Беларуская Служба

Як зарабіць у Польшчы: асабісты досвед беларуса

06.04.2025 08:22
Прасцей працаваць у добрай фірме пагадзінна. Але, калі ты становішся ІП і працуеш на сябе, можаш больш зарабіць.
Аўдыё
  • Як зарабіць у Польшчы: асабісты досвед беларуса
   - , ,   ,      ,   .
У спадара Аляксея сярэдне-спецыяльная адукацыя, таму, як сам кажа, яму давялося працаваць у розных сферах, пераважна ў гандлі.Shutterstock/Kamil Zajączkowski

Добра, што некалі атрымаў пасведчанне электрыка

У спадара Аляксея сярэдне-спецыяльная адукацыя, таму, як сам кажа, яму давялося працаваць у розных сферах, пераважна ў гандлі. У Польшчу з’ехаў пасля таго, як пачалася вайна ва Украіне, бо было цяжка жыць у той атмасферы.

Працу адразу прапанавалі знаёмыя. У яго было пасведчанне электрыка, і гэта вельмі дапамагло.

— Я напрыканцы 80-х гадоў вучыўся на электрыка, праўда, ніколі не працаваў па гэтай спецыяльнасці, але гэта нікога не цікавіла. Я прыехаў, а праз пяць дзён ужо пайшоў на працу. Мне пашанцавала, можна сказаць, бо праца ўжо чакала.

Тут можна працаваць…

Фірма, паводле спадара Аляксея, была польская, але там працавалі як палякі, так і ўкраінцы. З украінцамі ён хутка знайшоў кантакт, паколькі гэта вельмі прыстойныя людзі, і ў Польшчу яны прыехалі задоўга да вайны.

— Нармальны калектыў, без праблем. Наогул, гэта была праца маёй мары. Работа не цяжкая, галоўнае было прыходзіць своечасова і адпрацоўваць свае 10 гадзін. Плацілі нармальныя грошы. Часам чытаю ў інтэрнэце, што людзі не могуць працаваць, бо цяжка, але я здзіўляюся, бо колькі маю тут ужо знаёмых – усе задаволеныя. Першы год я атрымліваў пяць тысяч злотых – гэта было прыкладна тысяча дзвесце даляраў. А зараз атрымліваю больш, бо працую сам на сябе.

Як ІП зарабляю больш, чым працуючы па найме

У пэўны момант на фірме пачаліся праблемы, і давялося зарэгістравацца прыватным прадпрымальнікам і прапаноўваць свае паслугі электрыка. Але ад гэтага працы менш не стала, паводле суразмоўцы.

— Будуюцца новыя дамы, і мы ў іх робім электрычную інсталяцыю. Як ІП, я плачу падаткі, а ўсё астатняе застаецца мне. Цяпер у месяц атрымліваю дзве тысячы даляраў.

Цікаўлюся ў спадара Аляксея, што, на яго думку, зручней у Польшчы – быць наёмным работнікам ці ўсё ж такі адкрыць ІП і працаваць на сябе? Ён тлумачыць вельмі даходліва.

— На мой погляд, прасцей знайсці добрую фірму і працаваць пагадзінна. Мне было вельмі проста. На працы ніхто цябе ў шыю не гоніць, ніхто занадта не напружваецца, працуюць спакойна, адбываюць гадзіны, а заробкі добрыя. Калі ты ІП, то тут ужо трэба працаваць, бо за гадзіны ніхто не плаціць. Калі ты стаіш і паліш, то за гэты час ты не зарабляеш. Але калі працуеш, то і зарабляеш, і, натуральна, больш. Вось такая розніца. Адкрыць ІП можна, не выходзячы з дома, праз інтэрнэт, а падаткі плаціць нескладана, бо сістэма простая і зразумелая. Самае складанае – знайсці працу пасля таго, як зарэгіструеш ІП.

У складаных сітуацыях не апускайце рукі

Прашу спадара Аляксея даць парады тым, хто толькі прыехаў у Польшчу і шукае працу. З чаго пачынаць? Дзе і як шукаць працу?

— Найперш трэба разумець, што ніхто вас тут адмыслова не чакае, а каб зарабіць грошы, варта настроіцца на тое, што трэба будзе працаваць. Што найперш магу параіць – у складанай сітуацыі не апускаць рукі. Ніколі. Таму што бываюць розныя сітуацыі. Мой знаёмы прыехаў і на першай фірме яму больш за месяц не плацілі заробак, на другой увогуле былі праблемы, і дагэтуль не заплацілі, а на трэцяй працуе, і ўсё здаецца нармальна.

Калі нічога не ведаеце – спытайце ў чаце беларусаў

— А як шукаць працу чалавеку, які ўпершыню апынуўся ў Польшчы?

— Калі зусім нічога не ведаеш, варта глядзець сайты, напрыклад, OLX і іншыя. Варта зарэгістравацца ў чаце беларусаў і задаваць пытанні. Хто пытаецца – таму адказваюць.

— Карацей, вялікага страху няма?

— Няма. Я жыву тут ужо тры гады. За гэты час мы з сям’ёй двойчы зляталі ў Егіпет і Марока на адпачынак. Грошай хапае, і можна адкладваць. Прычым, мы самыя звычайныя людзі, у нас няма нейкіх элітных прафесій, мы працоўныя.

Лепш добра ведаць польскую мову

Дарэчы, спадар Аляксей прызнаецца, што за тры гады так і не змог добра авалодаць польскай мовай.

— Скажам так, я ўсё разумею, але гаварыць складана. У мяне ёсць адзін знаёмы, які кажа: «Польская мова такая ж, як беларуская». Не верце. Польская літаратурная мова вельмі складаная, у ёй шмат асаблівасцяў. Калі, канешне, размаўляць на бытавым узроўні, то гэтаму можна навучыцца проста ад палякаў.

— А вы адчуваеце нейкія складанасці ад таго, што не валодаеце мовай?

— Так, асабліва гэта датычыцца працы. Часам трэба паразмаўляць з шэфам на вострыя тэмы, але мне не хапае слоў.

— А што датычыцца прафесійнай лексікі, як вы тут абыходзіцеся?

— Вучу. Са мной працуюць хлопцы з Украіны, яны тут даўно, падказваюць. Я цяпер на чатырох мовах размаўляю: па-беларуску, па-ўкраінску, па-польску і па-руску. Паціху вучуся, і нічога складанага няма.

Спадар Аляксей дадае, што адзін з яго знаёмых увогуле польскай мовы не ведае, але спакойна працуе на будоўлі.

— На будоўлі заўсёды патрэбны мантажнікі, бетоншчыкі, арматуршчыкі, іншыя спецыяльнасці, толькі давай. І там, як правіла, да 80% працуюць украінцы і беларусы. Таму там усё проста.

Мы тут не станем сваімі, але дзеці і ўнукі – так

Мы загаварылі пра эміграцыю, пра тое, што яна для яго значыць. Ён з сумам адказвае, што чым даўжэй знаходзіцца ў Польшчы, тым менш цягне на Радзіму.

— Калі пачалася вайна, я не змог больш знаходзіцца там і прымаць хоць і пасіўны ўдзел, як кажуць, у тым шабашы. І тое, што там працягвае рабіцца, усё больш і больш адштурхвае ад дому. Скажам так, што дом там, дзе табе лепш. Так, там Радзіма, але не хачу слухаць хлусню на кожным кроку, не хачу, каб белае называлі чорным, не хачу лічыць сябе дурнем. Тут цяжкасць у тым, што цалкам іншы вобраз жыцця. Дома ў нас заўсёды была свая кампанія, збіраліся, святкавалі, шашлыкі рабілі, а тут такога няма.

— А сярод палякаў у вас ёсць такія сябры з кім бы зрабіць той самы шашлык?

— Не сярод палякаў няма. У нас сябры ўкраінцы і беларусы. Зімой, канешне, больш дома, а летам селі на машыны, едзем да возера, робім шашлык – гэта не праблема. Але ўсё роўна гэта не тое, што было дома. Там было ўсё сваё, а тут усё чужое. Як спявае Лявон Вольскі: і тут ты чужы і там ты чужы. Так, тут мы ніколі не будзем сваімі, толькі ўжо нашы дзеці і ўнукі, бо ўсё роўна тут усё чужое…

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыё!