Беларуская Служба

Выбары ў Еўрапарламент – выдатная нагода, каб спрабаваць пасварыць польскае грамадства

04.06.2024 15:50
Расія спрабуе маніпуляваць грамадскай думкай.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: shutterstock/Rawpixel.com

Rzeczpospolita паведамляла, як польскія фірмы атрымліваюць падазроныя прапановы правесці апытанне пра погляды палякаў на расіян і ўкраінцаў. Анкета ўтрымлівае вельмі суб’ектыўныя пытанні. Напрыклад, ці павінен Еўрасаюз адмовіцца ад новых санкцый у адносінах Расіі, ці варта абмежаваць пастаўкі зброі ва Украіну.

Спецыялісты ацэньваюць гэта як спробу службаў іншых краін атрымаць інфармацыю, якая ў далейшым можа быць выкарыстана для больш эфектыўнага правядзення дэзынфармацыйных кампаній або распальвання канфліктаў у грамадстве.

– Геапалітычная напружанасць у нашай частцы Еўропы прыцягвае кіберзлачынцаў. Часцей за ўсё гэта расійскія ці беларускія хакеры, якія дзейнічаюць ад імя гэтых дзяржаў, але праблема нашмат шырэйшая, – кажа Якуб Выхаваньскі, эксперт у галіне кібербяспекі і прэзідэнт VECTO, кампаніі, якая спецыялізуецца на бяспецы дадзеных і ІТ-сістэм. – Ужо некалькі гадоў кібербяспека і справаздачы аб паспяховых хакерскіх атаках сталі пастаяннай часткай штодзённасці польскіх кампаній і ўстаноў. Веды аб гэтых пагрозах растуць, але многія кіраўнікі па-ранейшаму лічаць, што хакеры дзейнічаюць наўмысна, атакуючы канкрэтную кампанію. Між тым, хакеры проста шукаюць прадпрыемствы, якія слаба клапоцяцца пра кібербяспеку.

Такія з'явы становяцца нормай, нядаўна адбылася атака звязаных з Расіяй хакераў на сайт Польскага агенцтва друку, паявілася публікацыя паведамлення аб мабілізацыі. "Гэта няпраўда, і службы расследуюць інцыдэнт", – заявіў Ян Грабец, кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра.

Колькасць і рызыка кібератак расце ў сувязі з блізкімі выбарамі ў Еўрапарламент, што пацвярджаюць і эксперты Check Point. Асабліва бачна выкарыстанне тэхналогіі deepfake. Гэта не толькі тэхналагічная пагроза, але і выклік дэмакратычнай сістэме ўсіх дзяржаў-членаў.

– Кіберзлачынцы і айчынныя хакерскія групы таксама будуць выкарыстоўваць выбары для распаўсюджвання антыеўрапейскай прапаганды і падтрымкі розных антыеўрапейскіх ініцыятыў у асобных краінах, – кажа Сяргей Шыкевіч, кіраўнік групы выведкі пагроз у Check Point Software Technologies.

Piotr Mazurkiewicz

нг