Беларуская Служба

Як адроджаная Польшча развівала авіяцыйны і марскі транспарт (ФОТА/ВІДЭА)

15.11.2024 06:02
У адроджанай Польшчы ў 20-я гады мінулага стагоддзя разумелі, што транспартны прагрэс – гэта не толькі частка эканамічнага развіцця, але таксама і прэстыж маладой дзяржавы.
Аўдыё
  • Як адроджаная Польшча развівала авіяцыйны і марскі транспарт
  Lockheed L-10 Electra   LOT. 1936
Пасажырскі самалёт Lockheed L-10 Electra польскай авіякампаніі LOT. 1936 год Narodowe Archiwum Cyfrowe

11 лістапада ў Польшчы адзначаўся Дзень Незалежнасці. Менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе Польшча зноўку з’явілася на палітычных картах свету. Польшчы як краіны не існавала амаль 123 гады, бо яе тэрыторыю паміж сабой падзялілі еўрапейскія імперыі. І вось, пасля атрымання незалежнасці ў 1918 годзе ў Польшчы прыступілі да стварэння структур дзяржавы. Развіваць прыйшлося ўсе галіны грамадска-эканамічнага жыцця, у тым ліку і транспарт. І сёння мы пра гэта раскажам у гістарычнай рубрыцы.

. .

«Межы польскасьці вызначае дальнасць палётаў польскіх самалётаў» - так гучаў рэкламны лозунг даваеннай польскай авіякампаніі LOT. У адроджанай Польшчы ў 20-я гады мінулага стагоддзя разумелі, што транспартны прагрэс – гэта не толькі частка эканамічнага развіцця, але таксама і прэстыж маладой дзяржавы.

У 1928 годзе рынак авіяперавозак у Польшчы быў нацыяналізаваны. 29 снежня 1928 года ў выніку аб’яднання прыватных кампаній Aerolot, Aero і Сілезскага авіяцыйнага таварыства была створаная LOT Polish Airlines.

У варшаўскім аэрапорце, 1938 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
У варшаўскім аэрапорце, 1938 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

Перавозчык пачаў сваю дзейнасць 1 студзеня 1929 года. У першы год працы LOT перавёз 16 тыс. 428 пасажыраў.

Парк самалётаў, які ў тыя часы складаўся з больш чым 20 паветраных суднаў, пачаў абслугоўваць сетку ўнутраных і замежных маршрутаў. Нягледзячы на тое, што палёты ў тыя часы былі не самым танным задавальненнем (для прыкладу, цана білета з Варшавы ў Кракаў была эквівалентная месячнаму заробку настаўніка), то кампанія паступова пашырала маршрутную сетку і лічбу пунктаў прызначэння, куды можна было дабрацца з Варшавы, а таксама з іншых польскіх гарадоў.

Дырэктар LOT Вацлаў Макоўскі з пілотамі авіякампаніі, 1939 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe
Дырэктар LOT Вацлаў Макоўскі з пілотамі авіякампаніі, 1939 год. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe

У 1939 годзе маршрутная сетка LOT мела працягласць больш чым 10 тыс. км і ахоплівала 15 краін. Дарэчы, адкрыццё трансатлантычнай паветранай лініі было запланаванае на 1940 год, але, як вядома, планам перашкодзіла вайна.

Каб дабрацца недзе далёка, напрыклад, у ЗША ці Лацінскую Амерыку, неабходна было скарыстацца марскім пасажырскім транспартам. У 1930 годзе ў супрацоўніцтве з Даніяй было створанае Польскае таварыства трансатлантычнага параходства. Кампанія была арганізаваная для абслугоўвання дальніх ліній.

. .

У тыя часы працавала некалькі марскіх пасажырскіх маршрутаў. Першы з іх ішоў праз Капенгаген і канадскі Галіфакс у Нью-Ёрк. Першапачаткова яго абслугоўвалі тры судны: «Палонія», «Касцюшка» і «Пуласкі». Ужо тады ў Канадзе і перш за ўсё ў ЗША пражывала вялікая польская грамада, і стварэнне марской лініі мела служыць для сувязі амерыканскіх палякаў з радзімай.

Другая лінія была запушчаная ў 1933 годзе. Польскае параходства вырашыла выкарыстаць хвалю эміграцыі польскіх яўрэяў у Палестыну. Таму кампанія, якая, дарэчы, неўзабаве памянала назву на Параходства «Гдыня–Амерыка», адкрыла спецыяльны маршрут у палестынскія парты Хайфа і Яфа. Дарэчы, марскі рэйс пачынаўся не ў Польшчы, а ў румынскім порце Канстанца, куды польская чыгунка PKP прывозіла пасажыраў на цягніках.

Марскі вакзал у Гдыні. Другая палова 1930-х гадоў. Крыніца: Polona Марскі вакзал у Гдыні. Другая палова 1930-х гадоў. Крыніца: Polona

А трэцім марскім маршрутам стала гэтак званая Паўднёва-Амерыканская лінія, якая спалучыла Гдыню з Рыа-дэ-Жанейра і Буэнас-Айрэсам. У Лацінскай Амерыцы, таксама як і ў Паўночнай, пражывала шмат палякаў, таму інаўгурацыя маршрута не павінна здзіўляць. Дарэчы, адкрыццё спалучэння было звязанае не толькі са спробай звязаць амерыканскую польскую дыяспару з радзімай, але і з каланіяльнымі амбіцыямі даваеннай Польшчы, якія прадугледжвалі набыццё зямель у Паўднёвай Амерыцы. А наколькі важнай была лінія з Паўднёвай Амерыкай, можа сведчыць той факт, што для яе патрэб перад вайной былі набытыя два грузавыя судны, якія павінны былі перавозіць тавары з Польшчы ў Лацінскую Амерыку.

Варта нагадаць, што ў міжваенны перыяд Польшча практычна з нуля пабудавала новыя сучасны марскі порт. У 1920 годзе на моцы Версальскага пагаднення Польшча атрымала невялікі ўчастак узбярэжжа Балтыкі (140 км), але без ніякай інфраструктуры. Таму ўрад у Варшаве прыняў рашэнне пабудаваць горад і порт, які стаў бы «акном» у свет для маладой дзяржавы.

Задача па будаўніцтве порту была ўскладзеная на Эўгеніюша Квяткоўскага – вядомага польскага эканаміста і дзяржаўнага дзеяча. Нягледзячы на тое, што краіна была знішчаная вайной, былі кінутыя вялікія фінансавыя сродкі на развіццё гораду.

І так, калі ў 1921 годзе ў Гдыні пражывала 1 тыс. 268 жыхароў, то ў 1926 – ужо 12 тыс. чалавек, а ў 1939 – ажно 127 тыс. На той час Гдыня была адзіным гандлёвым марскім портам міжваеннай Польшчы.

Валеры Саўко

інфаграфіка: Польскае радыё

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу