Падчас ваенных дзеянняў ва Украіне расійскія сілы захапілі Чарнобыльскую АЭС, а Запарожская атамная станцыя – найбуйнейшы аб'ект такога тыпу ў Еўропе – стала абʼектам расійскіх абстрэлаў. Быў парушаны вучэбны комплекс, але сама электрастанцыя не пацярпела. Хаця спецыялісты падкрэсліваюць, што рызыкі няма, напалоханыя людзі ў суседніх краінах пачалі масава купляць у аптэках раствор Люголя.
Раствор Люголя – гэта распрацаваны французскім лекарам Жанам Люголем у 1829 годзе водны раствор чыстага ёду ў ёдыдзе калію. Прэпарат даступны без рэцэпту ў аптэках. Ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне прычыніліся да таго, што зараз шмат людзей на ўласную руку спрабуе прымаць згаданы прэпарат, што, паводле экспертаў, можа выклікаць адмоўныя наступствы для арганізма. Што такое раствор Люголя, паясняе старшыня Польскага таварыства аутаіммунных захворванняў доктар Войцех Шыпоўскі (Wojciech Szypowski):
- Раствор Люголя ўтрымлівае вялікую колькасць чыстага ёду. Ёд – гэта элемент вельмі важны для нашага арганізма, паколькі ён патрэбны шчытападобнай залозе да выпрацоўкі гармонаў шчытавіцы. Гэта вельмі важныя гармоны, якія гарантуюць правільную працу цэлага арганізма. Таму вельмі важна, каб наш арганізм рэгулярна атрымліваў ёд.
Ёд неабходны для нармальнага функцыянавання арганізма. Недахоп ёду выклікае стомленасць, зніжэнне актыўнасці, залішнюю вагу, праблемы з мысленнем, тупасць, слабасць валасоў, сэрцабіцце, пачашчэнне пульса. Дэфіцыт ёду выклікае нервовасць і ўзмацняе пачуццё холаду. Чалавек менш устойлівы да стрэсу.
Ёд таксама ўдзельнічае ў рэгуляванні ўзроўню халестэрыну ў арганізме, асабліва ў дзяцей удзельнічае ў фізічным развіцці, гэта значыць уплывае на рост; удзельнічае ў спальванні вугляводаў. Адным словам: гэта неабходны элемент для функцыянавання арганізма.
Раствор Люголя стаў шырока вядомы пасля ядзернай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Тады згаданы прэпарат давалі людзям не толькі ў Польшчы, каб зменшыць адмоўнае дзеянне радыяцыі:
- Калі шмат гадоў таму на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбых і радыеактыўны ёд быў выкінуты ў паветра, тагачасная канцэпцыя заключалася ў тым, каб насыціць шчытападобную залозу вялікай колькасцю ёду, каб зменшыць паглынанне радыеактыўнага ёду з забруджанага паветра. Тады згаданае рашэнне здавалася найбольш адэкватным. Цяпер мы ведаем, што вынікі такога дзеяння былі невялікія. У сваю чаргу перыяд паўраспаду ёду кароткі – складае каля 8 дзён. Аднак тады думалі, што, калі шчытападобная залоза будзе насычаная ёдам, то ў сітуацыі, калі радыеактыўнае воблака перамясціцца над Польшчу, яна не будзе паглынаць ёду з забруджанага паветра.
У 1986 годзе такое рашэнне прыняла Цэнтральная лабараторыя радыелагічнай абароны. З-за інфармацыйнай блакады з боку Савецкага Саюза не было да канца вядома, ці можа назапашвацца радыяцыя. Таму, на ўсялякі выпадак, улады рэкамендавалі прыняць раствор Люголя. Аднак, з перспектывы часу, згаданае рашэнне выклікае неадназначныя ацэнкі:
- Ёд зʼяўляецца важным элементам. Аднак яго празмернае паступленне ў наш арганізм можа выклікаць адмоўныя наступствы. Напрыклад, нашая шчытападобная залоза можа спыніць паглынаць ёд. Скажам так, яна спыніць працаваць. Гаворка ідзе пра гіпатэрыёз, то бок зніжэнне функцый шчытападобнай залозы. Інакш кажучы, яна не будзе выпрацоўваць дастатковай колькасці гармонаў шчытавіцы.
Менавіта таму Войцех Шыпоўскі перасцерагае перад безадказным прыманнем прэпаратаў, якія ўтрымліваюць канцэнтраваны ёд:
- Трэба памятаць, што цяпер ёд знаходзіцца таксама ў солі, якую мы штодзённа спажываем. У сувязі з гэтым шчытападобная залоза не мусіць паглынаць столькі ёду з паветра. Таму спажыванне канцэнтраванага ёду, напрыклад, у выглядзе раствору Люголя не настолькі карыснае, як штодзённае спажыванне прадуктаў, у якіх ёд выступае.
- паясняе старшыня Польскага таварыства аутаіммунных захворванняў доктар Войцех Шыпоўскі.
Ёд неабходны для нармальнага функцыянавання арганізма. З другога боку фармацэўты перасцерагаюць, што без рэцэпту ў аптэцы можна купіць выключна ёдзмяшчальныя прэпаратаў вонкавага прымянення. Гэта тычыцца, як раствору Люголя, так і этылавага раствору ёды – дэзінфікуючага сродка. У выніку прыёму ёдзмяшчальных прэпаратаў вонкавага прымянення могуць узнікнуць алергічныя рэакцыі арганізма, а нават рак шчытападобнай залозы, перасцерагаюць фармацэўты. Апрача таго перадазіроўка ёду можа выклікаць млоснасць, ваніты, нястраўнасць, панос.
Старшыня Нацыянальнага агенцтва па атамнай энергіі Польшчы Лукаш Млынаркевіч(Łukasz Młynarkiewicz) заявіў, што расійскі абстрэл «не пашкодзіў сістэмаў, важных для ядзернай бяспекі» Запарожскай электрастанцыі. Ён дадаў, што павышэння ўзроўню радыяцыі на Запарожскай АЭС не было, а радыяцыйная абстаноўка ў Польшчы таксама не адрозніваецца ад таго, што было да агрэсіі Расіі супраць Украіны.
PR1/аз