Беларуская Служба

Сілавікі патрабуюць у кратным памеры кампенсаваць кошт прадуктовай дапамогі, якую атрымлівалі родныя палітзняволеных

09.02.2024 16:03
Крыміналізацыя ежы, памперсаў і гарызантальнай дапамогі.
  .
Прадстаўнікі праваабарончых ініцыятыў. Radyjo.net

Падчас масавых затрыманняў сваякоў палітвязняў сілавікі прыйшлі агулам як мінімум да 229 чалавек, паведамляюць праваабаронцы падчас адмысловай прэс-канферэнцыі ў Варшаве.

24 чалавекі былі затрыманыя па крымінальных справах, ім ставяць у віну садзейнічанне «экстрэмісцкай» дзейнасці, фінансаванне або ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні».

Па адміністрацыйных артыкулах былі асуджаныя 43 чалавекі.

Таксама праваабаронцам вядома, што як мінімум два чалавек патрапілі пасля допытаў у бальніцу. З іх – 82-гадовая жанчына, якая ўвогуле не атрымлівала дапамогі ад праваабаронцаў, а прадукты для яе праз сэрвіс «Е-дастаўкі» замаўляла і аплочвала дачка, якая шмат год жыве ў Германіі.

Андрэй Стрыжак, прадстаўнік фонду BySol, заявіў, што пасля гэтай атакі на родных палітзняволеных колькасць запытаў на экстранны вываз з краіны, з чым, уласна, і дапамагае фонд, павялічыўся ўтрая.

Прадстаўнікі сілавых структур прыходзілі да родных палітзняволеных не толькі 23-24 студзеня, але і на працягу наступнага тыдня. «Нам вядома, што з затрыманымі працавалі 174 следчыя, то бок гэта прапрацоўвалася не адзін тыдзень», – кажа прадстаўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Засулінская.

Сілавікі распачалі свой рэйд да людзей а пятай раніцы.

Аляксей Лявончык, сузаснавальнік, кіраўнік фонда BY_help, паведаміў, што сілавікі патрабуюць кампенсацыі набытых прадуктовых кошыкаў у кратным памеры, называючы гэта гуманітарнай дапамогай, атрыманай з-за мяжы.

Разам з тым Лявончык кажа, што кампенсацыі, якія прымушаюць людзей выплочваць, не гарантуюць, што чалавека пакінуць у спакой. Больш за тое, ёсць выпадкі, калі да тых, хто сплачваў кампенсацыі за ранейшыя ахвяраванні так званым «экстрэмісцкім ініцыятывам», прыходзілі паўторна і прапаноўвалі заплаціць яшчэ раз. Таксама такія асобы апынаюцца ў  полі ўвагі сілавікоў і маюць рызыку ўрэшце патрапіць пад крымінальны пераслед.

Аляксей Лявончык кажа, што фонд не спыніць дапамогі людзям, якія пацярпелі ад палітычна-матываванага пераследу, нягледзячы на аб'ёмы патрабуемых сродкаў. Напрыклад, праграма рэабілітацыі былых палітвязняў – гэта сямізначная лічба, заўважыў Лявончык.

Прадстаўнікі праваабарончых ініцыятыў кажуць, што ў сувязі з новай хваляй рэпрэсій, вымушаныя перагледзець пратаколы бяспекі.

Нагадаем, 23-24 студзеня па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя вобшукі, затрыманні сярод родных палітзняволеных, былых палітзняволеных, а таксама сярод тых, хто цяпер адбывае «хімію» і «хатнюю хімію» паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Вядома, што найперш гэта закранула людзей, якія атрымлівалі дапамогу праз ініцыятыву INeedHelpBY, якая дапамагае з набыццём ежы, тавараў першай неабходнасці пацярпелым ад рэпрэсій у Беларусі.

вх