Беларуская Служба

Мінадукацыі Польшчы: Вучні і студэнты з Украіны змогуць працягваць адукацыю ў Польшчы

02.03.2022 12:45
Адначасова польскае ведамства прыпыняе кантакты з расійскімі навукоўцамі, універсітэтамі і даследчымі цэнтрамі.
Аўдыё
  • Вучні і студэнты з Украіны змогуць працягваць адукацыю ў Польшчы.
         .
Вучні і студэнты з Украіны змогуць працягваць адукацыю ў Польшчы. PAP/Darek Delmanowicz

Ад пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў Польшчу з’ехала больш за 450 тысяч украінскіх бежанцаў. Паводле дадзеных на 1 сакавіка, сярод іх было больш за 200 тысяч дзяцей і моладзі. Па меры абвастрэння сітуацыі ва Украіне, іх колькасць пастаянна павялічваецца. Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі запэўнівае, што польская сістэма адукацыі да гэтага падрыхтаваная.

Вучні і студэнты з Украіны змогуць працягнуць адукацыю ў Польшчы. Няведанне польскай мовы не з'яўляецца фармальнай перашкодай. Міністр нацыянальнай адукацыі і навукі ў Польшчы Пшэмыслаў Чарнэк размаўляў па гэтай справе з міністрам адукацыі і навукі Украіны Сяргеем Шкарлетам.

Пшэмыслаў Чарнэк(Przemysław Czarnek) запэўніў, што польская сістэма адукацыі гатовая прыняць бежанцаў з Украіны, у тым ліку кожнага вучня:

- Мы гарантуем апеку ўсім дзецям украінскіх бежанцаў, якія прыедуць у Польшчу. Зараз мы не ўстане ацаніць, колькі іх можа быць. У нас патэнцыял ёсць. Нагадваю, што з-за дэмаграфічных зменаў, цягам апошніх гадоў, колькасць дзяцей, ахопленых адукацыйнай сістэмай у Польшчы зменшылася на 1,5 мільёна дзяцей. Таму праблемаў са школьнай інфраструктурай, перад абліччам хвалі бежанцаў з Украіны, няма.

У сваю чаргу намеснік міністра адукацыі і навукі паведаміў, што міністэрства максімальна спрасціла правілы набору вучняў з Украіны ў польскія школы. Дарыюш Піянткоўскі(Dariusz Piontkowski) дадаў, што ў бліжэйшы час у школах будуць створаны гэтак званыя падрыхтоўчыя аддзяленні для вучняў з Украіны:

- Мы мяркуем, што большасць дзяцей з Украіны недастаткова ведаюць польскую мову, каб мець магчымасць свабодна ўдзельнічаць у занятках са сваімі польскімі аднагодкамі. Ёсць і адрозненні ў навучальных праграмах паміж дзвюма сістэмамі адукацыі. Таму большасць дзяцей і падлеткаў, якія прыехалі ці прыедуць у Польшчу, у бліжэйшыя месяцы будуць вучыцца ў т.зв. падрыхтоўчых аддзяленнях ці класах.

Намесніца міністра адукацыі і навукі Мажэна Махалэк(Marzena Machałek) паведаміла, што вучні з Украіны змогуць разлічваць на дапамогу псіхолагаў і педагогаў:

- Мы падрыхтавалі псіхалагічна-педагагічныя рэкамендацыі, якія паказваюць, як размаўляць з дзецьмі пра вайну ва Украіне, не павялічваючы іх трывогі, і дапамагаць дзецям, якія прыехалі да нас з раёнаў, пацярпелых ад вайны, выводзячы іх з траўмаў.

Кіраўнік міністэрства адукацыі Пшэмыслаў Чарнэк дадаў, што адукацыйная сістэма, якая ахапіць бежанцаў з Украіны, павінна быць вельмі «гнуткай», паколькі час знаходжання дзяцей-уцекачоў у Польшчы залежыць ад працягласці вайны:

- Мы разумеем, што адукацыйная апека над вучнямі і студэнтамі з Украіны, мае часовы характар. Таму адукацыйная сістэма для ўкраінскіх дзяцей і моладзі мае, перш за ўсё, гнуткі характар. Гаворка ідзе пра тое, каб яна ахапіла ўсіх дзяцей-бежанцаў, але таксама дазваляла неадкладна вярнуцца ва Украіну, калі з’явіцца таксама магчымасць.

Прэс-сакратар міністэрства адукацыі Анна Астроўска(Anna Ostrowska) кажа, што заняткі ў школах для ўкраінскіх вучняў спачатку не абавязкова павінны быць тыповымі:

- Дзіця з Украіны можа ўдзельнічаць у дадатковых занятках па польскай мове. Калі дастаткова ведае польскую мову – можа вучыцца ў нармальным рэжыме разам з польскімі аднагодкамі. Тут павінны неадкладна рэагаваць муніцыпалітэты – правяраць ці ў дадзенай школе ёсць месцы для бежанцаў з Украіны, ці трэба стварыць для іх падрыхтоўчыя класы. Нагадваю, мы не да канца ведаем сітуацыю дзяцей і вучняў з Украіны.

Між тым Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі Польшчы разрывае супрацоўніцтва з навуковымі ўстановамі Расіі, навукоўцамі, універсітэтамі і даследчымі цэнтрамі. «Гэта адназначная дэкларацыя польскага боку» – паведаміў намеснік міністра адукацыі і навукі Уладзімер Бярнацкі(Włodzimierz Bernacki):

- Па-першае, мы заканчваем супрацу ў рамках Абʼяднанага інстытута ядзерных даследаванняў у падмаскоўскім Дубне і Міжнароднага цэнтра навукова-тэхнічнай інфармацыі. Па-другое, Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі Польшчы спыняе таксама супрацу з Расіяй, якое вынікае з пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхнікі, заключанага 25 жніўня 1993 года. На практыцы, гэта азначае прыпыненне кантактаў з расійскімі навукоўцамі, універсітэтамі і даследчымі цэнтрамі.

Уладзімер Бярнацкі таксама паведаміў, што праца па ўзаемным прызнанні дыпломаў будзе спыненая:

- Мы не бачым магчымасці працягу працы над праектам пагаднення паміж урадам Рэспублікі Польшча і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб узаемным прызнанні атэстатаў, дыпломаў, перыяду навучання, адукацыі, кваліфікацыі і навуковых тытулаў.

Міністэрства адукацыі таксама паведаміла, што адукацыю ў Польшчы змогуць працягваць таксама студэнты з Украіны. Гаворка ідзе таксама пра польскіх студэнтаў, якія вучыліся ва Украіне, а таксама польскіх выкладчыкаў, якія працавалі ва Украіне, і ўкраінскіх выкладчыкаў, якія прыехалі ў Польшчу.

Усе яны падлягаюць сацыяльнаму і медыцынскаму страхаванню на тых жа ўмовах, як і палякі. Універсітэты маюць уласны парадак пераводу студэнтаў з замежных ВНУ.

Падрабязную інфармацыю, у тым ліку, на ўкраінскай мове, пра правілы прыёму вучняў і студэнтаў з Украіны ў польскія навучальныя ўстановы можна знайсці на сайце Міністэрства нацыянальнай адукацыі і навукі Польшчы.

IAR/аз

Зараз у Польшчы дзейнічае 27 пунктаў прыёму для бежанцаў

01.03.2022 14:30
Мы павінны прыняць усіх, хто ўцякае з Украіны, кажа віцэ-кіраўнік польскага МУС.