Беларуская Служба

Праца 10-гадовай журналісткі ў польскім парламенце выклікала шырокі рэзананс

14.08.2024 16:44
Невядома, на якой падставе дзіцяці дазволілі працаваць у Сейме. 
 a .
Будынак Сеймa Польшчы.By I, Kpalion, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2247495

Выданне Tygodnik Powszechny апісвае працу малой журналісткі Сары ў парламенце, якая пачала сваю дзейнасць у Сейме ва ўзросце 10 гадоў. Праўда, яна не бярэ за яе грошай. Дзяўчынка вядзе ўласныя сацсеткі пад назваю “Перспектыва Сары”, яна правяла інтэрв’ю з важнейшымі польскімі палітыкамі, між іншым, з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам. А стала славутай пасля таго, як старшыня партыі “Права і справядлівасць” Яраслаў Качыньскі сказаў ёй адысці, калі яна хацела задаць яму пытанне падчас размовы пра аборты. Гэта выклікала скандал і шырокі рэзананс.

Артыкул пра Сару называецца “Перспектыва бацькі”. У ім гаворка ідзе пра тое, што бацькі робяць з дзяўчынкі зорку і ікону свабоды слова, але пры гэтым паводзяць сябе крывадушна. Напрыклад, Францішак і Мажэна Малэцкія-Тшаскось (Franciszek Małecki-Trzaskoś, Marzena Małecka-Trzaskoś) цалкам кантралююць сацсеткі дачкі і тое, што яна глядзіць у інтэрнэце, не дазваляюць ёй мець смартфон, пры гэтым яна размаўляе з палітыкамі на цалкам дарослыя тэмы. Бацькі адзначаюць, што дзейнасць дзяўчынкі ў Сейме – гэта своеасаблівая тэрапія яе лагапедычных праблем. Аднак спецыялісты не цалкам з гэтым згодныя.

«У выпадку Сары, незалежна ад матываў бацькі, з гэтым трэба нешта зрабіць, а не засяроджвацца на тым, што спадар Качыньскі сказаў тое, што сказаў», — заявіла псіхолаг доктар Аляксандра Пятроўска сайту zdrowie.pap.pl. Аднак яе словы былі выразаныя з артыкулу. Фрагмент выказвання лагапеда доктара Дануты Эмілюты-Розы, які з'яўляецца галоўнай часткай тэксту, таксама быў выдалены. Экспертка распавяла аб тэрапіі дзяцей з праблемамі, таксама выяўленымі ў Сары: «...Вопыт у новым асяроддзі важны, каб дзіця ведала, што можа мець зносіны ў розных сітуацыях. Але, каб дзiця пайшло размаўляць у Сейме? Тут у мяне ўзнікаюць сумненні. Ці не ствараем мы такім чынам для яе надта складанай сітуацыі?”. Апошнія сказы былі выразаны. Чаму? Галоўны рэдактар Польскага агенцтва друку (​​PAP) Войцех Тумідальскі запэўнівае, што гэта не цэнзура, а «не найлепшае рашэнне» асоб, якія рэдагавалі тэкст.

Аўтарка артыкулу піша, што на пытанні наконт акрэдытацыі Сары Сейм не адказаў. Таму невядома, на якой падставе дзіцяці дазволілі працаваць у парламенце. А на сайце выдання напісана, што ёсць ўжо вынік тэксту - Канцылярыя Сейму змяніла сваю пазіцыю наконт выдачы дзіцяці акрэдытацыі. Дзяцей, якія працуюць журналістамі, у парламенце больш не будзе.

Anna Golus

нг