешчаслівыя выпадкі летам здараюцца нават часцей, чым у іншыя поры года. Нярэдка, у выніку нешчаслівага здарэння, параненай асобе патрэбнае пераліванне крыві. А менавіта летам як правіла крыві не хапае, паколькі гэты цэнны натуральны прадукт нельга доўга захоўваць, толькі некалькі тыдняў.
Дэфіцыт крыві назіраецца практычна кожнае лета, але сёлета яго пагаршае яшчэ пандэмічная сітуацыя. Многія людзі адмовіліся ад донарства, баючыся заразіцца. Дактары заклікаюць здаваць кроў. Па інфармацыі прадстаўнікоў службы аховы здароўя, асабліва востра стаіць пытанне дэфіцыту крыві з адмоўным рэзус-фактарам. З заклікам да донараў звярнуліся лекары з клінік на поўначы Польшчы. Гаворыць Эдвард Мюлер (Edward Muller ) з Цэнтру донарства ў горадзе Слупск.
- Групу крыві з адмоўным рэзус-фактарам можна пераліць усім, нават тым асобам, у каго чацвёртая група. Таму мы заклікаем людзей з дадзенай групай здаваць кроў, каб можна было гэтай групай замяніць кроў з плюсавым рэзус-фактарам. Хаця, канешне, нам патрэбная кроў кожнай групы.
Некаторыя людзі здаюць кроў рэгулярна. Іншыя не рабілі гэтага ні разу ў жыцці. Пастаянныя донары заахвочваюць здаровых людзей спрабаваць зрабіць добрую справу для іншых – здаць кроў.
- Да ўсяго можна прывыкнуць. Калі нехта здаровы, у яго няма сур’ёзных захворванняў, а таксама вены не на столькі малыя, каб гэта ўскладніла донарства, то ў яго не павінна быць ніякіх цяжкасцяў са здачай крыві. Можна гэта зрабіць раз, два, тры, і пазней прывыкаеш. Не трэба баяцца, хвалявацца, кроў бяруць вельмі добра падрыхтаваныя медсёстры. Гэта толькі хвіліна, якая можа выратаваць нейкага чалавека.
Здаваць кроў заахвочвае таксама каталіцкі касцёл. Катавіцкі мітрапаліт Віктар Скворц звярнуўся з заклікам да жыхароў Польшчы стаць донарамі. Ён нагадаў, што летні перыяд – гэта складаны час для донарства.
Прэс-сакратар катавіцкай дыяцэзіі ксёндз Томаш Войталь прыводзіць заклік мітрапаліта: неабходна дзяліцца прыродным дарам – крывёй, каб ратаваць жыццё іншых людзей. Здараецца, што кроў ратуе жыццё тых, хто пацярпеў у выніку нешчаслівага выпадку або цяжкай хваробы.
- Ксёндз-арцыбіскуп далучыўся да закліку Цэнтру донарства і Міністэрства аховы здароўя, якія просяць здаваць кроў. Можна падзяліцца гэтым каштоўным дарам, які дае жыццё, можа выратаваць тых, хто трапіў у небяспечную сітуацыю. Здача крыві з мэтаю дапамагчы ратаваць жыццё іншых – гэта праява хрысціянскай салідарнасці з іншымі, такім чынам мы ідзём па слядах нашага Бога, яго любові да людзей.
У часы пандэміі каранавіруснай інфекцыі кроў яшчэ больш патрэбная, чым раней. Справа ў тым, што кроў асоб, якія перанеслі хваробу, можа дапамагчы лячыць іншых хворых на Covid-19. Па словах арцыбіскупа Віктара Скворца, кроў могуць масава здаваць, напрыклад, шахцёры, шмат якіх было заражаных каранавірусам, але ім удалося перамагчы захворванне. Працягвае Томаш Войталь.
- Для хрысціянаў кроў – гэта сімвал жыцця, братэрства, ахвяравання сябе іншым. Донарства крыві – гэта асаблівы доказ любові да іншых. У барацьбе з Covid -19 вельмі патрэбная кроў людзей, якія перахварэлі гэтую хваробу. Таму з асаблівым заклікам мы звяртаемся да такіх асоб, асабліва сярод супрацоўнікаў вуглездабываючых шахтаў у Сілезіі.
Донарства – вельмі патрэбная справа, аднак неабходна памятаць, што не кожны чалавек можа здаць кроў. Па-першае, перад здачай неабходна прайсці кансультацыю ў лекара, які вырашыць, ці дадзеная асоба можа стаць донарам. Па-другое, у Польшчы, як у кожнай дзяржаве, даволі шмат абмежаванняў на шляху да здачы крыві. Трэба быць поўнасцю здаровым чалавекам, што, канешне, элементарна і зразумела, аднак сярод прычын, у выніку якіх чалавек не можа стаць донарам, ёсць таксама менш элементарныя. Напрыклад, доктар дыскваліфікуе асобу, якая ў апошнім часе прайшла працэдуру вырывання зуба, была прастуджаная або зрабіла сабе татуіроўку. Донарамі могуць стаць толькі паўналетнія і цалкам здаровыя асобы. Нізкая вага (да 50 кілаграмаў) таксама з’яўляецца дыскваліфікацыяй для донарства.
ІАР ПР/нг