Стартап Maviator з Гдыні распрацаваў прататып пасажырскай навінкі і рыхтуецца да вытворчасці, паведамляе «Rzeczpospolita».
Кампанія пачынае збіраць грошы на развіццё праекта.
Паветранай машынай, якая атрымала назву SkyRacer X1, можна кіраваць без неабходнасці атрымання пасведчання пілота, заяўляюць канструктары.
Каманда, якая распрацавала пасажырскі лятучы апарат не хавае, што імкнецца хутка ўвесці ў продаж гэты транспартны сродак.
Лятучы скутэр паспяхова прайшоў лётныя выпрабаванні. Электрычны апарат зможа знаходзіцца ў паветры каля 20 хвілін і развіваць хуткасць да 100 км/г. Канструктары мяркуюць, што SkyRacer будзе адаптаваны для людзей ростам да 195 см і вагой да 110 кг.
Марыюш Пулас, адказны за тэхналогію ў стартапе, параўноўвае SkyRacer з лятучым матацыклам Speeder Bike, вядомым фанатам «Зорных войнаў».
– Аднак нас натхнілі спартыўныя матацыклы і сімулятар палёту Супермэна, – кажа Пулас.
Аматарскі рэжым кіравання скутарам забяспечыць цалкам аўтаматычны палёт. Дзякуючы кампактным габарытам машына лёгка транспартуецца.
У польскай кампаніі заяўляюць, што цана паветранага апарата не будзе шакаваць.
– Яго кошт будзе параўнальны з цаной спартыўнай маторнай лодкі, заяўляюць канструктары.
Яшчэ адзін паляк Томаш Патан таксама распрацоўвае ўласны праект пасажырскага скутара. Інжынер з Познані распрацаваў канструкцыю пад назвай Jetson One, якая важыць усяго 115 кг і развівае хуткасць больш за 100 км/г.
Папярэднія заказы на гэты аднамесны лятальны апарат паступаюць з усяго свету.
яс