Беларуская Служба

З нагоды 90-х угодкаў смерці Марыі Складоўскай-Кюры Польскае радыё падрыхтавала адмысловы сайт пра выбітную польскую вучоную

04.07.2024 12:39
Марыя Складоўская-Кюры была першым чалавекам, які не нарадзіўся ў Францыі і быў пахаваны ў Пантэоне.
Maria Skłodowska - Curie
Maria Skłodowska - Curie Everett Collection/Shutterstock

90 гадоў таму, 4 ліпеня 1934 года, памерла польская вучоная, сузаснавальніца навукі аб радыеактыўнасці, двойчы лаўрэат Нобелеўскай прэміі Марыя Складоўская-Кюры. Упершыню яна атрымала Нобеля ў галіне фізікі ў 1903 годзе за даследаванні радыеактыўнасці, а другі раз у 1911 годзе ў галіне хіміі – за адкрыццё палонію і радыя і даследаванні гэтых элементаў. Яна памерла ва ўзросце 67 гадоў, пакутуючы ад анеміі, якая ўзнікла ў выніку інтэнсіўнага кантакту з радыеактыўнымі элементамі.

Адзін з адкрытых у 1898 годзе элементаў, палоній, быў названы Марыяй Складоўскай у гонар радзімы – Польшчы, якая тады была падзеленая і знаходзілася пад панаваннем трох захопнікаў.

Адкрыцці полькі далі пачатак новай галіны хіміі – радыехіміі. Яны таксама былі адпраўной кропкай для радыялогіі. Па ініцыятыве Складоўскай-Кюры таксама былі праведзены першыя даследаванні па лячэнні рака з дапамогай радыеактыўнасці. Даследчыца таксама займалася грамадскай дзейнасцю – падчас Першай сусветнай вайны яна арганізавала французскую ваенную радыелагічную службу, мэтай якой была дапамога параненым салдатам.

Падчас святкавання стагоддзя прысуджэння Нобелеўскай прэміі па хіміі Марыі Складоўскай-Кюры (2011) унук нобелеўскай лаўрэаткі П'ер Жаліё сказаў, што яго бабуля запомнілася членам сямʼі як чалавек, які прысвяціў сябе навуцы:

 – Яна цалкам аддалася навуковай справе. Я думаю, гэта паклала пачатак сямейнай традыцыі, мае бацькі рабілі тое ж самае. Спадзяюся, мы, яе нашчадкі, таксама працягваем традыцыю займацца навукай з задавальненнем. Навуковыя даследаванні былі для Марыі вялікай радасцю, прыгодай і сапраўдным захапленнем.

Марыя Складоўская-Кюры і яе муж спачатку займаліся кожны іншымі даследаваннямі. З часам Пʼер Кюры настолькі захапіўся зʼявай радыеактыўнасці, якую вывучала Марыя, што кінуў даследаванні крышталяў і далучыўся да даследаванняў сваёй жонкі. П'ер Кюры вельмі падтрымліваў Марыю падчас яе працы – сказала ў эфіры Польскага радыё (2019) кіраўнік Таварыства Марыі Складоўскай-Кюры Малгажата Сабешчак-Марціняк.

– П'ер Кюры бачыў, што яго жонка геній, а таксама ўсведамляў вагу пытанняў і гіпотэзаў, якія ставіла маладая вучоная. Ён пакінуў свае даследаванні крышталяў і далучыўся да даследаванняў, якімі кіравала Марыя.

Жывучы ў Францыі, Марыя Складоўская-Кюры падтрымлівала кантакты з польскімі навуковымі коламі. Яна часта прыязджала на радзіму, выступала з лекцыямі, публікавалася ў польскіх навуковых часопісах. Яе парыжскую майстэрню наведвала шмат палякаў, якія пазней развівалі ў краіне ядзерныя даследаванні. З 1913 г. праз сваіх памочнікаў Складоўская-Кюры ўзначальвала радыелагічную лабараторыю пры Варшаўскім навуковым таварыстве.

Некалькі гадоў таму Малгажата Эва Росэн з Музея Марыі Складоўскай-Кюры ў Варшаве казала пра заслугі гэтай вялікай полькі перад радзімай і яе ўклад у развіццё навукі і медыцыны ў краіне.

– Пасля адкрыцця радыя Марыя лічыла, што даследаванні мусіць працягваць інстытут радыя. Такі інстытут быў створаны ў Парыжы, але яна ўвесь час намагалася, каб такая ж установа таксама працавала ў Польшчы. Інстытут адкрыўся ў 1932 годзе ў Варшаве. Марыя прыехала тады апошні раз у Польшчу. Прывезла з сабой грошы на куплю 1 грама радыя, дапамагала арганізаваць інстытут. Гэтая ўстанова працягвала даследаванні і пачала лячэнне анкалагічных захворванняў.

У 2009 годзе брытанскі часопіс «New Scientist» прызнаў польскую вучоную «жанчынай, якая аказала найбольшы ўплыў на развіццё навукі«. У сваю чаргу ў 2018 годзе чытачы «BBC History Magazine» прызналі Марыю Складоўскую-Кюры самай уплывовай жанчынай у гісторыі. «Яна змяніла свет не раз, а двойчы», – сказала Польскаму радыё ініцыятарка плебісцыту Шарлота Ходжман.

 – Гэта вельмі цікавая лаўрэатка, яе ўнёсак у навуковыя даследаванні паскорыў лячэнне анкалагічных захворванняў, гэтая хвароба закранае шматлікіх людзей і сёння. Людзі, якія занялі першыя месцы ў нашым плебісцыце аддалі сябе менавіта такім вялікім ідэям, усе аказалі ўплыў на свет, у якім мы сёння жывем і гэта агульнае, што іх вылучае.

Даследаванні радыеактыўнасці, якія Марыя Складоўская-Кюры праводзіла не ведаючы неабходных мер засцярогі, падарвалі яе здароўе. Вучоная памерла 4 ліпеня 1934 года ў Парыжы і была пахаваная на могілках у Со.

 У 1995 годзе ў знак прызнання заслуг Складоўскай-Кюры яе астанкі былі перанесены ў Пантэон у Парыжы, дзе пахаваныя выбітныя французы. Марыя Складоўская-Кюры была першым чалавекам, які не нарадзіўся ў Францыі і быў пахаваны ў Пантэоне.

***

З нагоды 90-х угодкаў смерці Марыі Складоўскай-Кюры Польскае радыё падрыхтавала адмысловы сайт пра жыццё і дасягненні выбітнай польскай вучонай –sklodowskacurie.polskieradio.pl.

Акрамя голасу самой лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі, змешчаны тут, між іншым, успаміны яе дачок, сястры і навуковых супрацоўнікаў. На сайце дзевяць раздзелаў, якія распавядаюць пра яе маладосць, час эміграцыі і вучобы, а таксама даследчую працу і адкрыцці.

Сайт sklodowskacurie.polskieradio.pl узбагачаны вялікай падборкай фотаздымкаў і тэкстаў, якія тлумачаць кантэкст прадстаўленых унікальных запісаў, распавядаюць пра этапы прыватнай і навуковай біяграфіі вучонай і прадстаўляюць цікавыя факты.

яс/IAR

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка