Беларуская Служба

Пакаленне 90-х усё больш звяртаюць увагу на экалогію пры выбары працы

31.05.2024 08:09
Пытанне падыходу кампаніі да экалогіі апынулася на трэцім месцы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.ejaugsburg/pixabay.com/CC0

Пакаленне Z, гэта значыць людзі, якія нарадзіліся пасля 1995 года, усё больш звяртаюць увагу на экалогію пры выбары працы.

Даследаванне, праведзенае для няўрадавай арганізацыі Польская зялёная сетка, паказвае, што хоць ключавымі фактарамі ў рашэнні ўладкавацца на тую ці іншую працу ўсё яшчэ з'яўляюцца памер заробка (пазначаны 50% рэспандэнтаў) і атмасфера падчас сумоўя аб прыёме на работу, трэцяе месца заняло меркаванне пра кампанію – як яна клапоціцца аб экалагічных і сацыяльных пытаннях.

Справаздача таксама паказвае, што амаль 80% рэспандэнтаў заяўляюць аб жаданні скарыстацца курсамі па павышэнні кваліфікацыі на тэму экалагічных кампетэнцый.

Аўтар даследавання Юстына Шчэпанік адзначыла, што пакаленне Z вельмі патрабавальнае, але ў той жа час спагадлівае:

-36% апытаных вельмі пераймаюцца працэсам змен клімату, тым, як яны ўплываюць на нашае жыццё. Больш таго, змены клімату і яго наступствы іх пужаюць. Больш за 20% баіцца за сваю будучыню. Таму перад намі, як перад старэйшым і больш дасведчаным пакаленнем, важнае заданне: увесці маладых не толькі на рынак працы, але і даць прыклад, якім чынам можна правесці зялёную трансфармацыю.

Яна дадала, што сітуацыя на польскім рынку працы вельмі мяняецца:

-Мінулі часы, калі працадаўца мог беспакарана рабіць, што яму хочацца, не клапаціцца пра свой імідж. Пакаленне Z правярае ацэнкі ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках: як фірма спраўляецца з пытаннямі аховы навакольнага асяроддзя, клімату, акрамя таго вельмі важную ролю адыгрывае раўнапраўнае стаўленне, ці жанчыны і мужчыны маюць роўныя шанцы.

Юлія Ядзіньска, прадстаўніца пакалення Z, якая працуе ў Польскай зялёнай сетцы, кажа, што шмат людзей яе ўзросту, прымаючы рашэнне аб працы, звяртаюць увагу на кліматычныя праблемы:

-Каб дзейнасць працадаўцы была як мага больш празрыстай, асабліва ў пытанні дзейнасці на карысць навакольнага асяроддзя. Як згадвалася раней, вельмі важным з’яўляецца ацэнка працадаўцы, якая перадаецца больш афіцыйным і менш афіцыйным чынам. Сапраўды, людзі майго пакалення звяртаюць увагу на тое, каб месца працы спрыяла іх развіццю – прафесійнаму і асабістаму.

Даследаванне праводзілася з дапамогай інтэрнэт-анкеты агульнанацыянальнага маштабу ў перыяд з 28 красавіка 2024 года па 5 мая 2024 года. У ім прынялі ўдзел 228 чалавек ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце