Канцлер Германіі Олаф Шольц прыбыў у панядзелак раніцай з раней неабвешчаным публічным візітам у Кіеў, дзе сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і абвесціць аб далейшых пастаўках зброі.
Пра свой прыезд ва ўкраінскую сталіцу кіраўнік урада ФРГ заявіў на платформе Х. Ён напісаў, што Украіна можа спадзявацца на яго краіну, і яго прыезд таму доказ.
«Украіна можа на нас спадзявацца. Мы гаворым тое, што робім. І мы робім тое, што гаворым. Каб яшчэ раз праясніць гэта, я паехаў сёння ўвечары ў Кіеў: на цягніку праз краіну, якая больш за 1000 дзён абаранялася ад агрэсіўнай вайны Расіі», — сказаў Шольц.
«Германія застанецца самай моцнай апорай Украіны ў Еўропе. На сустрэчы з @ZelenskyyUa (прэзідэнт Зяленскі) я анансую далейшыя пастаўкі абароннага абсталявання на 650 млн еўра, якія будуць завершаны ў снежні», — паведаміў канцлер.
Паведамляючы пра візіт Шольца, украінскія СМІ падкрэсліваюць, што ён па-ранейшаму застаецца пры сваёй адмове паставіць Украіне крылатыя ракеты вялікай далёкасці Taurus. Яны таксама нагадваюць пра крытыку Уладзіміра Зяленскага тэлефоннай размовы Шольца з расійскім лідарам Уладзімірам Пуціным 15 лістапада.
ав