Беларуская Служба

Упраўленне па абароне канкурэнцыі і спажыўцоў высветліла, што няма змовы прадаўцоў вугалю

25.10.2022 15:21
Адна тона вугалю ў Польшчы каштуе ў сярэднім каля 3 тыс. злотых ($620). Ці цана звязаная з наўмысным дзеяннем уладальнікаў складоў?
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/Albin Marciniak

Адна тона вугалю ў Польшчы каштуе ў сярэднім каля 3 тыс. злотых ($620). Ці цана звязаная з наўмысным дзеяннем уладальнікаў складоў.

Улады прыкладаюць шмат намаганняў, каб не толькі забяспечыць палякаў вугалем на зіму, а таксама не дапусціць некантраляванага росту цэн гэтай сыравіны.

Быў створаны адмысловы сайт cieplo.gov.pl, на якім абавязаны зарэгістравацца ўсе прадаўцы вугалю і падаць цану, па якой яны прадаюць вугаль. Пакупнік можа напісаць скаргу ў выпадку, калі цана пазначана на сайце і цана на складзе не супадаюць.

У народзе з'явіліся меркаванні, што цэны на вугаль высокія, таму што існуе змова ўладальнікаў складоў.

З ліпеня Упраўленне па абароне канкурэнцыі і спажыўцоў (поль.UOKIK) праводзіць расследаванне сітуацыі на вугальным рынку.

Старшыня UOKiK Томаш Хрустны (Tomasz Chróstny) заявіў, што сабраная інфармацыя паказала, што прычынай падвышэння цэнаў на вугаль зʼяўляецца сітуацыя на рынку, а не змова прадпрымальнікаў:

- Прычынай росту цэн на вугаль найперш стаў вялікі рост цэн, па якіх закупаюцца ўладальнікі складоў. Цэны моцна выраслі пасля выбуху вайны ва Украіне. Рост цэн суправаджаў недахоп вугалю на складах.

Значна паменшала колькасць закупак найперш таму, што зменшыліся магчымасці і пастаянныя крыніцы паставак. 75% прадпрымальнікаў сказалі, што польскія і замежныя пастаўшчыкі адказаліся пастаўляць ім вугаль.

Кантралёры UOKiK не выявілі выпадкаў захоўвання вугалю на складах з мэтай даражэйшага продажу.

IAR/яс

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі