Арганізацыя Аб'яднаных Нацый паказвае, што 1/3 прадуктаў харчавання, якія вырабляюцца ў свеце, выкідваецца, у абсалютных лічбах гэта 1,3 мільярда тон. Палякі марнуюць каля 5 мільёнаў тон ежы ў год. З іх 15% складаюць страты на этапе перапрацоўкі, яшчэ 15% ежы марнуецца на этапе гандлю, але за 60% страт адказнасць нясуць спажыўцы. Сёлета Міністэрства сельскай гаспадаркі Польшчы зладзіла інфармацыйную кампанію пра праблему марнавання ежы.
Каб праілюстраваць праблему, міністэрства прыводзіць наступныя дадзеныя: у Польшчы кожную секунду ў сметнік трапляе 153 кг прадуктаў, з якіх ажно 92 кг выкідваюць спажыўцы. Аднак найбольш балюча тое, што кожную секунду палякі выкідваюць у сметнік 184 боханы хлеба.
Кампанія міністэрства накіравана на асвету ў галіне разумнага і адказнага распараджэння прадуктамі харчавання і скарачэння марнавання прадуктаў у краіне.
І хоць кожны год спецыялісты нагадваюць пра асноўныя правілы, якія дапамогуць рабіць разумныя пакупкі, то праблема надалей мае велізарныя маштабы. Святочны час, нягледзячы на крызіс, выкліканы расійскай агрэсіяй супраць Украіны, асацыюецца з шыкоўна накрытым сталом, які ажно ломіцца ад розных страваў.
У перадкалядным шаленстве лёгка страціць галаву: прывабныя акцыі, разнастайнасць даступных тавараў, эстэтычная ўпакоўка, якая заахвочвае да пакупак. Прадуманыя пакупкі дазволяць не толькі скараціць колькасць выкінутых прадуктаў, але і – што сёння асабліва важна – зэканоміць.
Адпраўляючыся за каляднымі пакупкамі, трэба прытрымлівацца строга пазначанага спісу прадуктаў, якія неабходна купіць. Рыхтаваць яго лепш за ўсё зыходзячы з таго, што мы плануем гатаваць. Спіс дапаможа выбраць патрэбныя тавары, каб у кошыку іх не было занадта шмат.
Правільная планіроўка страў, якія будуць суправаджаць нас на святочным стале, дазволіць нам пазбегнуць тых страў, якія, напрыклад, не падабаюцца дамачадцам. Такім чынам мы пазбегнем, напрыклад, салату, зʼедзенага толькі ў ¼.
- Праверка запасаў – перш чым адправіцца за пакупкамі, варта праверыць кухонныя шафы. Дзякуючы загадзя падрыхтаванаму спісу страў мы зможам запланаваць пакупкі так, каб прадукты, якія ўжо ёсць у нашых запасах, не дублявалі адзін аднаго.
Норберт Канаржэўскі з Федэрацыі польскіх харчовых банкаў падкрэслівае, што лішкі набытых прадуктаў можна лёгка выкарыстоўваць:
-Трэба падумаць, ці некаторыя прадукты харчавання мы не ў стане замарозіць. Добрай ідэяй будзе тое, каб падзяліцца гэтымі прадуктамі. Калі ў нас засталося шмат святочных страваў, можна запытацца ў суседзяў, ці яны не хацелі б узяць у нас часткі з іх. Таксама можна скарыстацца паслугамі пунктаў, дзе можна абменьвацца ежай.
У краінах Еўропы, у тым ліку ў Польшчы, такія пункты ёсць, кожны можа паставіць у такую лядоўню ствае стравы ці ўзяць іншыя.
Як дадае Норберт Канаржэўскі, перш чым аддаць ежу, мы павінны пераканацца, што яна належным чынам захоўвалася:
-Калі мы няправільна захоўвалі стравы, то бок святочныя стравы цэлы дзень стаялі на стале, і толькі вечарам мы паставілі іх у лядоўню, то, паводле мяне, вялікай безадказнасцю было б тое, каб на наступны дзень перадаць гэтую страву нейкаму іншаму.
Іншай магчымасцю зʼяўляюцца банкі харчавання. Як штогод, Харчовы банк у многіх гарадах Польшчы праводзіў перадкалядныя зборы ў супермаркетах. Адразу пасля Каляд, калі госці разыходзяцца па дамах, а ў нас дома застаюцца лішнія прадукты, таксама варта звярнуцца ў мясцовы філіял Харчовага банка, парафіяльныя або дабрачынныя ўстановы. У многіх з гэтых месцаў дапамогу атрымліваюць людзі, якія знаходзяцца ў крызісе бяздомнасці, у цяжкім фінансавым становішчы або ў беднасці.
Каляды і Новы год – гэта радасны, сямейны час, напоўнены святочнай і цёплай атмасферай, прасякнуты водарам калядных страў. Аднак варта памятаць, што выкідванне і марнаванне ежы, якой так не хапае многім з нас, не мае нічога агульнага з святочным настроем.
ав
слухайце аўдыё