Абвастрэнне хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх (ХАХЛ) павышае рызыку смерці, нагадалі эксперты з нагоды Сусветнага дня ХАХЛ, які прыпадае 17 лістапада. На жаль, у Польшчы пацыенты паведамляюць лекарам толькі пра 40% гэткіх выпадкаў.
Ва ўсім свеце ад ХАХЛ пакутуюць да 384 мільёнаў чалавек. Захворванне з'яўляецца трэцяй прычынай смерці пасля хвароб сэрца і інсульту. У сярэднім у свеце з-за хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх кожныя 10 секунд памірае адзін чалавек. Паводле агульных ацэнак, у Польшчы пражывае каля 2 мільёнаў людзей з ХАХЛ.
«Хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх – адно з самых распаўсюджаных захворванняў. Яно стаіць на адным узроўні з гіпертаніяй, дыябетам і астмай. Сацыяльнае значэнне хваробы для здароўя шырокай грамадскасці вельмі важнае», – кажа старшыня Польскага таварыства лёгачных хвароб, загадчык кафедры лёгачных хвароб Інстытута туберкулёзу і лёгачных хвароб у Варшаве прафесар Павел Слівіньскі.
Хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх развіваецца незаўважана на працягу многіх гадоў і прыводзіць да дыхальнай недастатковасці. Асноўным фактарам рызыкі ейнага развіцця зʼяўляецца курэнне цыгарэт (у 80% выпадкаў), а таксама доўгатэрміновае ўздзеянне шкоднага пылу і газаў.
Інфекцыя ў дыхальнай сістэме паступова закранае ўвесь арганізм пацыента. Захворванне немагчыма вылечыць, але можна значна запаволіць яго плынь.
PAP/аз