Беларуская Служба

Фекальныя бактэрыі, мікраарганізмы, хімічныя забруджанні – некаторыя наступствы паводкі

24.09.2024 16:01
Жыхарам рэгіёнаў, якія пацярпелі ад паводкі, у першую чаргу пагражаюць харчовыя атручванні і інфекцыі.
Аўдыё
  • Паводкі нясуць шматлікія эпідэміялагічныя пагрозы
    .
Ныса – шкоды нанесеныя паводкай.PAP/Sławek Pabian

Паводкі, якія з'яўляюцца наступствам экстрэмальных з'яваў надвор'я, нясуць не толькі пагрозу жыццю, разбурэнні, сацыяльныя трагедыі і эканамічныя страты, але і шэраг небяспек для здароўя насельніцтва.

У паводкавай вадзе могуць знаходзіцца фекальныя бактэрыі, бактэрыі кішачнай палачкі, іншыя мікраарганізмы, а таксама хімічныя забруджанні. Вось чаму паводка павялічвае рызыку розных захворванняў.

Паводкі нясуць шматлікія эпідэміялагічныя пагрозы. Жыхарам рэгіёнаў, якія пацярпелі ад паводак, у першую чаргу пагражаюць харчовыя атручванні і інфекцыі. Каб прадухіліць гэтыя небяспекі, варта прытрымлівацца канкрэтных правілаў. 

Перш за ўсё, у пакінуты з-за паводкі дом можна вярнуцца, калі адпаведныя службы аб'явяць, што гэта бяспечна, нагадваюць санітарныя службы ў Польшчы.

Прэс-сакратар Галоўнай санітарнай інспекцыі (поль. GIS) падкрэсліў, што балота і глей пасля паводкі могуць быць забруджаныя бактэрыямі, мікраарганізмамі і хімічнымі рэчывамі, небяспечнымі для здароўя.

Таму падчас прыборкі аб’ектаў і тэрыторыяў пасля паводкі, перш за ўсё, трэба клапаціцца пра сваю бяспеку, дадаў Марэк Вашчэўскі(Marek Waszczewski):

- Трэба выкарыстоўваць гумовыя боты i пальчаткі; клапаціцца таксама пра зрок, то бок насіць ахоўныя акуляры. Чарговая пагроза, звязаная з прыбіраннем наступстваў паводкі – гэта небяспека слупняковай інфекцыі.

Усе прадметы, якія былі залiтыя - мэбля і прадметы штодзённага ўжытку, могуць быць забруджаныя і павінны быць выкінуты або, калі гэта магчыма, дэзынфікаваныя, нагадаў Марэк Вашчэўскі:

- Рэчаў, якія паглынаюць ваду, нельга эфектыўна дэзынфікаваць. Такім чынам, мы павінны выкінуць: адзенне, пасцельную бялізну, мяккую мэблю. Аналагічная сітуацыя і з дзіцячымі плюшавымі цацкамі – іх таксама немагчыма эфектыўна дэзынфікаваць.

Галоўная санітарная інспекцыя апублікавала адмысловыя рэкамендацыі, як дзейнічаць у выпадку затаплення будынкаў і як правесці дэзынфекцыю дома пасля паводкі.

Санітарная служба нагадвае, што ў санстанцыях на тэрыторыях, закранутых паводкай размяркоўваюць сродкі, неабходныя для дэзынфекцыі. 

Інспектары нагадваюць, што жыхары падтопленых тэрыторый могуць піць толькі бутыляваную ваду або ваду, якая дастаўляецца аўтацыстэрнамі. 

Жыхары з пацярпелых рэгіёнаў атрымалі ад Урадавага цэнтра бяспекі СМС-паведамленні з папярэджаннем не піць ваду з водаправодаў і прыватных калодзежаў, нагадаў Марэк Вашчэўскі:

- У рэгіёнах, закранутых паводкай, могуць узнікаць праблемы з доступам да пітной вады. У такой сітуацыі мы рэкамендуем карыстацца бутыляванай вадой. Нават, калі ў водаправодах вада есць, то яна можа быць непрыдатнай для піцця, або прыдатнай толькі пасля кіпячэння. Вельмі важна, каб не карыстацца вадой з залітых паводкай прыватных калодзежаў. Такая вада абсалютна непрыдатная для піцця.

 Тое ж самае тычыцца прадуктаў харчавання, перасцерагаюць службы.

Галоўны санітарны ўрач краіны Павeл Гжэсёўскі(Paweł Grzesiowski) нагадаў, што паводкавая вада – гэта, на самой справе, сцёкавыя воды:

 - Сальманела або кішачная палачка – гэта бактэрыі, якія могуць выклікаць харчовае атручванне, а нават сур'ёзныя інфекцыі, уключна з сепсісам.

Галоўны санітарны ўрач краіны супакоіў, што пакуль небяспекі эпідэміі на поўдні Польшчы няма. Усё ж пры неабходнасці можа праводзіцца экстранная вакцынацыя канкрэтных груп супраць слупняку, брушнога тыфу і гепатыту А:

- Перш за ўсё, гаворка ідзе пра насельніцтва падтопленых тэрыторый, у дадзеным выпадку, гэта прышчэпкі супраць брушнога тыфу і гепатыту А. Другая група, гэта функцыянеры, то бок члены пажарных камандаў, ратавальнікі, якія маюць больш працяглы кантакт з паводкавымі водамі.

Санітарная служба ў Польшчы праводзіць маніторынг сітуацыі з паводкай, ацэньвае патрэбы і збірае інфармацыю аб запатрабаванасці вакцын у рэгіёнах, пацярпелых ад паводкі.

Галоўная санітарная інспекцыя нагадвае таксама рэгулярна мыць рукі. Не забываць належным чынам абараняць свае раны і скуру, а таксама сачыць за наяўнасцю цвілі ў наваколлі, a пры з'яўленні сімптомаў інфекцыі неадкладна звяртацца да лекара.

Нельга таксама прымаць лекі, якія кантактавалі з паводкавай вадой.

Больш рэкамендацыяў можна знайсці на інтэрнэтнай старонцы санітарнай службы ў Польшчы.

IAR/аз

0,5% ВУП паглыне ліквідацыя шкодаў, нанесеных сёлетняй паводкай

19.09.2024 11:30
Кошт ліквідацыі шкодаў, нанесеных сёлетняй паводкай будзе меншы, чым у 1997 годзе, уступна ацэньваюць эканамісты.

Не адмаўляйцеся ад Сілезіі – заклікаюць прадстаўнікі турыстычнага сектара

24.09.2024 09:02
Зараз гасцінічнаму бізнесу на поўдні краіны вельмі патрэбныя даходы, пераконвае Ніжнесілезская турыстычная арганізацыя.