Беларуская Служба

Іншаземцам цяжэй будзе атрымаць працоўныя і студэнцкія візы ў Польшчы

01.10.2024 17:20
У апошнія гады атрымаць польскую візу было лёгка.
.
Ілюстрацыя.Фота: gov.pl

Польшча намерана ўвесці кантроль за іншаземцамі – піша Rzeczpospolita. Чакаецца, што даходы ВНУ значна зменшацца.

Міністэрства замежных спраў хоча ўвесці нормы, якія спыняць выдачу віз без праверкі. МЗС прапануе штрафы – да 100 тысяч злотых для кампаніі, якая прыцягвае нелегалаў пад выглядам працаўладкавання, а таксама 3 тысячы злотых за кожнага нелегала. Замежнік, які працуе нелегальна, заплаціць штраф у памеры 500 злотых.

Будуць правяраць і замежных студэнтаў. Студэнцкай візы не атрымае чалавек, які не валодае польскай мовай на ўзроўні B2 і не мае прызнанага атэстата аб сярэдняй адукацыі. Замежны студэнт аўтаматычна губляе візу і від на жыхарства, калі не пачне вучыцца. Дзеля праверкі консулы атрымаюць доступ да студэнцкай базы даных. Спецслужбы будуць сачыць за ўніверсітэтамі. Тыя, хто прымае «мёртвыя» душы, можа страціць права прымаць студэнтаў з-за мяжы на пяць гадоў.

Міністэрства замежных спраў мяркуе, што пасля ўвядзення гэтых правіл колькасць выдадзеных віз значна зменшыцца, а даходы ВНУ, асабліва прыватных (іх 211), будуць змяншацца штогод на 12-28 мільёнаў злотых (0,5-1,1 працэнта).

У 2026-2027 навучальным годзе пачнуць дзейнічаць правілы выдачы студэнцкіх віз. Урадавыя дадзеныя паказваюць, што са 103 тысяч замежных студэнтаў, якія вучацца ў Польшчы, прыкладна 28% паходзяць з краін, на якія не распаўсюджваецца Лісабонская канвенцыя.

Rzeczpospolita адзначае, што ў апошнія гады атрымаць польскую візу было лёгка. Па стане на 2017 год штогод іх выдалі каля 2 мільёнаў. Год таму больш за ўсё дазволаў на працу было выдадзена грамадзянам Індыі – 14,3% ад усіх, Непала – 11% і Філіпін – 9,1%. Многія з замежных рабочых працавалі нелегальна.

нг