17-18 красавіка ў Ізраілі адзначаецца Дзень катастрофы і гераізму габрэйскага народа, або, як яго яшчэ называюць, Дзень памяці ахвяр Халакосту. Гэта нацыянальны дзень памяці, які адзначаецца ў Ізраілі як дзень ушанавання каля шасці мільёнаў габрэяў, якія былі знішчаны падчас Халакосту ў выніку дзеянняў Трэцяга рэйха і яго саюзнікаў, а таксама ўшанавання габрэйскага руху супраціву таго часу.
У гэты дзень у 10 гадзін раніцы па ўсёй краіне прагучалі сірэны, падчас якой усе ізраільцяне дзве хвіліны моўчкі стаялі, аддаючы даніну памяці ахвярам Халакосту. Памятны дзень з гадавінай паўстання ў буйнейшым – Варшаўскім гета, якое пачалося 19 красавіка 1943 г.
У баях удзельнічала каля тысячы слаба ўзброеных паўстанцаў. Немцы кінулі на падаўленне паўстання больш за 2000 чалавек, бранятэхніку і артылерыю. Спробы аказання дапамогі адзінокім габрэйскім байцам, якія здзяйсняліся польскім падполлем скончыліся няўдачай. Паўстанне – нягледзячы на заклікі польскага ўраду ў Лондане – не выклікала ніякай рэакцыі саюзнікаў. У знак пратэсту супраць абыякавасці свету да трагедыі габрэйскага народу ў траўні 1943 г. скончыў жыццё самагубствам член Нацыянальнай рады Польшчы ў Лондане Шмуль Жыгелбойм.
Паводле дакладу аднаго з катаў паўстання Юргена Штропа, у часе паўстання на тэрыторыі гета знаходзілася больш за 56 тыс. чалавек. Прыблізна 7 тысяч загінулі на месцы падчас баёў, 6 тыс у выніку пажараў або задымлення. Іншыя былі забітыя пазней або загінулі ў канцлагерах. З паўстанцаў выжыла літаральна некалькі чалавек.
У Дзень катастрофы і гераізму габрэяў на тэрыторыі Польшчы ў былым нямецкім лагеры смерці Аушвіц-Біркенаў праходзіць «Марш жывых». Лейтматыў жалобнай урачыстасці – ушанаванне подзвігу габрэйскага народу. Яго ўдзельнікі рушылі ад сумнавядомай брамы «Arbeit macht frei» да мемарыялу ахвярам Халакосту. Сёлета марш узначальвалі 42 чалавекі, якія перажылі пекла нямецкага лагеру смерці, а таксама прэзідэнт Італіі Серджыа Матарэла з дачкой Лаурай, які з афіцыйным візітам знаходзяцца ў Польшчы.
Моладзь, дзясяткі замежных дэлегацый і ацалелыя ў лагеры прайшлі трохкіламетровую Дарогу смерці, якая стала апошлім шляхам для больш чым 1 млн 100 тыс. чалавек. Сігналам да пачатку шэсця быў гук шофара – рога барана, які, паводле габрэйскай традыцыі, заклікае да пакаяння. Кажуць удзельнікі маршу:
- Марш – гэта дэкларацыя «мы выжылі!», вы нас не змаглі знішчыць!
-Я тут сёння, бо ў Асвенціме былі забітыя 11 чалавек з маёй сям’і. Вось іх фотакарткі. Я тут, каб прадстаўляць іх, каб яднаць нас – моцны ізраільскі народ.
- Тут загінулі мае дзяды. Памяць аб іх і мая прысутнасць тут – вельмі важныя. Хачу, паказаць, што наш марш – гэта жыццё.
«Марш жывых – гэта перш за ўсё адукацыйны праект, які дазваляе адчуць супольнасць, адказнасць за свае захаванне памяці, сустрэцца з былымі вязнямі», – кажа адна з арганізатарка жалобнай акцыі Анна Расіньска:
-Яны на свае вочы бачаць, як гэта выглядала, бо адных кніг недастаткова. Трэба на месцы ўявіць, праз што праходзілі ахвяры. Калі ў маршы ўдзельнічаюць і распавядаюць сваю гісторыю ацалелыя перажыванні значна мацнейшыя, а ўспрыняццё трагедыі вастрэйшае.
Лейтматыў сёлетняга «Маршу жывых» – ушанаванне подзвігу габрэяў падчас Халакосту. Падзеі адбываюцца праз 80 гадоў пасля пачатку паўстання ў Варшаўскім гета, у 75-ю гадавіну ўтварэння Ізраілю і 35-годдзе першага такога маршу. Цягам гэтага часу ў «Маршах жывых» паміж былымі лагерамі прайшлі больш за 260 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі ўладаў розных краінаў свету.
iar/pr/эж
Слухайце аўдыё!