Беларуская Служба

Стваральнікі платформы «Новая Беларусь»: Кожная краіна пачынаецца з людзей

05.12.2022 13:23
Платформа, якая па словах стваральнікаў можа стаць фундаментам для беларускай лічбавай дзяржавы, гатовая да спампавання і тэставання беларусамі.
.
..

Платформа з’яўляецца спробай стварыць віртуальную прастору, у якой могуць збірацца беларусы ўнутры краіны і тыя, хто быў вымушаны яе пакінуць.

Пасля 2020 году адбыўся велізарны разрыў сацыяльных сувязяў адбыўся адток людзей з краіны, беларусы пачалі думаць, як ім быць далей. Новая Беларусь – гэта прастора, якая дазволіць грамадству зноў узаемадзейнічаць адзін з адным, як адзінай нацыі, якая будзе вяртаць гарызантальныя сувязі паміж людзьмі і прыносіць ім рэальную карысць, гаворыць распрацоўшчык платформы Павал Лібер.

-«Новая Беларусь» для мяне – гэта эвалюцыя вялікай колькасці лічбавых прадуктаў, накіраваная на падтрымку грамадзянскай супольнасці, сацыяльна-культурнага пласту, гарызантальных адносін паміж людзьмі пры дапамозе лічбавых прадуктаў. Каб захоўваць нацыю, захоўваць людзей, якія могуць узаемадзейнічаць.

Платформа ўмоўна падзеленая на тры пласты. Першы – сацыяльна-культурны. У спампаваным прыкладанні можна пабачыць мноства культурніцкіх падзей. Гэта таксама шэраг культурных, гістарычных, адукацыйных сэрвісаў, скіраваных на вывучэнні мовы, культуры, гісторыі.
На платформе створаны модуль дла афлайн-сустрэч, які дазваляе знаходзіць людзей у любых краінах. Таксама змешчаны модулі, які дазваляюць пазнаёміцца з беларускай музыкай, фільмамі, youtube-каналамі.

-Увесь гэты пласт пра тое, каб людзі ўзаемадзейнічалі адзін з адным. Ён непалітычны. Накіраваны на тое, каб мы захоўвалі сваю культуру, вучыліся, супрацоўнічалі адзін з адным, каб людзі атрымлівалі канкрэтную карысць, знаходзячыся на гэтай платформе. Чаму мы так засяроджваемся на сацыяльна-культурным пласце? Калі мы ўжо сур’ёзна замахваемся на віртуальную краіну, то ніякая краіна не пачынаецца з ураду. Кожная краіна пачынаецца з людзей. Калі ў нас не будзе беларусаў, то ўсё астатняе не мае сэнсу. Апошнія два гады добра паказалі, што ніхто беларусам не дапаможа вырашаць іх праблемы, акрамя саміх беларусаў, - расказвае Павал Лібер.

Другі пласт – эканамічны. Платформа падтрымлівае беларускія бізнесы, якія адчыніліся за мяжой. На сённяшні дзень ужо ёсць 1,5 тысячы такіх кропак.

-Такім чынам мы падтрымліваем малое беларускае прадпрымальніцтва, тым больш, што для многіх людзей гэта сапраўды пытанне выжывання. У новай краіне ім прыходзіць адаптавацца, а мы іх такім чынам істотна падтрымліваем. З 2020 году адбыўся вялікі адток лекараў, юрыстаў, настаўнікаў. Ствараліся платформы, якія іх аб’ядноўвалі. Яны ўваходзяць у нашую платформу. Напрыклад, у нас ёсць медыцынская платформа.

Аналагічная сітуацыя з юрыдычнымі паслугамі. У перспектыве – запуск вялікай адукацыйнай платформы.

Трэці пласт – палітычны, які будзе фундаментам будучай палітычнай сістэмы. Пакуль на платформе дадзена магчымасць ствараць свае суполкі, структураваць мясцовае самакіраванне, расказвае Яраслаў Ліхачэўскі.

-Сёння гэтым функцыяналам прасцей будзе карыстацца суполкам, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. Аднак мы будзем прыкладаць намаганні, каб знаходзіць суполкі ўнутры краіны і дапамагаць ім бяспечна структураваць свае камьюніці дзеля вырашэння сваіх мясцовых праблем. Напрыклад, у нас гэта некалькі суполак дыяспараў у розных краінах. Ім трэба дапамагаць прыцягваць новых сябраў, структураваць працу, даваць digital-інструменты. Мы ставім мэту, дапамагаць такім асацыяцыям. Калі мы навучымся дамаўляцца на ўзроўні мясцовага самакіравання, то гэта дасць нам шанец і надзею на тое, што калі-небудзь мы зможам будаваць свае нацыянальныя дэмакратычныя інстытуты, як парламент ці ўрад. Вырашаць праблемы, якія занадта вялікія для мясцовых суполак. Мы запрашаем беларусаў далучацца да платформы, абмяркоўваць і галасаваць па пытаннях, з якой палітычнай сістэмы мы пачнем.

Гэта пляцоўка, на якой беларусы змогуць бяспечна і адкрыта абмяркоўваць пытанні, якія іх хвалююць, вучыцца дамаўляцца, як разам жыць далей і будаваць уласны лёс, канстатаваў Яраслаў Ліхачэўскі.

Распрацоўшчыкі платформы пераконваюць, што «Новая Беларусь» мае некалькі ўзроўняў бяспекі. Кожнаму карыстальніку гарантавана ананімнасць, збору персанальных дадзеных на платформе не адбываецца. Калі для карыстальнікаў у Беларусі сама наяўнасць прыкладання будзе ўяўляць пагрозу, то будзе створаны сайт, на які можна будзе заходзіць праз VPN.

У дадзены момант платформа знаходзіцца на этапе масавага тэставання. Спампаваць яго можна па спасылцы: https://linktr.ee/newbelarus.com.

ав