Беларуская Служба

Беларуская праваабаронца-валанцёрка ў Кракаве: Людзі моцна стомленыя, дэзарыентаваныя ад стрэсу

07.03.2022 20:17
Польская Памежная служба паведамляе, што з 24 лютага ў Польшчу з’ехала больш за мільён украінцаў.
Аўдыё
  • Адзін са складаных момантаў: многія ўкраінцы едуць з наяўнымі грыўнямі, якія цяпер амаль немагчыма абмяняць. У выніку ўжо тут людзі разумеюць, што засталіся без аніякіх сродкаў для жыцця.
Zbiórka rzeczy dla uchodźców z Ukrainy, którzy mają zostać zakwaterowani w hotelu Krakus w Krakowie, 27 lutego 2022 roku. W hotelu ma zostać przyjęta grupa około 120 osób, kobiet i dzieci
Zbiórka rzeczy dla uchodźców z Ukrainy, którzy mają zostać zakwaterowani w hotelu "Krakus" w Krakowie, 27 lutego 2022 roku. W hotelu ma zostać przyjęta grupa około 120 osób, kobiet i dzieci PAP/Łukasz Gągulski

Праваабаронца з Беларусі Алена Лапцёнак, якая была вымушаная з’ехаць з Радзімы пад пагрозаю крымінальнага зняволення, цяпер працуе як валанцёр на чыгуначным вакзале ў Кракаве – у гэты горад, як першы пункт у Польшчы, прыязджае ці не большасць уцекачоў.

Слухайце далучаны файл!

Многія з уцекачоў з Украіны едуць далей на захад, у Польшчы шмат хто з іх мае родных, сяброў, знаёмых, якія дапамагаюць уладкавацца. Разам з тым ёсць і зусім адзінокія людзі, якія ўцяклі ад бомбаў і вайны. Па ўсё Польшчы цяпер ёсць вялікі рух салідарнасці з Украінаю, дзейнічае шмат валанцёрскіх ініцыятыў.

– Тут вельмі шмат людзей з Украіны. У асноўным гэта цягнікі, але і аўтобусы іх вязуць. У большасці выпадкаў гэта пункт перасадкі, людзі едуць далей у іншыя краіны ці іншыя гарады, але шмат хто не ведае, куды ехаць далей, людзі проста ў роспачы. Таму на вакзале ёсць некалькі пунктаў, дзе людзі чакаюць перасадкі. Ім даюць квіткі бясплатна, частка валанцёраў стаіць побач з касамі і дапамае ўкраінцам узяць квіткі далей. Калі чалавек узяў квіток, ён разумее, колькі яму трэба чакаць. Калі гэта некалькі дзён, то валанцёры шукаюць, дзе можна перабыць гэты час. Калі ж чакаць да 12-ці гадзін, то яны застаюцца на вакзале. Кіраўніцтва выдзеліла памяшканні, дзе паставілі раскладушкі, паклалі матрацы, паддоны драўляныя. Ёсць пункты, куды прыносяць коўдры, падушкі.

Асноўная праблема: людзі вельмі-вельмі стомленыя. Яны па двое-трое сутак у дарозе, адна жанчына сказала, што яна пяць сутак ехала. Безумоўна, сядзець чакаць сілаў няма.

Найперш уладкоўваць жанчын з дзецьмі, хто без дзяцей мусіць чакаць. Адна жанчына прыйшла ў істэрыцы і сказала, што двое сутак не спала і больш не можа трываць, прасіла яе хоць дзе пакласці, бо ў адваротным выпадку ляжа проста на падлозе. І сапраўды шмат хто ляжыць на падлозе на вакзале: кладуць знізу свае рэчы, і самі і дзеці так ляжаць. Бо месцаў проста не ха-па-е.

Адзін са складаных момантаў: многія ўкраінцы едуць з наяўнымі грыўнямі, якія цяпер амаль немагчыма абмяняць. У выніку ўжо тут людзі разумеюць, што засталіся без аніякіх сродкаў для жыцця.

Спадарыня Алена Лапцёнак кажа, што ў асноўным едуць маладыя жанчыны з дзецьмі, але ёсць і вельмі сталыя, напрыклад, яна дапамагала паехаць далей, у Познань, 85-гадовай жанчыне, якая была моцна дэзарыентаваная ад стрэсу.

Праваабаронца мяркуе, што Еўропа справіцца з гэтаю хваляй уцекачоў. Верагодна, пэўная частка людзей вернецца дадому, калі скончыцца вайна. Цяпер жанчыны і дзеці з’язджаюць ад страху вайны, небяспекі.

– У Польшчы збіраюцца спрасціць заканадаўства міграцыйнае, бо нават працэдуру бежанства немагчыма цяпер зрабіць. Украінцы маюць 90 дзён, каб жыць без візы. Але, зразумела, ніхто не будзе іх выганяць і пасля. Я не ведаю, які працэнт насельніцтва вернецца, калі спыніцца вайна і будзе магчымасць адбудоўваць краіну, сваю Радзіму. Бягуць то ў асноўным жанчыны з дзецьмі. А іх мужы засталіся там. І я не думаю, што людзі, якія абаранялі сваю краіну, захочуць некуды ехаць. І як сям’я будзе жыць на адлегласці? Многія цяпер едуць, бо немагчыма ў бамбасховішчы суткамі, калі няма вады-святла. Некаторыя едуць ад страху, ёсць людзі з мясцовасцяў, дзе не ідуць баі цяпер, але яны баяцца.


вх