Беларуская Служба

Палякі адзначаюць гадавіну падпісання Жнівеньскіх пагадненняў і не забываюць пра Беларусь

31.08.2020 14:07
40 гадоў таму пратэстоўцы і ўлады ПНР падпісалі гістарычнае пагадненне, якое  пачало сістэмныя перамены не толькі ў Польшчы.
Аўдыё
  • 40 гадоў таму пратэстоўцы і ўлады ПНР падпісалі гістарычнае пагадненне, якое пачало сістэмныя перамены не толькі ў Польшчы.
     .
Палякі адзначаюць гадавіну падпісання Жнівеньскіх пагадненняў. PAP/Adam Warżawa

Палякі адзначаюць 40-ю гадавіну з моманту падпісання Жнівеньскіх пагадненняў, заключаных паміж камуністычнымі ўладамі ПНР і забастоўшчыкамі. Гістарычнае пагадненне было падпісанае 31 жніўня 1980 году пасля 18 дзён страйку на Гданьскай суднаверфі, пасля таго, як да пратэстаў далучыліся 700 заводаў з усёй Польшчы і пасля шматдзённых перамоваў з урадам. Гэта адкрыла шлях да ўзнікнення прафсаюзу „Салідарнасць” і пачало сістэмныя перамены не толькі ў Польшчы.

Страйк у Гданьскай суднаверфі, распачаты 14 жніўня рабочымі, звязанымі са Свабоднымі прафсаюзамі, адыграў велізарную ролю ў жніўні 1980 года. Гданьск стаў нефармальным цэнтрам акцый пратэсту. Неўзабаве забастоўку пачаў узначальваць  электрык Лех Валэнса, звольнены з працы ў 1976 годзе.

Гэта менавіта ў Гданьскай суднаверфі, акрамя эканамічных патрабаванняў, былі высунутыя і палітычныя патрабаванні. Быў сфармуляваны 21 пастулат. Забастоўшчыкі патрабавалі, між іншым, стварэння свабодных, незалежных ад партыі і працадаўцы прафсаюзаў,  а таксама права на забастоўку.

Паводле старшыні Інстытута нацыянальнай памяці Яраслава Шарэка (Jarosław Szarek), з усіх пастулатаў самым важным было менавіта стварэнне незалежных прафсаюзаў.

- Гэта было выключэнне ў камуністычнай манаполіі. Узнікла арганізацыя, якой камуністычная сістэма не кантралявала. Зразумела былі спробы пераняць кантроль, але гэта было немагчыма ў сувязі з маштабам руху. І гэта была вялікая перамога „Салідарнасці”.

Былы старшыня Незалежнага самакіроўнага прафесійнага саюза „Салідарнасць” Януш Снядэк (Janusz Śniadek ) згадваў, што „Салідарнасць” была не толькі прафсаюзам, але нечым на кшталт свабоднай дзяржавы.

- Несумненна „Салідарнасць” выконвала розныя функцыі. Таму часта гаворыцца, што гэта быў грамадскі рух, паколькі яна была нечым на кшталт свабоднай дзяржавы. Пад лозунгам „Салідарнасці” людзі дзейнічалі ў розных сферах жыцця. Гэта не быў выключна прафсаюз.   

Антыкамуністычны актывіст Ежы Бароўчак (Jerzy Borowczak) кажа, што мэтай забастовак у жніўні 1980 года было паказаць, што палякі хочуць свабоднай і незалежнай Польшчы.

- Калі мы планавалі страйк з 7 жніўня, мы абсалютна не прадугледжвалі, што ён закончыцца поспехам; што грамадства прачнецца; што падтрымка будзе настолькі вялікая і каля 6 мільёнаў палякаў далучыцца да яго ў рознай форме. Таму з перспектывы часу я ацэньваю, што ў нас гэта атрымалася выдатна і добра, што без кровапраліцця.

Паводле Кшыштафа Вышкоўскага(Krzysztof Wyszkowski), Жнівеньскія пагадненні былі саступкай, вымушанай на камуністах. Ён нагадаў, што пазней рэакцыяй уладаў было ўвядзенне ваеннага становішча ў краіне. Антыкамуністычны актывіст заявіў, што, нягледзячы на падпісанне Жнівеньскіх пагадненняў, камуністычныя ўлады былі гатовыя знішчыць „Салідарнасць”.

- Падрыхтоўка да выкарыстання сілы працягвалася ўжо падчас перамоваў і ажыццяўлялася з 1 верасня 1980 годa. Неадкладна пасля ўрачыстасці падпісання паразуменняў выспа свабоды, якой была Гданьская суднаверф, знікла. Я выходзіў з верфіі апошні і там было чорна ад функцыянераў СБ. Мы проста вярнуліся да рэчаіснасці.

Удзельніца пратэстаў Зоф’я Рамашэўска(Zofia Romaszewska) нагадала, што польскія масавыя забастоўкі летам 1980 году пачалі перамены, якія праз 10 гадоў прывялі да падзення жалезнай заслоны. Яна параўноўвае тагачасную сітуацыю ў Польшчы з тым, што адбываецца сёння ў Беларусі.

- Улады тады не выкарысталі дубінак і войска, паколькі страйкуючых было вельмі шмат. Калі гаворка ідзе пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Узнікае пытанне, ці ў іх гэта атрымаецца, ці не? Калі яны будуць дастаткова рашучымі, а пратэст будзе дастаткова шырокі, тады пераможа народ, а не ўлада дзякуючы дубінкам.

Шмат падабенства паміж бягучай сітуацыяй у Беларусі і падзеямі ў Польшчы ў 1980 годзе бачыць таксама пасол Польшчы ў Еўрапейскім Саюзе Анджэй Садась (Andrzej Sadoś). Яго артыкул пад назвай „Беларусь - урокі польскай салідарнасці” з'явіўся на партале Euractiv.

„Мірнае абуджэнне ў Беларусі заслугоўвае падтрымкі Еўропы, уключаючы фінансавую і экспертную дапамогу, - напісаў польскі пасол. - Цяпер у Беларусі мірныя дэманстранты выступаюць супраць аднаго з апошніх рэжымаў у Еўропе, патрабуючы таго, што таксама было мэтай „Салідарнасці””.

 Анджэй Садась падкрэсліў, што, калі рэжым адмаўляецца ад дыялогу і выбірае адкрытую канфрантацыю, ён можа толькі адтэрмінаваць непазбежныя змены, але не можа іх спыніць.

Прафсаюз „Салідарнасць” таксама не забывае пра калегаў у Беларусі. На мінулым тыдні польскі прафсаюз спрабаваў адправіць гуманітарны груз у Беларусь і пералічыў мільён злотых у адмысловы фонд „Салідарныя з Беларуссю”.

31 жніўня 1980 году – гэта сімвалічная дата заключэння Жнівеньскіх пагадненняў. У гэты дзень яны былі падпісаныя ў Гданьску. Днём раней аналагічнае пагадненне было падпісанае ў Шчэціне, 3 верасня - у Ястшэмбю-Здруй (Jastrzębia-Zdrój), а 11 верасня - у Дамброве-Гурнічай (Dąbrowa Górnicza).

Згаданая падзея закончыла двухмесячную хвалю забастовак па ўсёй Польшчы і ініцыявала працэс падзення камунізму ў Польшчы, а пасрэдна таксама сістэмныя пераўтварэнні ў іншых еўрапейскіх краінах камуністычнага блока.

Адным з найважнейшых дасягненняў страйкоўцаў была згода ўрада на стварэнне „Салідарнасці”. Прафсаюз быў зарэгістраваны 10 лістапада 1980 года і неўзабаве яго членамі было амаль 10 мільёнаў чалавек. Прафсаюзы былі створаны на ўсіх прадпрыемствах і ўстановах, акрамя міліцыі і арміі.

Калі 13 снежня 1981 годa генерал Войцех Ярузэльскі прыняў рашэнне аб увядзенні ваеннага становішча, дзейнасць  „Салідарнасці” была прыпыненая, а ў кастрычніку 1982 году – забароненая. Гэта быў перыяд пераследу апазіцыі і падпольнай дзейнасці. Прафсаюз „Салідарнасць” быў паўторна зарэгістраваны ў выніку перамоваў круглага стала ў красавіку 1989 года.

У 2005 годзе Сейм устанавіў 31 жніўня дзяржаўным святам. Гэта Дзень салідарнасці і свабоды.

На спосаб святкавання сёлетняй гадавіны паўплывала эпідэмія каранавіруса. Павінны былі адбыцца пікнік і юбілейны канцэрт у Варшаве, але ў сувязі з COVID-19 мерапрыемствы былі абмежаваныя да мінімуму. Тым ня менш, каранавірус не перашкодзіў  папулярызаваць самую важную думку: 40 гадоў таму рух будавалі тысячы палякаў. Такое меркаванне выказвае прэс-сакратар прафсаюзу „Салідарнасць” Марэк Левандоўскі (Marek Lewandowski.

- Гэта быў супольны высілак тысячаў людзей, пра якіх мы часта забываем. Мы зацікаўлены ў тым, каб не забываць пра гэтых невядомых герояў.

Афіцыйныя ўрачыстасці з нагоды 40-годдзя падпісання Жнівеньскіх пагадненняў запланаваныя ў Гданьску ў другой палове дня ля брамы Гданьскай верфі з удзелам прадстаўнікоў найвышэйшых польскіх уладаў, у тым ліку, прэзідэнта Анджэя Дуды.

аз