Беларуская Служба

У Польшчы збіраюць подпісы пад зваротам да ўладаў краіны наконт дзяржаўнага фінансавання навучання беларускай мовы

24.09.2024 12:02
Беларускую мову ў дзяржаўных школах у Польшчы, згодна з заканадаўствам, могуць вывучаць толькі дзеці, грамадзяне Польшчы.
Аўдыё
  • У Польшчы збіраюць подпісы пад зваротам да ўлад краіны наконт дзяржаўнага фінансавання навучання беларускай мовы
Школафота: Яраслаў Іванюк/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Вывучаць беларускую мову ў дзяржаўных школах у Польшчы могуць толькі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці, гэта значыць вучні, бацькі якіх маюць польскае грамадзянства. Актуальна амаль у кожнай школе на Падляшшы вучацца дзеці, грамадзяне Беларусі, якія з бацькамі з'ехалі з краіны па розных, перш за ўсё палітычных прычынах, і не вывучаюць роднай мовы на ўроках у дзяржаўных школах. У Беластоку вучні, грамадзяне Беларусі, маюць магчымасць вывучаць мову ў Недзяржаўнай базавай школе імя Святых Кірыла і Мяфодзія, дашкольнікі ж ходзяць у Дзіцячы садок №14, дзе ёсць групы з польскай і беларускай мовамі навучання, і ў прыватны Садок імя Святых Кірыла і Мяфодзія.

«Наша школа недзяржаўная і дзеці, якія прыехалі з Беларусі і ў якіх няма польскага грамадзянства, ходзяць на ўрокі беларускай мовы», – гаворыць Яанна Марко, настаўніца беларускай мовы ў школе імя Кірыла і Мяфодзія.

«У кожным класе ёсць некалькі чалавек з Беларусі, мы працуем з імі, але ходзяць яны таксама на заняткі польскай мовы, каб добра здаць экзамены. Не ўсе дзеці з Беларусі добра валодаюць беларускай мовай, таму ў класе працуем усе разам», – падкрэслівае настаўніца.

«З аднаго боку вельмі добра, што нашы дзеці могуць вывучаць беларускую мову, а з іншага – сэрца баліць з-за таго, што вывучаць мову ў дзяржаўных школах могуць толькі дзеці, бацькі якіх маюць польскае грамадзянства, а ў школах ёсць шмат дзяцей, грамадзян Беларусі. Спадзяёмся, што ў хуткім часе нешта зменіцца ў лепшы бок», – сказала Ілона Карпюк з Абʼяднання АБ-БА.

Для таго, каб навучанне беларускай мовы стала даступным усім, Рух беларускай салідарнасці і Кардынацыйная рада (працоўная суполка «Захаванне беларускай мовы і культуры») збіраюць подпісы пад зваротам да ўлад Польшчы. У звароце прапануецца стварыць умовы для таго, каб беларускую мову маглі вывучаць не толькі грамадзяне Польшчы, але і ўсе беларусы, якія жывуць на тэрыторыі краіны.

Анна Пятроўская

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Беларусы ў Польшчы