Беларуская Служба

7 верасня 1764 году Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай

07.09.2019 16:03
Выбары Панятоўскага былі вынікам глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Рэчы Паспалітай.
  ,
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, каранацыйны партрэтBy Unidentified painter - http://www.muzeumwp.pl/images/kalendarium/492,wywiezienie-stanislawa-augusta-poniatowskiego-do-grodna,1,1338658935.jpg, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=20338743

З аднаго боку ён быў ініцыятарам і суаўтарам палітычных рэформаў, праведзеных Чатырохгадовым соймам, адным з галоўных аўтараў Канстытуцыі 3 траўня, быў мецэнатам навукі і мастацтва.

А з ругога боку, Станіслава Аўгуста крытыкуюць за няздольнасць прадухіліць падзелы і ў выніку падзенне Рэчы Паспалітай, а таксама за тое, якім чынам ён быў абраны каралём. Польскі трон атрымаў у выніку ваеннай інтэрвенцыі Расійскай імперыі і асабістай падтрымкі царыцы Кацярыны ІІ.

Выбары Панятоўскага былі вынікам глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу ў Рэчы Паспалітай.

Хаця за кандыдатурай Панятоўскага хаваліся патрыятычныя сілы, якія імкнуліся да рэформаў, тым ня менш, яны пралічыліся.

Як вядома, Аўгуст Панятоўскі быў каханкам расейскай княжны Сафіі (Кацярыны) Анхальт-Цербсцкай, якая ў 1762 годзе стала імператрыцай Расіі Кацярыны ІІ.

Расія імкнулася цалкам кантраляваць Рэч Паспалітую. Дзеля гэтага пасля смерці Аўгуста ІІІ Саса Расія рабіла высілкі, каб будучым каралём стаў Панятоўскі. Дзеля гэтага была выкарыстана ўплывовая група магнатаў на чале з сям’ёй Чартарыйскіх, якая была названая «Фамілія». Абапіраючыся на расейскую дапамогу, у тым ліку вайсковую, Чартарыйскія разлічвалі на тое, што змогуць прывесці да ўлады Панятоўскага і праз гэта ажыццявіць рэформы ў краіне: узмацніць цэнтральную ўладу, скасаваць залатыя свабоды шляхты і лібэрум вета і г.д.

Гэтай групе супрацьстаяла Гетманаўская група на чале з гетманам Янам Браніцкім, якая выступала за захаваньне традыцыйных формаў кіраваньня.

У выніку інтрыгаў і подкупу Чартарыйскім удалося увесці ў краіну расейскія войскі. Гэта прывяло да кароткай грамадзянскай вайны ўнутры Польшчы.

7 верасня 1764 года непасрэдна пры падтрымцы расійскіх войскаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём.

Фактычна гэтыя выбары нельга было прызнаць правамоцнымі. Тым ня менш 25 лістапада 1764 году, у дзень імянін імператрыцы, прымас Польшчы Уладзіслаў Любеньскі каранаваў Панятоўскага. З гэтага моманту, негледзячы на павярхоўныя рэформы, расійская прысутнасьць у Рэчы Паспалітай была дамінуючай. Галоўнай фігурай у палітыцы Рэчы Паспалітай быў расійскій амбасадар Рэпнін, які не толькі прасоўваў расійскія інтарэсы, але непасрэдна фінансаваў караля.

У 1767 годзе быў сабраны так званы «Рэпнінскі сойм», які замацаваў асноўныя правы шляхты, то бок, спыніў працэс рэформаў. Абаронцам правоў шляхты абвяшчалася Кацярына ІІ. З гэтага моманту Рэч Паспалітая стала пратэктаратам Расіі, што ў выніку прывяло да падзелаў і знішчэння Рэчпаспалітай.

Пасля заключэння Трэцяга падзелу (1795 г.), які азначаў канец існавання Рэчы Паспалітай, кароль пакінуў Варшаву і адправіўся ў Гродна пад ахову і нагляд расійскага губернатара, пасля чаго адрокся ад трона 25 лістапада 1795 г. Апошнія гады ён правёў у эміграцыі ў Пецярбургу. Памёр 12 лютага 1798 года.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара