Беларуская Служба

Канатная дарога на Каспровы верх – адзіны высакагорны пад’ёмнік у Польшчы (ФОТА)

05.03.2021 16:32
Найбольш папулярная падвясная дарога ў Польшчы не ўзнікла бы без удзелу беларусаў.
Аўдыё
  • Найбольш папулярная падвясная дарога ў Польшчы не ўзнікла бы без удзелу беларусаў.
    .
Канатная дарога на Каспровы верх.Autorstwa Cybularny - Praca własna, CC0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=52892049

Сёння я запрашаю ў Закапанэ – вядомы курортны гарадок у польскай частцы Татраў. Тут на пачатку 1936 года была запушчана канатная дарога на Каспровы верх (Kasprowy Wierch). Станцыя канаткі размяшчаецца ў раёне Кузьніцэ (Kuźnice). Уся падвясная дарога падзеленая на дзве часткі з перасадкай на Мысляніцкіх Турнях (Myślenickie Turnie).

У міжваенным перыядзе гэта была першая такога тыпу інвестыцыя ў Польшчы і шасцідзясятая ў свеце. Па сённяшні дзень канатка ў Закапанэ з’яўляецца адной з галоўных славутасцей гарадка і адзінай высакагорнай падвясной дарогай у Польшчы.

Канатка была пабудаваная па ініцыятыве старшыні Польскай асацыяцыі лыжнага спорту, намесніка міністра транспарту Аляксандра Бабкоўскага і з самага пачатку выклікала недавер ў грамадстве. Пратэставалі перш за ўсё тагачасныя эколагі. Падрыхтоўка да будаўніцтва пачалася ў 1934 годзе.

Будаўніцтва канаткі. Autorstwa Nieznany - Narodowe Archiwum Cyfrowe, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=58339426 Будаўніцтва канаткі. Autorstwa Nieznany - Narodowe Archiwum Cyfrowe, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=58339426

Паводле плану, будаўніцтва аб’екта павінна была завершыцца ў рэкордна кароткім тэрміне, то бок цягам сямі месяцаў. Паколькі ніводная кампанія не пагадзілася на такія ўмовы, акцыянеры вырашылі пабудаваць канатку самі. Колькасць супрацоўнікаў, якая першапачаткова складала каля 600 чалавек, за апошнія два месяцы павялічылася да 1 000. Пры будаўніцтве падвясной дарогі ў Закапанэ працавалі работнікі не толькі з Падгаля (гісторыка-геаграфічная вобласць у паўднёвай Польшчы, размешчаная на мяжы са Славакіяй), але і Кракава, Тарнава і нават з Віленшчыны.

Цікавінкай з’яўляецца факт, што да працы былі наняты, напрыклад, кваліфікаваныя каменьшчыкі з Браслава, а таксама цесляры з Палесся. Палявыя работы пачаліся 1 жніўня 1935 года.

Ніжняя станцыя канаткі ў Кузніцах (да рамонту). Autorstwa Oryginalnym przesyłającym był Walther z polskiej Wikipedii - Na Commons przeniesiono z pl.wikipedia., Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=830759 Ніжняя станцыя канаткі ў Кузніцах (да рамонту). Autorstwa Oryginalnym przesyłającym był Walther z polskiej Wikipedii - Na Commons przeniesiono z pl.wikipedia., Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=830759

Будаўніцтва канаткі было не толькі інжынерным подзвігам, але і эксперыментам, расказваў дырэктар не існуючага ўжо Чыгуначнага музею ў Варшаве Януш Санкоўскі(Janusz Sankowski):

 - Тады не было такой тэхнікі, як цяпер. Можна сказаць, што 80-90% працы трэба было выканаць уручную. Да ўзроўню 900 метраў да Каспровага верха можна было дабрацца на конях, але далей трэба было ўсё ўносіць на спіне. У нейкі момант нават пры будаўніцтве былі задзейнічаныя гуцульскія конікі.

Работы шлі ў 2-3 змены (16 гадзін у дзень) і працягваліся крыху больш за 7 месяцаў, 227 дзён, і завяршыліся 29 лютага 1936 года. Вагоны для канаткі будавалі на суднаверфі ў Гданьску, а канаты – на заводзе ў Сасноўцы.

Падвясная дарога складаецца з дзвюх незалежных частак: ад Кузніц да Мысляніцкіх турняў і ад Мысляніцкіх турняў да Каспровага верха.

Станцыя канаткі на Мысляніцкіх турнях. Autorstwa Opioła Jerzy - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=986575 Станцыя канаткі на Мысляніцкіх турнях. Autorstwa Opioła Jerzy - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=986575

Будынкі ўсіх трох станцыяў, то бок ніжняй, цэнтральнай і верхняй спраектавалі архітэктары Аляксандр і Анна Кадэльскія(Aleksander i Anna Kodelscy).

Першыя пасажыры выехалі на Каспровы верх 15 сакавіка 1936 года. Згаданую падзею так успамінала ў 2006 годзе прафесар Марыя Кадэльска, дачка архітэктараў:

 - На Каспровы верх разам з сям’ёй падымаўся тады міністр Бабкоўскі, а таксама шматлікія супрацоўнікі канаткі. Гэта была буйная ўрачыстасць з удзелам святара, які асвяціў аб’ект. Кандуктары былі ў прыгожых касцюмах, якія спраектавала мая мама. Яны былі апранутыя ў цёмна-сінія курткі, белыя штаны-пумпы, белыя каленныя шкарпэткі, туфлі на тоўстай падэшве і шапкі. Так яны былі выглядалі.

Канатная дарога на Каспровы верх была прэстыжнай і прапагандысцкай інвестыцыяй у міжваеннай Польшчы. Кошт будаўніцтва склаў больш за 3,5 мільёна злотых. З моманту запуску канатка карысталася вялікай папулярнасцю. Выдаткі акупіліся яшчэ да 1939 года.

Сярод мільёнаў пасажыраў, якія ўехалі канаткай на Каспровы верх, быў таксама Святы Айцец Ян Павел ІІ. Ён здзейсніў гэтую паездку ў чэрвені 1997 года. Паездка не была запланаваная. Падчас знаходжання ў Закапанэ Папа рымскі адправіўся на Морскае вока, а потым нечакана вырашыў выехаць на Каспровы верх. Гады пазней гэтую падзею так успамніў тагачасны кіраўнік прэс-службы Ватыкана Хаакін Навара-Вальс:

- Мы выехалі на вяршыню. Папа рымскі памятаў дакладна ўсё па дарозе. Называў паасобныя элементы панарамы. Ён расказваў, што неаднойчы пераадольваў гэтую трасу, але заўсёды пешшу. Мы выехалі на вяршыню і засталіся там каля 20 хвілінаў, любуючыся горнай панарамай.

У 2007 годзе канатную дарогу на Каспровы верх адрамантавалі. У афіцыйным адкрыцці канаткі пасля рамонту ў студзені 2008 года ўдзельнічаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.

У цяперашні час панарамным вагонікам канаткі можна даехаць на Каспровы верх за 12 хвілін. Кіраванне ажыццяўляецца з дапамогай камп'ютара, раней вагоны запускалі два кандуктары. Даўжыня канатнай дарогі – амаль 4 300 метраў. Розніца ва ўзроўні – больш за 930 метраў. У залежнасці ад сезона канатка можа перавезці больш за 3 000 чалавек у дзень, то бок больш за 600 тысяч у год.

Увесь маршрут канатнай дарогі на Каспровы верх праходзіць над Нацыянальным татранскім паркам. Аператарам пад’ёмніка з’яўляецца прадпрыемства Polskie Koleje Linowe.

Вагонік канаткі на Каспровы верх. Autorstwa EMeczKa - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3242606 Вагонік канаткі на Каспровы верх. Autorstwa EMeczKa - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3242606

Канатная дарога на Каспровы Верх карыстаецца нязменнай папулярнасцю сярод турыстаў. Зімой канаткай карыстаюцца ў асноўным лыжнікі і сноўбардысты, тым больш што на схілах Каспровага верха дзейнічаюць таксама два гарналыжныя падʼёмнікі, а агульная даўжыня лыжных трасаў складае амаль 14 кіламетраў.

Апрача таго Каспровы верх – гэта таксама скрыжаванне турыстычных маршрутаў. Адсюль па чырвонай сцежцы можна адправіцца на Чырвоныя верхі(Czerwone Wierchy) альбо на Свініцу (Świnica), а па жоўтай – спусціцца да Галу Гансеніцовую (Hala Gąsiennicowa) і да Мураванца (Murowaniec) – адной з прыгажэйшых і самых вядомых турыстычных базаў у польскіх Татрах.

az

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу