Калядныя святы палякі па традыцыі праводзяць часцей за ўсё ў сваіх дамах у кругу сям’і. Аднак не ўсе любяць падрыхтоўку да святаў і доўгія гадзіны за святочным сталом. Таму кожны год нейкая частка жыхароў Польшчы вырашае на гэты час адправіцца ў падарожжа. Пра самыя папулярныя кірункі піша Gazeta Polska.
Калі палякі і рашаюцца выехаць на святы, то як правіла яны выбіраюць падарожжа ўнутры сваёй краіны, часцей за ўсё гэта поўдзень Польшчы, дзе самай вялікай папулярнасцю ўжо шмат гадоў карыстаецца гарадок Закапанэ. Папулярныя таксама горныя курорты Карпач і Шклярска Парэмба. Прыкладна кожны дзясяты вырашае выехаць на адпачынак на Балтыйскае мора.
Прааналізаваўшы запыты на турыстычным сайце Nocowanie.pl, аўтары прыходзяць да высновы, што сёлета палякі выбіраюць адпачынак, які доўжыцца ад двух да пяці дзён, значна радзей турысты вырашаюцца спалучыць выезд на Калядныя святы з навагоднім.
Адна чацвёртая турыстаў, якія купляюць калядны адпачынак, гэта бяздзетныя пары (23%), 12% – двое дарослых з двума дзецьмі. Важнейшым фактарам выбару месца адпачынку застаецца цана. Сярэдні кошт такога падарожжа – гэта 128 злотых за аднаго чалавека за суткі ($ 29), амаль на 30% больш, чым падчас летніх вакацыяў у гэтым годзе.
Менш людзей вырашае правесці святы за мяжой, як правіла ў цёплых краінах. Самы папулярны напрамак – Егіпет, далей ідуць Іспанія, Дамінікана, Тайланд і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.
нг