Польшча гатовая прымаць больш пацыентаў з Украіны, запэўніў міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам аховы здароўя Украіны Віктарам Ляшко. Палітыкі наведалі Медыцынскі транзітны цэнтр «Medevac Hub Jasionka» пад Жэшавам, які дапамагае ўкраінскім пацыентам дабрацца да медыцынскіх установаў у Польшчы і ва ўсім свеце.
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Адам Нядзельскі(Adam Niedzielski) запэўніў свайго ўкраінскага калегу ў далейшай падтрымцы з боку Польшчы. Ён дадаў, што колькасць пацыентаў з Украіны не такая вялікая, як чакаў польскі бок. Цэнтр гатовы прыняць больш пацыентаў у выпадку ўзнікнення крызісу, напрыклад, у выніку ўзмацнення расійскіх нападаў на крытычную інфраструктуру, асабліва гэтай зімой:
- Я таксама хацеў заявіць, што інфраструктура хаба, а таксама ўся сістэма транспарту пацыентаў падрыхтаваныя да магчымага павелічэння колькасці патрабуючых. Мы падрыхтаваныя, таму што прапускная здольнасць хаба нашмат большая, чым тая, якая на дадзены момант выкарыстоўваецца. Я гарантую ўкраінскаму боку, што мы гатовыя.
Польскі міністр паведаміў, што мэта Медыцынскага транзітнага цэнтра ў Ясёнцы – лячыць пацыентаў з Украіны не толькі ў Польшчы, але і ў іншых краінах.
Паводле польскага міністра аховы здароўя, распрацаваныя дагэтуль з украінскім бокам працэдуры адносна транспарту пацыентаў працуюць добра. Падчас візіту ў цэнтры палітыкі абмеркавалі далейшыя крокі па эвакуацыі пацыентаў з Украіны. Адам Нядзельскі запэўніў, што Польшча гатовая таксама прыняць пацыентаў, якія пасля лячэння ў Еўропе хочуць вяртацца ва Украіну:
- Цяпер мы сустракаемся, каб узгадніць умовы эвакуацыі ўкраінскіх пацыентаў, а таксама вяртання ўкраінскіх пацыентаў з усёй Еўропы ў Польшчу.
Палітыкі сустрэліся з усёй камандай хаба і падзякавалі ёй за працу.
«Мы перакананыя, што праца тут выконваецца на самым высокім узроўні і пацыенты з Украіны могуць дабрацца да месца прызначэння ў адносна камфортных умовах», – дадаў Адам Нядзельскі.
Міністр заявіў, што самалёт, які вылятае з аэрапорта ў Ясёнцы, возіць пацыентаў практычна па ўсёй Еўропе. Нагадваем, падчас візіту ў хабе міністры Адам Нядзельскі і Віктар Ляшко абмеркавалі сумесную дзейнасць абодвух ведамстваў у рамках дапамогі ўкраінскім пацыентам.
Медыцынскі транзітны цэнтр у Ясёнцы аказвае дапамогу кругласутачна, нагадаў міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі. Таксама ўчора палітыкі ўдзельнічалі ў адпраўцы самалёта, які даставіў украінскіх пацыентаў у Нідэрланды і Нарвегію:
- Сёння з Ясёнкі адправіўся самалёт, які даставіў украінскіх пацыентаў у Нарвегію і Нідэрланды. Гэта, як асобы параненыя на вайне, так і анкалагічныя хворыя, якія будуць дастаўленыя ў Нарвегію.
«Нам надалей патрэбная вашая дапамога», – заклікаў міністр аховы здароўя Украіны Віктар Ляшко. Ён таксама паведаміў, што на дадзены момант ва Украіне разбураныя 150 будынкаў аховы здароўя, загінулі таксама 78 медработнікаў:
- Беспрычынная расійская агрэсія супраць Украіны працягвае руйнаваць грамадзянскую інфраструктуру ў краіне. Сярод тысячы разбураных будынкаў грамадзянскай інфраструктуры больш за 150 – гэта цалкам разбураныя будынкі аховы здароўя.
- нагадаў Віктар Ляшко. Украінскі міністр адзначыў, што пакуль больш за 1 700 пацыенты з Украіны выехалі на лячэнне ў ЕС, у тым ліку больш за 300 праз хаб у Ясёнцы.
У сваю чаргу міністр Адам Нядзельскі адзначыў, што транспарт пацыентаў з Украіны ажыццяўляецца не толькі праз хаб у Ясёнцы, але і па дамовах паміж асобнымі шпіталямі. У якасці прыкладу ён прывёў Кіеўскую дзіцячую бальніцу і Дзіцячы цэнтр здароўя.
Нагадваем, Медыцынскі транзітны цэнтр «Medevac Hub Jasionka» пад Жэшавам быў адкрыты ў верасні бягучага года. Ён выкарыстоўваецца для хуткага перамяшчэння ўкраінскіх пацыентаў у краіны Еўрасаюза і не толькі.
Пацыенты, якія чакаюць транспарціроўкі ў іншую краіну, знаходзяцца тут пад апекай медыцынскіх службаў. Іх сярэдні час знаходжання ў цэнтры складае 48 гадзін. Пацыентаў дастаўляюць спецыяльным самалётам. Хабам кіруе Польскі цэнтр міжнароднай дапамогі.
Эвакуацыя ўкраінскіх пацыентаў праводзіцца ў рамках Механізма ЕС па абароне грамадзянскага насельніцтва – платформы супрацоўніцтва паміж дзяржавамі для падрыхтоўкі, прадухілення і рэагавання на прыродныя або тэхнагенныя катастрофы.
Акрамя 27 краін ЕС у сістэме таксама працуюць Вялікабрытанія, Ісландыя, Нарвегія, Чарнагорыя, Паўночная Македонія, Сербія і Турцыя.
IAR/аз