Вялікабрытанія вітае гатоўнасць Уладзіміра Зяленскага дамагацца прагрэсу ў урэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. Пра гэта БелаПАН заявілі ў МЗС Вялікабрытаніі на просьбу пракаментаваць прапанову ўкраінскага прэзідэнта аб правядзенні сустрэчы ў Мінску кіраўнікоў Украіны, Расіі, ЗША, Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі, піша партал naviny.by.
«Мы вітаем гатоўнасць прэзідэнта Зяленскага дамагчыся прагрэсу ў урэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны і заклікаем Расію да пазітыўнага ўзаемадзеяння, – адзначылі ў брытанскім МЗС. – Мы працягваем падтрымліваць мінскі мірны працэс і працу Германіі і Францыі ў фармаце «нармандскай чацвёркі».
8 ліпеня Уладзімір Зяленскі выступіў з відэазваротам, у якім прапанаваў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў Мінску. «Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Абмяркуем, чый Крым і каго няма на Данбасе, – сказаў прэзідэнт Украіны. – Кампанію для размовы прапаную наступную: я, вы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм'ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон».
Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Зяленскага правесці ў Мінску міжнародную сустрэчу па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.
У сваю чаргу прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ініцыятыва Зяленскага будзе разгледжаная.
ав