Зазіраем у апошні студзеньскі нумар штотыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва». Нумар пра герояў нашай нацыянальнай славы і пра мастакоў.
Ёсць тэкст, прымеркаваны да 160 гадавіны Студзеньскага паўстання (паўстання 1863-64). Уршуля Шубзда з'ездзіла ў Мастаўляны, адкуль родам Кастусь Каліноўскі. У 1958 годзе там была пабудавана школа, якой праз год прысвоілі імя героя. Праз пяць гадоў у Гарадку пабудавалі дом культуры, якому прысвоілі імя Каліноўскага. Цяпер у доме культуры – Гмінным цэнтры культуры – знаходзіцца ўратаваная Багданам Дудко дошка з мастаўлянскай школы і партрэт героя, які ўратаваў Янка Карповіч. Уля Шубзда хадзіла ўжо ў прыцемках па надворку спадара Янкі, дзе, магчыма, стаяў двор Каліноўскіх. «Багатыя былі Каліноўскія, бо хто меў грошы каб вучыць сыноў у Пецярбургу? У нас мала хто помніць ужо пра Кастуся, але ж ад паўстання столькі часу прайшло!», кажа Карповіч.
Пра змаганне з сучасным «маскалём» піша Яўген Вапа ў фельетоне «Сваімі вачыма» – Грошы, за якімі смерць». Ужо неўзабаве сумная гадавіна расійскай агрэсіі супраць Украіны. «Год баявых дзеянняў гэтай вайны паказаў гераізм украінскага народа як нацыі, якая абараняе не толькі сваю незалежнасць, але з’яўляецца рэальным шчытом і апорай перад маскоўскімі захопнікамі, якія маюць на мэце падпарадкаваць сабе не толькі Кіеў, але і значную частку Еўропы. За вайной ідуць няўяўныя нам грошы, назначаныя крывёй і слязамі. За вайной заўсёды стаяць брудныя грошы агрэсараў, спекулянтаў міжнароднага прадажнага бізнесу паасобных ненасытных дзяржаў... Апошні тыдзень закалоту са спробай неабходнай для абароны і выжывання Украіны перадачы нямецкіх танкаў «Леапард» гэта доказ аплявухі кожнаму, хто жадае, каб вайна як найхутчэй скончылася».
Ад вялікай палітыкі і трагедый – да нас блізка – пра ўкраінцаў, якія цяжкім шляхам трапілі на Падляшша– у Супрасль, Беласток. Пра іх перыгрынацыі піша Марыя Кужалеўская, якая запрасіла сваіх новых сяброў на беларускую імпрэзу «Гвязда і калядка» ў Беласток. Там яны пачулі таксама калядныя песні па-ўкраінску ў выкананні беларускіх самадзейнікаў.
А ў Харошчы пабываў Радаслаў Маціевіч. Ён там паглядзеў выставу цікавага маладога фатографа Пятра Мядзведзя, які схадзіў Беласточчыну сваімі нагамі і сфатаграфаваў часам зусім таямнічыя закуткі, паказаўшы рэчы, на якія ніхто і не звяртае ўвагі, напр. стары валун пад Пасекамі ў Нараўчанскай гміне.
А ў Гайнаўцы – вялікая выстава з трэцяга жывапісна-разьбярскага пленэру, у якім прымалі ўдзел вядомыя нашы мастакі – Марко Сапёлка, Юры Івацік, Даніла Грамацкі. У беларускім музеі пабываў Аляксей Мароз, які не прапускае ні аднаго мерапрыемства арганізаванага гэтыя цэнтрам культуры і анімацыі мастацкага руху. Дырэктар белмузея Тамаш Ціханюк распавёў: «Ідэя пленэру апраўдалася, ёсць ахвотныя прымаць у ім удзел. Ёсць таксама сродкі на падрыхтоўку пленэру. Падтрымліваюць нас Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ды Гайнаўскае староства». З работамі экспазіцыі можна будзе знаёміцца на працягу года часу, ажно да наступнага пленэру.
Другую імпазантную выставу арганізаваў у Орлі шматгадовы карэспандэнт «Нівы» краязнаўца і аўтар кніг пра гісторыю Орлі і яе людзей арлянін Міхал Мінцэвіч. У вялікім тэксце «Высновы ад выставы» пра жыццё арлянскіх яўрэяў у першай палове ХХ стагоддзя, дзе змешчаны архіўныя дакументы, успаміны жыхароў і ілюстрацыі пяром, Мінцэвіч распавядае, як яму, у адзіночку, удалося сабраць такі аграмадны матэрыял. На яго аснове ўзнікне чарговая кніга гэтага ўпартага і таленавітага краязнаўцы і гісторыка. Выставу наведала вельмі многа людзей, і не толькі мясцовых: моладзь, святары, суседзі герояў, нават замежныя турысты.
А ў «Картцы з календара» – 145 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Самойлы – беларускага публіцыста, літаратурнага крытыка і філосафа, які нарадзіўся ў Мінску. Уладзіміра Самойлу арыштавалі ў кастрычніку 1939 года ў ліку іншых беларускіх дзеячаў, НКВД расстраляла ў 1941 годзе.
Міра Лукша