Ужо больш за 150 тысяч палякаў падтрымалі грамадзянскую заканадаўчую ініцыятыву: «У абарону хрысціян», аўтарства кааліцыйнай правай партыі «Салідарная Польшча», паведаміў у інтэрв’ю выданьню «Nasz Dziennik» намеснік міністра юстыцыі Марцін Раманоўскі.
Газета запыталася ў віцэ-міністра пра рэакцыю грамадзян на заканадаўчую ініцыятыву. «Назіраецца вялікае зацікаўленне, мы атрымліваем шмат слоў падтрымкі, што ўжо адлюстравалася ў больш чым 150 тысячах подпісаў за законапраект», – сказаў Раманоўскі. Ён падкрэсліў, што «гэтая справа вельмі важная для многіх палякаў, якія выразна бачаць неабходнасць зменаў у абароне рэлігійнай свабоды».
На думку віцэ-міністра, «узмацненне варожасці да Касцёла і хрысціян пастаянна падаграваецца неалібераламі».
«У мінулым годзе было амаль 160 выпадкаў парушэнняў права на рэлігійную свабоду, у 2020 годзе – ажно 311! У параўнанні з 2019 годам, калі такіх інцыдэнтаў было 72, назіраецца значны рост нянавісці да хрысціян», – адзначыў віцэ-міністр юстыцыі ў размове з газетай «Nasz Dziennik», якая нагадвае, што падтрымаць заканадаўчую ініцыятыву можна яшчэ цягам месяца.
аз