Існуе рызыка, што кожная восьмая жанчына захварэе на рак грудзей. Пра гэта сведчаць эпідэмічныя звесткі. Рак малочнай залозы - самае распаўсюджанае захворванне сярод жанчын. Адзін са спосабаў прафілактыкі - гэта скрынінг, які дазваляе выявіць рак на ранняй стадыі і эфектыўна яго лячыць.
На жаль, у Польшчы толькі 40 працэнтаў жанчын рэгіструюцца на бясплатную мамаграфію – адзначаюць медыкі.
Даследчыкі распрацоўваюць усё новыя лекі, лекары анколагі выкарыстоўваюць усё больш сучасныя метады тэрапіі, аднак важна выявіць хваробу менавита на ранняй стадыі. Гэта дазваляе прафілактычнае абследаванне, адзначае доктар Катажына Пагода з Нацыянальнага анкалагічнага цэнтра ў Варшаве.
— Прафілактыка - гэта аснова. Хірургу намнога прасцей выразаць невялікую пухліну і лячэнне будзе больш надзейнае. У такіх выпадках часта пасля аперацыі не застаецца нават следу. Мы імкнёмся ўгаварыць на гэта жанчын. Здаровае харчаванне, адсутнасць залішняй вагі - наогул, здаровы лад жыцця адыгрывае вялікае значэнне.
Тэрапеўт Януш Крупа падкрэслівае, што щ грамадстве ўсё яшчэ перамагае страх перад тым, каб не пачуць дыягназ аб раку. Пацыенткі не хочуць праходзіць абследаванні, бо баяцца.
— Вялікім бар'ерам менталітэту нашых пацыентак з'яўляецца страх. Мы пастаянна нагадваем, што дыягназ кожнай хваробы на яе пачатковай стадыі – гэта заўсёды вельмі важна. Гаворка ідзе пра ўсе захворванні: анкалагічныя ці кардыялагічныя, ці іншыя. Хуткі дыягназ дае вялікія шанцы на поўнае выздараўленне. Анкалагічнае захворванне выклікае адну і тую ж асацыяцыю – смерць, і гэта праблема, пацыент баіцца пачуць такі дыягназ.
Доктар анколаг прафесар Пётр Плюта з Цэнтра Маці-полькі ў Лодзі пацвердзіў, што жанчыны сапраўды баяцца мамаграфічнага абследавання, таму важна праводзіць інфармацыйную кампанію.
— Перад абследаваннем мамаграфіі мы часта забываем падрыхтаваць пацыентку і расказаць, якія ў яе могуць быць адчуванні. Ёсць група жанчын, якія рэальна адчуваюць боль нават пры любым дотыку. Я такім пацыенткам рэкамендую паўгадзіны да мамаграфіі прыняць абязбольваючую таблетку, каб абследаванне не было балюча і каб былі шанцы правесці яго больш дакладна, бо гэта мае вялікае значэнне.
Прафесар Плюта нагадаў пра значнасць таго, што зрабіла амерыканская акторка Анджэліна Джолі, якая ў сувязі з рызыкай генетычнага захворвання на рак малочнай залозы прафілактычна прайшла працэдуру мастэктаміі.
— Анджэліна Джолі тлумачыла, што трэба даведацца, ці хто ў сям'і хварэў на рак грудзей ці яечнікаў, што даступнае абследаванне і выкрыццё генетычнай мутацыі, якая выклікае рак грудзей не ў 60, а ў 30 гадоў. Патрэбна прайсці генетычны тэст, каб выявіць, ці ў нашым выпадку ёсць такая пагроза. Я лічу вялікім дасягненнем чалавецтва тое, што адна жанчына змяніла падыход пацыентак і медыкаў да генетычнага тэставання. Ёсць плён гэтага, бо такіх пацыентак у нас становіцца ўсё больш.
Напрыканцы мінулага года польскае Міністэрства аховы здароўя на 10 гадоў пашырыла ўзроставы прамежак для бясплатнай мамаграфіі. Праграма ахоплівае жанчын ад 45 да 74 гадоў. Медыкі падкрэсліваюць, што выкрыццё пухліны на ранняй стадыі дае вялікія шанцы на выздараўленне. Аднак неабходна вырашыцца на першы крок і прайсці абследаванне.
Гэтую праблему абмяркоўвалі медыкі і спецыялісты - удзельнікі анлайн-дыскусіі – «Рак малочнай залозы – ад комплекснай дыягностыкі да аптымальнага лячэння».
яс/IAR