Адзінокая маці Эйпл Стрынгфілд і яе 13-гадовы сын атрымалі дом, надрукаваны на 3D-прынтары ад міжнароднай арганізацыі дапамогі Habitat for Humanity. Гэта адзін з першых такіх дамоў у ЗША.
Друк вонкавых і ўнутраных сцен будынка плошчай у 111 кв.м. заняў 12 гадзін. Гэта скараціла стандартныя тэрміны будаўніцтва як мінімум на чатыры тыдні.
У новым доме ёсць тры спальні і два ванныя пакоі. Дом таксама абсталяваны 3D-прынтарам, дзякуючы якому яго новыя жыхары змогуць самастойна раздрукаваць неабходныя дэталі.
Пры будаўніцтве дома быў выкарыстаны бетон, дзякуючы чаму скараціўся кошт праекта. Цэны на драўніну, з якой звычайна будуюць дамы ў ЗША, выраслі ў час пандэміі на 50%. Бетонныя сцены да таго ж больш устойлівыя да магчымых пашкоджанняў ад тарнада і ўраганаў.
Эйпл Стрынгфілд адна выхоўвае сына, яна не магла дазволіць сабе купіць уласную кватэру і таму звярнулася да дабрачыннай арганізацыі Habitat for Humanity. Будаўніцтва жылля адбываецца сумеснымі намаганнямі валанцёраў і будучых домаўладальнікаў, якія звычайна разам будуюць і рамантуюць дамы.
Стрынгфілд перад тым, як папрасіла дапамогу, адпрацавала ў арганізацыі 300 гадзін.
IAR/яс