Мінуў год з моманту поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. За гэты час Польшча стала не толькі лабістам на карысць Украіны на міжнароднай арэне, але таксама вялікім хабам міжнароднай дапамогі для ўкраінцаў. З пачатку вайны, у сярэднім, кожныя шэсць гадзін у Польшчы разгружаецца адзін самалёт з міжнароднай дапамогай, якая неадкладна адпраўляецца ва Украіну.
Польшча аказвае Украіне дапамогу ў рознай форме. Па-першае, гэта дапамога аказаная, як польскімі ўладамі з дзяржаўнага бюджэту, так і перададзеная іншымі краінамі. Мы адправілі дзясяткі тысяч грузавікоў. Гэта дзяржаўная лагістыка беспрэцэдэнтнага маштабу, кажа старшыня Урадавага агенцтва стратэгічных рэзерваў Міхал Кучмяроўскі (Michał Kuczmierowski):
- Калі гаворка ідзе пра Урадавае агенцтва стратэгічных рэзерваў, то гэта сотні тысяч грузавікоў з дапамогай, якія былі адпраўленыя ва Украіну. Трэба памятаць, што з аднаго боку мы перадавалі дапамогу ад польскіх уладаў, у тым ліку больш за 10 тысяч тонаў прадуктаў харчавання. Мы таксама пабудавалі на тэрыторыі Украіны часовыя дамы для больш за 10 тысяч унутраных мігрантаў. Гэта былі таксама пункты медыцынскай дапамогі, якія мы пабудавалі ў больш за дзесяці месцах ва Украіне. Таксама транспарты з перавязачнымі матэрыяламі. Кошт гэтай дапамогі ацэньваецца агулам у каля 1,5 мільярда злотых.
Між тым, Польшча не толькі выдзяляла ўласныя сродкі на дапамогу. За год вайны краіна стала важным хабам сусветнай дапамогі ўкраінцам, кажа Міхал Кучмяроўскі:
- Мы разгружалі самалёты, якія прыбывалі ў Польшчу і загружалі фуры, якія адпраўлялі ва Украіну. Дастаткова сказаць, што цягам апошняга года, кожныя шэсць гадзінаў у Польшчы прызямляўся адзін самалёт з дапамогай для ўкраінцаў. Гэта агулам больш за 1 200 самалётаў з грузам, які мы адправілі далей. Гэта таксама было важнае заданне агенцтва.
Дзякуючы гэтай маштабнай лагістычнай працы дапамога з усяго свету неадкладна пастаўлялася патрабуючым ва Украіне, нагадвае старшыня Урадавага агенцтва стратэгічных рэзерваў:
- Апошні аспект дзейнасці, як Урадавае агенцтва стратэгічных рэзерваў, мы былі абавязаны прымаць данацыі і купляць за іх неабходныя тавары, напрыклад, лекі, харчовыя прадукты і перадаваць іх ва Украіну. Ва Украіне мы цесна супрацоўнічаем з вайсковай адміністрацыяй, якая падчас вайны адказвае за размеркаванне міжнароднай дапамогі. Мы супрацоўнічаем таксама з праверанымі дабрачыннымі арганізацыямі, якія размяркоўваюць дапамогу сярод патрабуючых.
Важнай формай дапамогі для ўнутраных мігрантаў аказаліся згаданыя модульныя дамы, якія даюць часовы прытулак украінцам, прымушаным пакінуць свае месца пражывання, кажа Міхал Кучмяроўскі:
- Мы пабудавалі модульныя гарадкі на больш за 10 тысяч начлежных месцаў. Іх размяшчэнне вызначалі ўкраінскія ўлады. Гэта, між іншым, ля Львова, Кіева, у гарадках Буча, Ірпень…Там пераважна затрымліваюцца ўцекачы, пакуль яны не знойдуць сабе месца ў сям’і ці знаёмых. Часта гэта старэйшыя асобы, або маці з дзецьмі. Такая форма дапамогі аказалася вельмі важная. Дарэчы Польшча дала прыклад і зараз некалькі іншых краінаў выказалі намер дапамагчы ўкраінцам у такой форме. Мы таксама размаўляем з ЕС аб магчымасці фінансавання такіх часовых гарадкоў з еўрапейскіх фондаў. Абмяркоўваем праект з Вялікабрытаніяй, якая плануе далучыцца да такой формы дапамогі. Канстатуючы, Польшча не толькі сама дапамагае Украіне, але і рашуча заахвочвае да дапамогі іншыя краіны.
Каб павялічыць эфектыўнасць дапамогі, агенцтва супрацоўнічае не толькі з ваеннай адміністрацыяй ва Украіне, але таксама з дабрачыннымі арганізацыямі:
- Мы супрацоўнічаем, напрыклад, з каталіцкай арганізацыяй Caritas і іншымі дабрачыннымі арганізацыямі. Некалькі разоў, калі мы адкрывалі на лініі фронту цэнтры медыцунскай дапамогі для людзей, якія там пражываюць, то раптам прыязджаў грузавік з дапамогай з Польшчы. Валянцёры раздавалі харчовыя прадукты і лекі. Гэта не было спланаванае. Між тым аказалася, што польская дапамога за пасярэдніцтвам дабрачынных арганізацыяў цыклічна пастаўляецца асобам, якія пражываюць амаль на лініі фронту. Мы стараемся ім таксама дапамагаць.
Старшыня Урадавага агенцтва стратэгічных рэзерваў запэўнівае, што зараз дапамога Украіне аказваецца больш эфектыўнай, чым у першыя месяцы вайны:
- Пачатак вайны быў складаны, паколькі мы павінны былі распрацаваць механізмы дапамогі. Тым не менш, памер дапамогі не змяншаецца. Зараз мы пастаўляем больш, хутчэй і на большую адлегласць. Таксама шчодрасць, як польскіх уладаў, так і міжнародных установаў не змяншаецца. Падтрымка паступае. Украіна павінна перамагчы. Гэта інтарэс не толькі Украіны, але таксама Польшчы і краінаў рэгіёну. Гэта нашая супольная барацьба.
- пераконвае старшыня Урадавага агенцтва стратэгічных рэзерваў Міхал Кучмяроўскі.
аз