Беларуская Служба

Танцы ў Пазнані: калі беларусы чуюць «Лявоніху», адразу далучаюцца…

18.09.2024 07:30
Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Познані запрашаюць усіх жадаючых пазнаёміцца з беларускай культурай праз тупанне-груканне, інакш кажучы — праз танцы.
Аўдыё
  • Беларускія танцы ў Познані.
       .
Так танцуюць беларусы свае народныя танцы ў Познані.Фота: БСПР/Павел Залескі

Усё пачалося з ідэі

Танцы ў Пазнаньцы — гэта майстар-класы па беларускіх народных танцах. Гульні, пачастункі і ўсё тое, чаго так не хапае па панядзелках. Такія аб’явы распаўсюджваліся ў сацыяльных сетках яшчэ летам, бо тады танцавалі проста на вуліцы, на галоўнай плошчы Познані.

Цяпер на вуліцы танцаваць не вельмі зручна, але беларускія народныя танцы на гэтым не скончыліся. Арганізатары кожны раз шукаюць памяшканне і паведамляюць адрас жадаючым праз сацыяльныя сеткі.

Адна з арганізатарак майстар-класаў, прафесійная танцорка спадарыня Наста, згадвае, што ўсё пачалося проста з ідэі, якая віравала ў яе галаве.

— Калі я пераехала ў Познань, увесь час глядзела на танцы ў іншых гарадах Польшчы. Мне вельмі падабалася гэтая культура, я шмат пра гэта думала, але не ведала, як такое распачаць у нашым горадзе. І толькі прыкладна праз год вырашыла з’ездзіць у Кракаў і паглядзець, як там беларусы арганізавалі падобныя танцы. Трапіла на вечарыну, дзе мы патанчылі і пагутарылі. Я натхнілася. А калі вярнулася ў Познань, то вырашыла разам з калегай арганізаваць майстар-класы па беларускіх народных танцах у нашым горадзе.

Каб народныя танцы жылі і людзі ведалі пра іх

Спадарыня Наста тлумачыць, чаму для майстар-класаў выбралі менавіта народныя танцы.

— Зразумела, што з часам мы пачалі ўключаць у майстар-класы танцы і іншых народаў, але спачатку асноўным танцам быў беларускі. Мы хацелі яго адрадзіць, каб ён жыў і каб людзі пра яго даведваліся.

Паводле яе слоў, жадаючых танцаваць беларускія народныя танцы было знайсці не складана. Многіх яна проста запрашала, а яшчэ размяшчала аб’явы ў сацыяльных сетках, і людзі прыходзілі.

— На першую вечарыну прыйшло вельмі шмат людзей, каб нас падтрымаць. І, у прынцыпе, ад вечарыны да вечарыны ў нас у сярэднім прыходзіць не менш за дваццаць чалавек. Відаць, што гэта людзям спадабалася, адгукнулася, і гэта бачна па тым, як людзі да нас прыходзяць, прыязджаюць з іншых гарадоў знаёміцца з нашымі майстар-класамі. Таму ўсё склалася як найлепш.

Месячык”, “Верабейка”, “Карапэт”, “Лявоніха”…

— А якія танцы вы развучваеце?

— Напрыклад, сёння танчылі «Месячык» — прыгожы танец з прыпеўкай, падчас якога можна і паспяваць, і патанчыць. Вельмі любяць у нас «Верабейку», «Карапэт» — манерны і прыгожы танец, «Лявоніху» — яе ўсе добра ведаюць. Цікава, калі мы танчылі на плошчы, беларусы, пачуўшы мелодыю «Лявоніхі», адразу падыходзілі. О, нешта знаёмае, роднае… Напэўна, усе ведаюць «Лявоніху». Так людзі таксама далучаліся да нас.

Калі хоць трохі патанцуеш – становішся шчаслівым

Я пацікавіўся ў спадарыні Насты, ці атрымліваюць людзі, на яе погляд, задавальненне ад беларускіх народных танцаў.

— Як я бачу, то напэўна атрымліваюць. Гэта заўсёды бачна па тым, як яны прыходзяць на новыя заняткі і прыводзяць сваіх знаёмых. Відаць, што людзі задаволеныя, удзячныя і шчаслівыя, бо танцы — гэта такі від дзейнасці, калі выпрацоўваюцца эндарфіны. І нават калі ты не ўмееш танцаваць або нават не любіш, але трохі патанцуеш — становішся шчаслівым. Людзі дзеляцца сваімі водгукамі ў сацыяльных сетках, пішуць, што ім вельмі падабаецца.

Нашы танцы ад польскіх вельмі адрозніваюцца

Спадарыня Наста адзначае, што і палякі таксама цікавяцца іх танцамі, час ад часу прыходзяць.

— Адзінае, нашы танцы вельмі адрозніваюцца ад польскіх. Нашы больш энергічныя і вясёлыя, у іх — больш разважлівыя, спакойныя. І, напэўна, нашы танцы ім складана танцаваць. Я аднойчы танчыла з палякам два нашых танцы, дык ён на другім ужо ледзьве не памёр, бо фізічна не вытрымліваў. Для іх гэта не звыкла, але ім падабаецца. Бо людзі, якія любяць традыцыйную культуру, цікавяцца не толькі сваёй.

Свая культура, усё сваё…

А вось спадар Іван, у якога па шчоках цячэ пот і які п’е ваду, расказвае, чаму ён прыходзіць на беларускія танцы.

— Я прыйшоў з дзіцём, яно захацела. Нам тут вельмі падабаецца. Нашы дзеці займаліся народнымі танцамі яшчэ ў Мінску. Вырашылі ўзгадаць, як гэта было. Вельмі файна, толькі цяжка…

Міла ходзіць на танцы пастаянна, уся ўзрушаная. Я спытаў, ці задаволеная яна.

— Божа, атмасфера, людзі тут класныя, беларусы, свая культура, усё сваё…

Спадарыня Таісія — украінка. Кажа, што ў захапленні ад беларускіх народных танцаў.

— Прыйшлі паглядзець на беларускія танцы. Падабаюцца, вельмі вясёлыя. У нас такіх танцаў я не ведаю. Я з Усходняй Украіны, з Харкава. У нас, напрыклад, «Гапак» танцуюць толькі прафесійныя артысты на сцэне. А каб усе жадаючыя танцавалі народныя танцы — такога не прыгадаю.

Марыя — самая маладая ўдзельніца, вучыцца ў чацвёртым класе. На танцы ходзіць з мамай ужо тры месяцы. Яна дзеліцца сваімі ўражаннямі:

— Мне тут вельмі падабаецца. Усё падабаецца: і танцы, і атмасфера, і добрыя людзі, і добрыя настаўнікі…

Спадарыня Вольга кажа, што на танцы ходзіць не ад самага пачатку, але ўжо даволі даўно. Прызнаецца, што ў Беларусі танцамі не займалася.

— Шчыра кажучы, гэта своеасаблівая, але непаўторная рэч. Энергія, якую тут атрымліваеш, — не важна, які быў дзень, і нават калі ты стомлены і ледзь цягнеш ногі, здаецца, што куды ўжо далей, але адсюль выходзіш зусім іншым чалавекам, абноўленым. Паразмаўляеш па-беларуску, патанцуеш народныя танцы — і проста ажываеш.

Сёння на танцы выпадкова, пачуўшы музыку, заблукаў іспанец. Ён здзіўлены, фатаграфуе і не можа нацешыцца ўбачаным. Пытаецца па-англійску, што гэта за танцы. Яму тлумачаць — беларускія народныя. І, здаецца, слова «беларускія» яму знаёмае. Сядзіць да канца і пляскае ў далоні…

Павел ЗАЛЕСКІ