Беларуская Служба

У рамках акцыі #sadziMY за два дні ў Польшчы пасадзяць мільён дрэў

01.10.2021 14:12
У чацвер і пятніцу праходзіць польская агульнанацыянальная кампанія #sadziMY з удзелам прэзідэнцкай пары.
Аўдыё
  • У рамках акцыі #sadziMY за два дні ў Польшчы пасадзяць мільён дрэў
.
.ctvgs/pixabay.com/CC0

 Лясніцтвы па ўсёй краіне падрыхтавалі мільён саджанцаў. Гэта трэцяе выданне сумеснай акцыі прэзідэнта і прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы».

- Лясы і дрэвы забяспечваюць нас кіслародам, чысцяць паветра, станоўча ўплываюць на клімат і нашае самаадчуванне. Яны зʼяўляюцца домам для многіх відаў раслін, грыбоў і жывёл. Яны забяспечваюць найбольш экалагічную сыравіну, драўніну, ствараючы дамы і для нас, – падкрэслівае дырэктар «Дзяржаўных лясоў» Юзаф Кубіца. Пра гэта таксама гаворыцца ў рэкламным роліку кампаніі #sadziMY:

-Лес – заўсёды блізка. Дае прытулак, ачышчае паветра. Мы карыстаемся ім адказна. Ляснічыя кожны дзень клапоцця пра тое, каб лесу хапіла нам і нашым дзецям. Таму мы чарговы раз далучаемся да акцыі прэзідэнцкай пары #sadziMY. З клопатам пра лес, з карысцю для кожнага.

У лясніцтвах, акрамя таго, што раздаюць саджанцы, то таксама расказваюць, як і куды саджаць асобныя віды. Сёння невялікае дрэўца вырасце і будзе мець некалькі дзясяткаў метраў. Такое дрэва – выдатны спосаб адзначыць важную падзею для сямʼі ці мясцовай супольнасці. І нагода для сустрэчы з роднымі і блізкімі.

-Лясніцтвы падрыхтавалі спецыяльныя месцы, дзе будуць раздаваць саджанцы елак, дуба, граба, ліпы. Гэта цудоўная нагода, каб прастора вакол нас стала больш зялёнай. Мы таксама хочам паказаць, што драўніна з’яўляецца самай экалагічнай сыравінай у свеце, цалкам аднаўляльнай. Важна, канешне, каб карыстацца ёй адказна, – гаворыць Адам Петшак з лясніцтва ў Ольштыне.

Колькасць лясоў у Польшчы пастаянна расце, яны ўжо займаюць траціну плошчы краіны.
Кампанію #sadziMY афіцыйна адкрылі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і першая лэдзі Агата Корнхаўзэр-Дуда. 1 кастрычніка прэзідэнцкая пара прыняла ўдзел у пасадцы дрэў у лясніцтве Пётркаў разам з працаўнікамі дзяржаўнай адміністрацыі, гарцэрамі, салдатамі, пажарнымі і супрацоўнікамі «Дзяржаўных лясоў».

Калі казаць пра лясныя масівы, то Польшча знаходзіцца сярод лідараў у Еўропе. У цяперашні час лясная плошча Польшчы складае больш за 9,2 млн га, што адпавядае лясістасці 29,6%. Пераважная большасць – гэта дзяржаўныя лясы, з якіх больш за 7,3 мільёна гектараў знаходзяцца ў падпарадкаванні нацыянальнай кампаніі «Дзяржаўныя лясы».

Колькасць лясоў у Польшчы працягвае расці. Лясістасць краіны павялічана з 21% у 1945 г. да 29,6% у цяперашні час (паводле дадзеных Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення за снежань 2018 г.). Нацыянальная праграма прадугледжвае павелічэнне лясістасці да 33% у 2050 годзе.

Лясы Польшчы багатыя раслінамі, жывёлай і грыбамі. У іх жыве каля 65% відаў раслін, жывёлы і грыбоў. Найбольш распаўсюджаныя дрэвастоі ў польскіх лясах маюць ад 40 да 80 гадоў. Сярэдні ўзрост лесу складае 60 гадоў, і ёсць усё больш дрэў старэй за 80 гадоў. Дрэвы, старэйшыя за 100 гадоў, займаюць 13% лясоў.

Чым больш развітая і сучасная эканоміка, тым больш драўніны ёй трэба. За апошнія два дзесяцігоддзі спажыванне драўніны ў Польшчы павялічылася ў два з паловай разы. Мяркуецца, што сёння драўніна выкарыстоўваецца ў каля 30 тысячах выпадках, напрыклад, у будаўніцтве, горназдабыўной прамысловасці, энергетыцы, для вытворчасці сельскагаспадарчай і прамысловай тэхнікі, падлог, мэблі, дошак, паперы і ўпаковак, інструментаў, музычных інструментаў, спартыўнага інвентару, цацак і офіснага тавару.

Паходжанне, спосаб атрымання і фізічныя ўласцівасці драўніны робяць яе самым натуральным і прыязным матэрыялам, які чалавек выкарыстоўвае ў такім маштабе. Гэта незаменны элемент сённяшняга «экалагічнага» ладу жыцця, каб жыць у гармоніі з прыродай і здароўем. Ва ўмовах змен клімату важна таксама, што не толькі жывыя дрэвы паглынаюць значную колькасць вуглякіслага газу. Вырабы з драўніны таксама зʼяўляюцца выдатным паглынальнікам CO2.

ав/lasy.gov.pl

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце