Беларуская Служба

Лукашэнка: З Пуціным дамовіліся - не ламаць дамову аб Саюзнай дзяржаве

09.07.2019 12:01
Заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.
Аляксандр ЛукашэнкаАўтар: Okras - Уласны твор, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34558726

Беларусь і Расія дамовіліся, што не будуць „ламаць” дамову аб Саюзнай дзяржаве, а будуць крок за крокам развіваць інтэграцыю, заявіў Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня на сустрэчы з дзяржсакратаром СД Рыгорам Рапотам, паведамляе БелаПАН.

„Сутнасць заключаецца ў тым, што мы дамовіліся з прэзідэнтам Пуціным аб тым, што мы не будзем ламаць дамову, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму што калі мы ўлезем у ломку дамовы, мы разбурым наогул усё, што створана за гэты час. Гэта, па-першае, а па-другое, дагавор жа ў поўным аб'ёме не рэалізаваны. Ён сёння актуальны. Таму прэзідэнты вырашылі, што нельга чапаць дагавор, а трэба проста выпрацаваць дакументы, матэрыялы — мы назвалі гэта праграмай дзеянняў па далейшай інтэграцыі Беларусі і Расіі ў рамках саюзнай дамовы”.

„Мы адказалі на самае галоўнае пытанне, якое, ведаеце, падкідвалася з усіх бакоў (не ведаю, з якой мэтай): увойдзе Расія ў склад Беларусі ці Беларусь у склад Расіі або не. Мы адказалі, што гэтага сёння рабіць наогул не трэба. Нават размаўляць на гэтую тэму. І Пуцін на гэтае пытанне адказваў. І я тым больш. Няма такой неабходнасці. Ну і па шэрагу іншых пытанняў. Мы вырашылі так, што мы павінны ісці крок за крокам. Для таго, каб рэалізаваць палажэнні саюзнай дамовы”, - сказаў Лукашэнка.

На сустрэчы таксама адзначалася важнасць вырашэння бягучых пытанняў у супрацоўніцтве з Расіяй, а не толькі стратэгічных. „Трэба вырашаць і бягучыя пытанні, якіх у нас з Расіяй нямала, — сказаў Лукашэнка. — Напрыклад, у нас сёння каля 80 прадпрыемстваў закрытыя Рассельгаснаглядам ці нейкім там органам у Расіі, а можа быць, і ўрадам. Хутчэй за ўсё, урадам. Закрытыя да паставак нашай прадукцыі ў Расію. Прытым па надуманых падставах. Бо можна прыняць і абгрунтаваць любое рашэнне”.

У канцы 2018 года расійскі бок ініцыяваў тэму больш цеснай інтэграцыі Расіі і Беларусі ў Саюзнай дзяржаве. У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.

21 чэрвеня прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў правёў у Мінску перамовы з беларускім калегам Сяргеем Румасам. „Перамовы прайшлі добра. Мы разумеем адзін аднаго, чуем адзін аднаго, і абсалютна шчыра, не для таго каб выканаць дыпламатычны этыкет, скажу, што мы нарэшце па інтэграцыйнай тэматыцы гаворым на адной мове”, — сказаў Мядзведзеў па іх выніках.

Сустрэўшыся затым з Лукашэнкам, расійскі прэм'ер заявіў, што самыя складаныя пытанні інтэграцыйнага парадку дня пакінутыя прэзідэнтам.

Ва ўрадзе Расіі заяўляюць, што рашэнні ўрада па фінансава-эканамічных узаемаадносінах з Беларуссю, у тым ліку па крэдытах і цэнах на газ, могуць быць прыняты пасля ўзгаднення бачання далейшай інтэграцыі з Расіяй.

аз